Вушы мала не звялі ад чутага ў соты раз апавяшчэння. Пані Роспач нашэптвала непрыстойную прапанову, замінаючы роздумам. Калі не пралезці ва ўнутраныя адсекі робата, то вяртацца на базу давялося б пешкі. Без сувязі з Марынай гэта было раўназначна смерці. Адужаць адлегласць «пешкарусам» галоднаму і сасмягламу чалавеку здавалася зусім нерэальным. У змяшаных пачуццях ён пару разоў ударыў кулаком робату ў плячо. Відарыс эмблемы павольна адсунуўся ўлева, вызваляючы ўваход у шлюзавы адсек, пра што паведаміла сістэма самога робата. Яна, як высветлілася пазней, таксама шукала спосабы адолець несупадзенне пратаколаў дасягу. Баяцца зямляніну было і запозна, і бязглузда.

Ягор, прайшоўшы праз знаёмую паслядоўнасць адсекаў, апынуўся ў памяшканні, якое менш за ўсё нагадвала кабіну. Яно складалася з некалькіх блокаў – стырнавога, жылога, гаспадарчага і тэхнічнага. Зразумеў па маркіроўцы на адпаведных дзверцах. Пляцоўку паміж імі і створкамі фільтрацыйнага адсека, на якой у роздуме прыпыніўся Руткоўскі, асвятляла цьмяная лямпа, якая ўключылася акурат з яго з’яўленнем там. Сістэма скафандра аўтаматычна зрабіла неабходныя замеры. На борце меха і паветра ставала, і ціск быў у норме, і тэмпература трымалася на аптымальнай для жывога чалавека адзнацы. Чалавек, аднак, не спяшаўся скідваць шлем. Пад нагамі валялася шмат рознага смецця – раздзёртыя пакункі, кавалкі скрынак, бруд Варшавы і гразь Масквы, як гэта назваў беларус, цытуючы на ўласны капыл славутага ўкраінца ў пераказе іншага беларуса, які хоць і не лятаў на Марс, але жыццёвы шлях скончыў дакладна ў палёце. Гэткая паралель прымусіла горка ўхмыльнуцца. Гармідар жа на пляцоўцы штурхаў да думкі, што на борце мог перабываць нехта жывы. Жывы і неахайны.

Руткоўскі рушыў у стырнавы адсек. Запалілася ўжо знаёмае цьмянае святло. Гармідар панаваў яшчэ большы, але камп’ютар быў цэлы. Разгледзеўшыся, ці не стаіўся тут хто, даследчык падышоў да камп’ютара. Выявілася, што борт мае пастаянную крыніцу паветра дзякуючы непашкоджанаму працоўнаму аксігенатару. Мужчына нарэшце зняў шлем. Рабіў гэта з пэўным трымценнем. Быў упэўнены, што зараз зможа шчасліва ўдыхнуць на поўныя грудзі. Але першым, што давялося зведаць, стаўся смурод! Смурод, які ўдарыў па носе, уварваўшыся ў спраглыя па дастатковай колькасці паветра наздрыны! Бяздольнік прычмурэў ад неспадзяванкі. Мусіў затрымаць дыханне, а потым дыхаў цераз раз, пакуль не скеміў, як увамкнуць вентыляцыю. Смурод гэты нельга было ні з чым пераблытаць – якраз так смярдзела кацінае лайно.

– Варгін? – гукнуў Ягор, спалучаючы інтанацыі няўпэўненага запытання і гранічнага здзіўлення.

– Мур-мяў-яў, каў-няў-курняў, – пачуўся пазнавальны, але вельмі ціхі голас, які выдаў нязвыклую для гаспадаровага вуха трасянку.

Кот ляжаў на панэлі навігацыі. Схуднелы, брудны, пляшывы. Са слядамі крыві, якая запяклася. З заплюшчаным левым вокам, якое загнаілася. Але жывы, што само па сабе было больш чым неверагодна. Калі чалавека без скафандра на паверхні Марса старая з касой напаткае цягам пятнаццаці секунд, то яе кашэчы пабрацім мусіў бы расправіцца з катом яшчэ шпарчэй. Увесь выгляд Варгіна сведчыў, што расправа яго зачапіла дабрэнна, але ён спрамогся даць ад яе лататы. Як? Чалавек не разумеў.

Ад цяжкавоза, з якога выскачыў тады каток, да робата-меха было метраў дваццаць адлегласці. За які час жывёлінка адужала гэтыя метры? Ягор недзе чытаў, што свойскія каты ў рыўку могуць дасягаць хуткасці пад пяцьдзясят кіламетраў за гадзіну. Калі гэта праўда, то Варгін, скочыўшы з марсахода, мог дабегчы да меха літаральна за дзве-тры секунды. Але чаму ён апынуўся ўнутры робата? Не маючы адказу, зямлянін залез у базу звестак меха. Знайшоў, што санары тут працавалі на выяўленне любой актыўнасці вакол калодзежа, а сістэма была гатовая пусціць зямных гасцей у кабіну. Гэтай гатовасцю ўдала скарыстаўся шылахвост Варгін. Мяркуючы з запісу, кот сапраўды імчаўся з шалёнай хуткасцю, нібыта дакладна ведаў, што ўцякае ад смерці і дзе трэба шукаць паратунак.

– Ты самы шчаслівы кот у нашай частцы Сонечнай сістэмы, – з усмешкай прамовіў Ягор. – А можа, і ў цэлым Сусвеце…

– Мяў, – не пярэчыў бедачына, пераключыўшыся на звыклы дыялект.

Мала таго, што ён унік смерці на адкрытай паверхні Марса, тут, унутры робата, яму пашчасціла знайсці запасы ежы. Пашкуматаныя пакункі, шматкі якіх паўсюль валяліся, былі пакункамі ад галет ды іншых прадуктаў сухога пайка. Тое, што Варгін умее карыстацца кранам для вады, гаспадар і так даўно ведаў. Руткоўскі мусіў прызнаць, што ў выратаванні чатырохногага прайдзісвета няма нічога містычнага. Прызнаўшы, супакоіўся. Супакоіўшыся, выпіў вады і ўзяўся за сувязь з Марынай. Але база маўчала.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже