– Ён тут, – выслізгваючы з капсулы, пахмурна сказала яна і папнулася адшукаць позіркам кагосьці пэўнага сярод постацей, што сноўдалі па пляцоўцы.
– Ягор? – адмёўшы іншыя варыянты, з няўцямным кіславатым выразам твару перапытаў муж.
– Так, – працягнуўшы руку, пацвердзіла жонка і паспрабавала ўзняцца на ногі, што далося не так проста, як калісьці абяцалі інструктары.
– Адкуль яму тут узяцца? Гэта немагчыма! – дапамогшы ёй усесціся на лаву між дзвюма капсульнымі камерамі, рашуча, ужо без кіслаты, запярэчыў Марку. – Нават калі б ён неяк даведаўся пра нашы планы і захацеў далучыцца да каманды, яго немінуча адсеялі б. Не дурні ж нас адбіралі. Падбалі пра псіхалагічную сумяшчальнасць. Дый біяграфіі павінны былі адкапаць. Інакш адразу канфліктны асяродак утвараецца. А гэта супярэчыць прынцыпам адбору. Ты ж залікі здавала. Мусіш памятаць.
– А сем месяцаў дакучлівых сноў у анабіёзнай капсуле ніякім прынцыпам не супярэчаць? – з’едліва ўдакладніла яна і, не чакаючы рэакцыі мужа, дадала: – Увесь гэты час я не проста бачыла сны з яго ўдзелам, але і адчувала яго прысутнасць.
– Але азірніся яшчэ раз, тут няма нікога, хто б яго нагадваў! – жвава жэстыкулюючы, рэкнуў Марку.
Каб цалкам пераканацца ў слушнасці сваіх слоў, ён абвёў пільным поглядам усіх небарак, кожнага з якіх на свой капыл
Ніхто і блізка не быў падобны да Ягора. Для канчатковага заспакаення жонкі і ўтаймавання ўласнай трывогі (дзе ж ты яе схаваеш, як не за выпхнутай напаказ легкадумнай смеласцю!) Марку узяўся пералічыць суседзяў. Як ні стараўся, лічба з заяўленай колькасцю не супадала. Бракавала аднаго чалавека. Зрэшты,
– Ён тут, – заставалася яна пры сваім.
– Ды няма яго тут! Няма! – усхадзіўся муж. – Ну не наважыўся б ён змяніць пол…
Слізганула засаўка дальняй камеры. Праз секунду адтуль выехала капсула. Расшчаперыліся пялёсткі купала, пад якім спаў нябачны дасюль насельнік. Цьмянае святло змусіла напружыць зрок. Нехта порстка выскачыў з «бляшанкі» і адразу ж бразнуўся на падлогу, не падгадаўшы моцы. «Пасядзі тут», – прашаптаў Пыркэлаб наструненай жонцы і са знібеннем сэрца пакрочыў да крайняй камеры, дарма што і сам трымаўся на нагах не вельмі ўпэўнена.
Апошні з абуджаных няўклюдна целяпаўся на падлозе, як перакулены на спіну кафкіянскі жук. Заўважыўшы набліжэнне Марку, ён на міг знерухомеў, каб потым шчодра абдаць таго халадзёнкай яхерыстыга бляску ашклянелых вачэй і злаўцешна зарагатаць. Марына ўздрыгнула і знехаця азірнулася на знаёмы смех. Ягор сапраўды быў на караблі.
«Я прыйшоў бы да цябе ўвечары, ды перад сабакамі сорамна», – зашыпеў Марку і, не даючы
Калі ўжо ў бітве не змаглі сваімі нагамі сысціся, то і сечы лютай паміж даўнімі сапернікамі не атрымалася. Хіба толькі сечка. Дый яна скончылася, толкам не пачаўшыся. Праз гучную сувязь капітан «Навухаданосара» запрасіў усіх у кают-кампанію. Дзверы адсека расчыніліся. Постанабіёзная грамада ціхай хадою рушыла ў прахон, дарогай успамінаючы планіроўку карабля, па якой зусім нядаўна трымалі іспыт. Штучная гравітацыя ў калідоры не дзейнічала – бязважкасць сталася для многіх сюрпрызам. Яны віталі адкрыццё воклічамі цэлай гамы эмоцый. «Досыць вылягацца, хлопцы», – кінуў Ягору і Марку адзін з калег, усмешліва ківаючы на прахон, дзе віравала ўзрушанае шматгалоссе. Ён выглядаў такім радасным, натхнёным і выспаным, што міжволі хацелася назваць яго шчасліўцам.