Зямлянін зрабіў усё, каб збольшага навесці парадак усюды, дзе наброіў кот. Сухога пайка пры эканомным спажыванні хапіла б на пару тыдняў. Запасы вады былі не надта вялікімі, а аквагенатарам тут месца не знайшлося. Вяртанне на базу станавілася першаснай мэтай. Кіраваць робатам Руткоўскі не ўмеў, а інструкцый нават у камп’ютары бракавала. Не кажучы ўжо пра грунтоўны падручнік. Таму галоўны спадзеў на вяртанне звязваўся з прыбыццём Марыны. Марыны, да якой было не дакрычацца. І другая, і трэцяя, і сорак трэцяя спробы наладзіць сувязь з «прыстанішчам» заканчваліся правалам.
Змагаючыся са змрочнымі думкамі, адбіваючыся ад чорных здагадак, археолаг чарговы раз узяўся засвойваць веды з чужой для сябе парафіі. Урэшце ж, гэта ён, распускаючы хвост перад каханай, выхваляўся, што абыходжанне з раней незнаёмай тэхнікай для яго на Марсе зрабілася рэччу простай, чыстай дробяззю. Вось і абыходзіўся. Спрабаваў і памыляўся. Памыляўся і спрабаваў. Шмат лаяўся, выклікаючы паблажлівае мружанне Варгіна. Калі ж прынцып кіравання робатам паддаўся яго разуменню, узнікла іншая праблема: як выбрацца з яміны?
Працуючы над яе вырашэннем, Ягор адзначыў для сябе, што мех не быў баявым робатам, а прызначаўся для працы. Навуковец не сумняваўся, што ў ідэале гэтая машына стала б зарукаю ў здабычы дысбуэндыю. Але з вядомых прычын не стала. Папоркаўшыся, ён адшукаў функцыі карыстання свідрам і разаком. Выразанне парод дзеля вызвалення з калодзежа робата ўяўлялася радаснай, хоць і няхуткай дзеяй. Асабліва на тле поўнай глухаты базы. Калі ж праз тры солы праца скончылася, Руткоўскі з дрыжыкамі ў далонях пачаў кіраваць перасоўваннем машыны. Асцярожна падымаючы ногі, мех пераадолеў выразаныя ў пародзе прыступкі і апынуўся на паверхні. Кот, адчуваючы эйфарыю чалавека, падтрымаў яго ўсцешлівым вуркатаннем.
Адсутнасць сувязі да моманту вываду робата з пасткі Руткоўскі тлумачыў збоем, выкліканым знаходжаннем у яміне. Аднак і пасля вызвалення сувязь не наладзілася. Правяраючы кіраванасць, зямлянін «выгуляў» машыну па наваколлі. Павадзіў каля разбітага беспілотніка, чый палёт перарваў хіжы невідочны віхор. Падступаўся да калодзежа, у пастцы якога робат-мех калісьці страціў сваю аўтаномію. Глядзеў на адбіткі, што дзе-нідзе пакідалі ступакі механічных ног. «Гэта ж не віхры хадзілі. Гэта ён да нас у буру бегаў, – без радасці дапяў археолаг і нязграбна прыхрабрыўся: – Во Гваздулька здзівіцца!»
Храбрыцца была прычына. Адчуванне трывогі няспынна нарастала, калі-нікалі набліжаючыся да панічнай атакі, якіх Ягор не зведваў нават у сваіх колішніх
Калі на даляглядзе замаячылі абрысы базы, сэрца пачало сябе паводзіць так, быццам у ім, стоячы на вузенькім мастку, сутыкнуліся варожыя войскі. Кожны новы крок робата пацвярджаў, што з базай усё добра. Ніякіх пашкоджанняў. Сонечныя батарэі цэлыя. Ветракі круцяцца. Нават зонд лунае дагэтуль. Неба пяшчотнага адцення карычневага. Калі, вядома, у карычневага можа быць пяшчотнае адценне. Адначасова ж грыз сумнеў. Бо пашкоджанні маглі быць і няяўнымі. Адной маленькай непаладкі хапіла б, каб вынішчыць жыццё ўсярэдзіне ўсіх адсекаў базы.
Сляды цяжкавоза ледзь заўважаліся. Іх парадкам замяло. Запыленымі былі і камяні на межах пралягання водаправода. Яшчэ адна спроба выйсці на сувязь. Яшчэ адна няўдача. Ягор хацеў спадзявацца, што на гэта была нейкая вытлумачальная прычына. Ягор не хацеў напалохаць Марыну з’яўленнем невядомай для яе гаргары. З іншага боку, ён разумеў, што набліжэнне робата ўжо мусілі б зафіксаваць як санары і сканеры базы, так і камеры зонда. Калі яны, канешне, заставаліся ўключанымі. Жанчына, убачыўшы меха, магла спужацца і затаіцца, чакаючы разгортвання падзей.
Руткоўскі спыніў машыну. Калі ўжо не было сувязі, то падаць сігнал трэба было нейкім іншым чынам. Задумаўшыся, даследчык праз якую хвіліну заўсміхаўся і стаў клацаць па клавіятуры. Задаваў алгарытм незвычайных рухаў. Вельмі рызыкаваў памыліцца. Адзін недакладны параметр – і робат мог грымнуцца вобзем, як мех з бульбай.