Надвор’е ў сне змянялася і спалучалася як хацела. Здаралася, што ліў дождж, а зямля заставалася ўкрытай пухнатым снегам, які зусім не размывала. Бывалі і жудасныя снежныя завірухі, калі даводзілася знемагаць ад спякоты і прасіць у букініста вялікую шклянку гарэлкі з мармеладнымі мядзведзікамі, што мерна плёхкаліся ў ёй, намагаючыся ўзняць буру. Адна такая бура знесла Марыну на Марс. Без дамка ў вёсцы і нядоенай казы.
На Марсе пахла журавінавым кісялём і ружовымі шкарпэткамі. Густы чырвоны марсіянскі Сож цёк у бок даліны Марынер. У вадзе занадта весела нырцавалі дэльфіны і думкі пра шчаслівае сямейнае жыццё. Па рацэ ішоў белы карабель, за стырном якога стаяў інкогніта ў скафандры. Павязаўшы банцікі, маладзіца сядзела на беразе і праводзіла судна позіркам. Песні Суднага дня самі зрываліся з вуснаў, а радыеактыўны пруток у руцэ крэмзаў па вільготным пяску: «No Fate».
Надпіс на карме ўвесь час змяняўся, нібыта граў у прамянях шчодрага начнога сонца. Карабель мог называцца і «Горны казёл абзу», і «Арго», і нават «Пінта». Аднак, хутчэй за ўсё, зваўся ён проста «БЕДА», страціўшы каля берагоў Нартумбрыі зусім не вялебным чынам істотную частку свайго эга. Параўняўшыся з Марынай, карабель спыніўся. Голас з ніадкуль запрасіў усіх ахвочых
Дзьмуў самы гарачы з усіх халодных вятроў. Дэймас падміргваў Фобасу. Карабель павольна рухаўся праз чырвань, насычанасць якой нарастала і нарастала. Марыне аж да крыку хацелася маўчаць, але вусны, зноўку не слухаючыся яе, варушыліся. «Если бы на Марсе были города», – ціхутка спявала яна, не разумеючы, што замест бравурнае мелодыі нью-рамантычнага постсавецкага аўтэнтыку песня льецца на пануры душавымальны матыў, які дымам далёкіх таемных цяпельцаў герыльі прыплываў з-пад старэнькіх лембергскіх дубоў.
– Што гэта? – спытала яна ў свайго вечнага незнаёмца.
– Прыстанішча гулкага лёсу, – адказаў ён, дазволіўшы ўпершыню за час прагулянкі пачуць свой голас. Без СМС і рэгістрацыі.
Пазнаўшы ў ім Ягора, вандроўніца расхвалявалася. Адхінулася і зацялася, задыхаючыся ад павышанай канцэнтрацыі незадаволенасці ў паветры. Над элеватарам сінхронна ўзняліся дымавыя палосы – з сіласаў вылецелі баявыя ракеты і памкнуліся да карабля. Ягор рэзка закруціў стырно, каб у іх не пацэлілі балістычныя верацёны. Марына, знямеўшы ад жаху, аберуч трымалася за фальшборт. Выбухі грымелі то злева, то справа, то па той бок люстэрка. Здавалася, стырнавы здолеў зрабіць немагчымае. Аднак ухіліцца ад вастрыя апошняй ракеты, як ён ні выжыльваўся, не атрымалася. Карабель заняло карамельным полымем і кавалкамі раскідала па наваколлі. Падкінула ўгару і Ягора з Марынай. У палёце ён ухапіў яе, і праз вогненную феерыю гулкага лёсу цяжкім сардэчным грузам яны ўдваіх увайшлі ў падагрэтую пажарам каламуць.
Апроч скафандра спадарожніка, пад вадой, як праз шум перашкод, жанчына бачыла васьміногаў, офісны планктон, губку Боба і ўсюдыісных дэльфінаў, што спрытна абміналі іржу паравозіка і парэпаную эмаль матацыкла. Дэльфіны, гуляючыся, выштурхнулі тапельцаў на паверхню – на спакойную паверхню возера Ліцвін каля Юравічаў. Сонца хавалася за даляглядам. Вада была як сырадой. Лёгкі цёплы ветрык фліртаваў з хвоямі, якія не рызыкавалі наблізіцца да возера, пастаўшы на пясчаным прыбярэжным узгорку. У жывым эфіры азёрнага радыё ціўкала безназоўная вечаровая птушка. З боку сядзібы далятала водгулле свята з песняй пра дождж і пра Віку. Марына і Ягор, трымаючыся на вадзе і не зважаючы ні на што, зліваліся ў пацалунку. Яна не жадала ўцякаць ад яго, хаця на дне свядомасці і трымцела губка, набрынялая нязгодаю і адпрэчваннем. Рэжучы вострымі храпамі сутонне, пад схілам сонца дыбіліся шыракавокія сабакі.
Расплюшчыўшы вочы, Марына ўбачыла Марку.
– Кудзеры светлыя твае галінкамі зорак акрыю. Прачынайся, любая. Да Марса застаўся месяц лёту. Нас усіх абуджаюць. Неўзабаве знаёмства з калегамі. Спадзяюся, ты добра ператрывала анабіёз, – закаханым дуронікам балабоніў ён, хіба што не прапаноўваючы сняданак у пасцель.