Вярнуўшы меха ў звычайны рэжым, мужчына наблізіўся да базы яшчэ на колькі метраў. Сістэма адразу ж запытала ў яго дазвол на спробу стыкоўкі, высвеціўшы на маніторы меркаванае для гэтага месца – аканцоўе «дальнякоў». «Дык вось чаму ён туды так шчаміўся і грукаў!» – здзівіла зямляніна адкрыццё. Запыт адхіліў. Спыніўшы робата каля ангара, гаспадар змясціў незадаволенага Варгіна ў адшуканы ў гаспадарчым адсеку смарт-бокс – разумную скрыню для «ручнога транспартавання біялагічных узораў зямнога паходжання» (прынамсі, так было пазначана дробным шрыфтам на ёй) – і без лішніх цырымоній скіраваўся вонкі.

Перашкод па дарозе не сустрэў. Хутка апынуўся ў ангары, а потым і ў асноўным блоку базы. Ніякіх сведчанняў разгерметызацыі ці іншага кшталту аварый. Выпусціў ката. Зняў шлем і паклікаў Марыну. Яна не азвалася. Тады ён асцярожна пачаў абыходзіць базу. Адсек за адсекам. Ні табе фатальных змен, ні слядоў барацьбы, ні яшчэ чагосьці такога гэткага. Але звычайнага ладу не было. Сям-там у вочы кідалася смецце. Нямыты посуд не толькі грувасціўся на кухні, але і стаяў ці ляжаў абы-дзе па іншых памяшканнях. «Цяпліцы» мадзелі ў занядбанні – чарговы ўраджай агуркоў загінуў несабраным. Разам з тым, «Біясфера-М» працавала ў штатным рэжыме.

«Дзе ж гаспадыня?» – з цяжкасцю вымавіў мужчына, адрасуючы пытанне сабе і нікому. Кот млява соўгаўся за ім, нібы баяўся, каб яго не пакінулі аднаго. «Варгін, ты чуеш, дзе Марына?» – ад невымоўнай роспачы Ягор звярнуўся да гадаванца. Той абдарыў гаспадара сумным позіркам і папрасіўся ў калідор. Ігнаруючы складскі, тэхнічны ды іншыя адсекі, кот пакульгаў на «дальнякі». Разам яны ўперліся ў задраеныя і заблакаваныя дзверы. «Зялезныя замкі не размыкаліся. Цісовыя дзверы не расчыняліся». Бяздушная сістэма выдала ветлівае папярэджанне, патлумачыўшы, што адсек нельга адкрыць праз крытычна высокі ўзровень вады ў ім. Сэрца зямляніна абарвалася, упала на падлогу і стракатым мячыкам пакацілася па калідоры ў апраметную.

<p>25</p>

Шкаленне апошніх абраннікаў ішло на ўвесь скач і доўжылася сто дваццаць дзён. Засвойваючы асноватворныя веды з геаграфіі, геалогіі і кліматалогіі Марса, навучаючыся карыстацца абсталяваннем, зведваючы штодзённыя фізічныя нагрузкі ў спортзале, басейне і на палігоне, Ягор не меў моцы і часу задумацца, ці столькі ж гадзін інструктары выдаткавалі на яго будучых калег па палёце, каго адабралі ў першых шэрагах. Бо яму і парачцы незнаёмцаў, якімі нарэшце закрылі папярэдні экспедыцыйны спіс, рыхтавацца да выправы на Марс даводзілася ў галопе па Еўропе, а дакладней – у аўрале па Аўстраліі.

Падрыхтоўку арганізавалі так, што вольнага часу не было. Што ні дзень, то распісаны да хвіліны графік. Што ні дзеянне, то неабходнасць гранічнай засяроджанасці. Сняданак ці мыццё ў душы, чытанне кніжак ці прабежка праз паласу перашкод – усё магло раптоўна перарвацца сігналам вучэбнай трывогі з абвяшчэннем пэўнай праблемы. І яе, усё кінуўшы, трэба было тэрмінова вырашыць! За час шкалення трывога мела спрацаваць не менш за дзвесце разоў. Далейшы лёс адабранага залежаў ад таго, якому адсотку заяўленых праблем ён даў рады.

Руткоўскі сяк-так агораў сотню выпрабаванняў: пагроза разгерметызацыі, прарыў каналізацыі, абясточванне, перагрэў рухавіка марсахода і яшчэ богвед што з буслом на хвойцы. Але ўсё адно не дацягваў да прахаднога мінімуму. Без увагі на гэта яго ўнеслі ў канчатковы спіс. У адказ на шчырае здзіўленне абыходліва патлумачылі, што вынікі развязання ім паловы праблемных сітуацый перагледзела кантрольна-арбітражная камісія і вызначыла ўпярэджанае стаўленне з боку асобных інструктараў. «Там жа эйджызм чыстай вады», – выбачаючыся за прыкрае непаразуменне, глыбакадумна заўважыла адказная прадстаўніца. «Мне яўна шанцуе. А здавалася, што вытураць, як дрывасека з панскага саду», – дзяцінна цешачыся, падумаў Ягор, але палічыў за лепшае прамаўчаць. «Ці мала якую камісію на тваю неасцярожную рэпліку могуць гэтыя гаўрыкі сабраць».

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже