Распяты тугою мужчына на руках нёс да магілы загорнутае ў поліэтыленавы саван цела каханай. Параўняўшыся з ілюмінатарам, ён азірнуўся, бо ведаў, што за шклом сядзіць кот і назірае за гэтай самотнай працэсіяй. Варгін, вырачыўшы вочы, у сваёй манеры паварушыў галавою. Ягор ямчэй абхапіў ношу і, не зважаючы на нязручнасці, павольна пацягнуўся далей.

Сонца амаль схавалася. Сутонне ахутвала даліну. Аднак Руткоўскі не спяшаўся ўключаць ліхтар – перасякаў паўцемру, напружваннем зроку выхопліваючы з яе абрысы звыклых краявідаў. Яму хацелася гаварыць. Уголас. Гучна. Ды ён маўчаў, зноў і зноў ашчаджаючы дыхальную сумесь і нагрузку на аксігенатар. Усё, што хацелася сказаць ці, дакладней, пракрычаць, гучала ў яго галаве. Прасіў у Марыны прабачэння за тое, што сваёй навязлівасцю і неадчэпнасцю загнаў у тупік, выйсцем з якога сталі яе ўцёкі ў Марсель і адлёт на Марс. Калі б ён ад пачатку прызнаў сваю паразу і даў Марыне з Марку спакою, яна засталася б жывою. Хай сабе і чужой. «Здравствуй, чужая милая», – па-здрадніцку грымела з захлеўя свядомасці.

Святло запаліў пры самай магіле. Апускаючыся па ацвярдзелых прыступках, адчуваў, нібы сягае ў тагасветны край, на ўваходзе якога, што праўда, не было ні трохгаловых сабак, ні карузлікаў у танцы. Ягор на колькі секунд абхапіў Марыніну руку, на якой заставаўся заручальны пярсцёнак, сціснуў памерлую ў развітальных абдымках, а потым асцярожна паклаў у загадзя падрыхтаваны жолаб, што нагадваў човен. «Плыві, мілая. Плыві. І даруй за не вельмі мяккую магілу», – прамовіў ён, мяркуючы неўзабаве выбрацца наверх.

Што адбылося ў наступны міг, мужчына не зразумеў. Павеў ветру, асыпанне пароды, танок святла і ценяў, стомленасць ад перажытага – усё гэта спарадзіла немагчымую карцінку. Здалося, што цела ў саване здрыганулася і злёгку выгнулася, перш чым вярнуцца ў пачатковы нерухомы стан. «Не», – толькі і патрапіў вымавіць Ягор. Відзежа прымусіла яго на імгненне здранцвець, а потым рэзка развярнуцца і, колькі дазваляў скафандр, прыпусціць угору. Выбіраючыся, ён двойчы спатыкнуўся і ледзьве не ўпаў на дно магілы, быццам апавітая саванам Марына не хацела, каб ён сыходзіў. Думкі ў галаве віравалі і мяшаліся. Але адна з іх прыкметна выбівалася з кубла астатніх, ліхаманкава б’ючы па свядомасці. Адна думка. Адна роспачная думка – прыняць відзежу за знак, не пакідаць магільную зеўру, хоць бы збольшага супакоіцца, каб урэшце легчы побач з каханай і, вымкнуўшы ў скафандры рэгулятар ціску, запрасіць у госці смерць. «Даўно цябе не было».

Руткоўскі з цяжкасцю, але ўсё ж аксціўся ад наслання. Апынуўшыся на паверхні, ён хутка, нібыта баяўся перадумаць ці ўбачыць яшчэ штосьці неверагоднае, стаў засыпаць яміну. Спачатку туды паляцелі кавалкі лёду, потым грунт, а следам дайшла чарга і да камення. За часам ён не сачыў. І калі аксігентар апавясціў, што ўжо выдыхаецца, пасяленец выйшаў за межы кокана сваёй пазачасавай зацятасці, не без здзіўлення адзначыўшы, што мінула цэлая гадзіна. Над магілай яго стараннямі ўтварыўся прыкметны каменны грудок, які нельга было ні з чым зблытаць. Удавец (гэтае слова тады толькі-толькі спала яму на розум) быў перакананы, што яшчэ не аднойчы прыйдзе сюды ў часіны радасці і смутку. Што будзе даглядаць месца апошняга спачыну Марыны. Што не дазволіць неадступнаму пылу прыхаваць гэты капец.

Вярнуўшыся на базу, зямлянін ускрыў для Варгіна, які падлабуньваўся і целяпаўся пад нагамі, першую-лепшую бляшанку з кансервамі. У самога ж не было жадання ні на ежу, ні на што іншае. Ён нават душ прымаць паленаваўся – даплёўшыся да ложка, заваліўся спаць, змораны згрызотамі і цяжкай працай.

Колькі наступных дзён з пусткай у сэрцы адзіны чалавек на Марсе парадкаваўся на базе. Прыбіраў смецце. Мыў падлогу і праціраў панэлі. Рамантаваў зламаную мэблю. Пераважна маўклівы. Гранічна ўтрапёны. Кот, адчуваючы настрой гаспадара, амаль не чапляўся, але быў заўсёды побач, быццам не жадаў пакідаць таго на самоце.

Ягору дужа хацелася даведацца, што спрыгодзілася тут за час яго адсутнасці і чаму Марына наважылася на самагубства. Упершыню з моманту пасадкі ён шкадаваў, што ў свой час яны з каханай дэмантавалі ўнутранае відэаназіранне. Знаходка сярод хлуду цыдулкі-напаміну і мікрафона вывела на запісы з голасам жонкі. Гэта часткова праясніла трагічнасць становішча жанчыны, якая пераканала сябе ў тым, што засталася на чужой планеце адна. Але атрымаць адказы на ўсе пытанні, што хвалявалі ўдаўца, аўдыёзапісы не дазвалялі. Прынамсі, адразу.

Ён вяртаўся да іх шмат разоў. Падыходзіў як даследчык. Гараваў, што там шмат недагаворак. Што ў пэўных месцах Марына спынялася і не агучвала да канца тое, з чаго пачынала. Што адзін з самых важных трэкаў пашкоджаны і большасці слоў на ім не разабраць. Між тым, не было сумневаў, што яна забіла сябе пад уздзеяннем нейкага рэчыва, якое сама стварыла з дысбуэндыю. Гэта вынікала з абрыўкаў яе фраз. На карысць версіі сведчыла і імклівае нарастанне неадэкватнасці, якое лёгка прасочвалася па ўсёй чародцы запісаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже