Жанчына, што
Айсберг не аднойчы спрабавала завязаць размову і нават намякала, што не супраць
Словам, як капітан Смолет і яго памочнікі ні дэманстравалі старанні спаяць з удзельнікаў экспедыцыі сапраўдную каманду, выглядала тая спайка, мякка кажучы, драннюсенька. Назіраючы, Руткоўскі нават прыгадаў найгоршыя раскопкі пад сваім кіраўніцтвам. Тады ў Юравічах сабралася настолькі стракатая кампанія, што ні ў думцы ўздумаць, ні ў казцы сказаць. Студэнты і валанцёры толькі з прынукі вытрымлівалі супольныя справы, а ў нефармальнай абстаноўцы збіваліся ў невялічкія групкі, якія між сабой амаль не кантактавалі. Адзіным, што іх умоўна гуртавала, была праца. Але нават яна не страсала з многіх зорнага пылу фанабэрыі, якая змушала пазіраць на астатніх адметным чынам: «Той Гвідон, а той Дадон. Я ж есьм віконт дэ Бражэлон».
На борце «Навухаданосара» Ягор убачыў нешта падобнае. Групкі і адзінкі. Агульная насцярожанасць, нервознасць, пастаяннае адчуванне дыскамфорту. Нязводныя спрэчкі, якія часам перарасталі ў сутычкі і бойкі. Абыходзілася, дзякуй богу, без цяжкіх наступстваў. Але пару-тройку насоў за месяц набліжэння да Марса ўсё ж растаўклі ў юшку. Кепска жартавалі, што гэта такая ахвяра богу вайны. Камандаванню можна было толькі паспачуваць. Зрэшты, з пілотаў ніхто і ніколі ў цэнтры скандалаў не аказваўся. Археолаг тлумачыў гэта і іх асаблівай разважлівасцю, і ўсведамленнем важнасці даручанай місіі. У гэтым сэнсе яму хацелася б быць сярод пілотаў. Аднак чарговае падміргванне фройляйн Айсберг ураз гэткія хоцькі ахалоньвала. Гледзячы на такое, Элвіс Дамп пастаянна пакепліваў і прапаноўваў яму афіцыйна адмовіцца ад змучанай няўвагай жанчыны на карысць палігамных звычаяў Вестарктыкі. Ягор адказваў ухіліста.
Яму самому нязнаным дзівам шанцавала балансаваць паміж узніклымі групкамі і асобнымі завадатарамі, якія наравілі спусціць з ланцуга і нацкаваць на кагосьці ганчакоў нянавісці. У думках ён называў іх
Ягор надумаў пахаваць Марыну недалёка ад базы. Разлічыў, каб, зірнуўшы светлаю парою ў ілюмінатар, можна было бачыць яе магілу. Маючы пад рукою робата-меха, выкарыстоўваць яго не стаў. Адмовіўся і ад экскаватарнай насадкі для марсахода. Узяўся толькі за адбойны малаток і рыдлёўку. Меркаваў, што апошняе прыстанне для каханай ён павінен зладзіць ці не літаральна ўласнымі рукамі. Бачыў у гэтым асабісты абавязак як мужа. Успрымаў як неад’емную частку рытуалу аддання пашаны нябожчыцы.
Ходаючыся з успамінамі пра нядаўнія дні, калі атрымлівалася толькі звар’яцела раўці і ў безнадзейнасці лупцаваць кулакамі па мокрай падлозе «дальнякоў», Руткоўскі вымераў крокамі і пазначыў лязом рыдлёўкі межы будучай магілы. Узяўся нетаропка здымаць грунт. Пласт за пластом. Самыя тужлівыя раскопкі за ўсю яго даследчыцкую практыку. І ніводнай знаходкі, акрамя ледзяной падушкі – працягу той, што залягала пад базай. Археолага гэта не бянтэжыла. Адбойным малатком ён нарабіў расколін у лёдзе. Рыдлёўкай выкінуў ледзяныя кавалкі з раскопу. Выкінуты лёд паволі раставаў у прамянях вечаровага сонца…
Выбраўшыся на паверхню па наўмысна выразаных ледзяных і грунтавых прыступках, Ягор сеў у марсаход і паехаў да найбліжэйшага россыпу камянёў. Наладаваўшы імі бакавы грузавы адсек, вярнуўся да магілы. Выгрузіў прывезенае. Потым зрабіў яшчэ адзін рэйс. І яшчэ. І яшчэ… Спыніўся, калі заспеў сябе на думцы, што возіць каменне звыш патрэбнага дзеля таго, каб адцягнуць час развітання з Марынай.