У знойдзенай цыдулцы не было чагосьці надзвычайнага. На шматку паперы сваім пазнавальным почыркам Марына вывела для сябе напамін – праслухаць апошні запіс. Даследчык за яго і ўхапіўся, палічыўшы, што акурат у ім хаваецца ключ да разгадкі гібелі жонкі. «Марына, ідзі на “дальнякі” і…», – чарговы раз слухаў ён цвярозыя словы каханай, працяг якіх патанаў у шумах, якія сведчылі пра сапсаванасць гукавой дарожкі – выпадковую ці наўмысную.
Руткоўскі браўся яе чысціць – звесці шумы да мінімуму, а гучнасць голасу падняць. Нічога сэнсоўнага з гэтага не выходзіла. Слоў усё адно нельга было разабраць. Хіба толькі часткова. Аднак нават такі, пачышчаны, варыянт запісу Ягор упарта працягваў слухаць, занатоўваючы пачутыя гукі, якія маглі быць фрагментамі неразабраных слоў: «здр», «ры», «клч», «вд», «чка», «дкнц». З імі давялося працаваць, нібы з фрагментамі тэксту на пашкоджанай берасцяной грамаце ці з пагрызенай мышамі і гісторыяй старонкай актавых матэрыялаў. Што праўда, тут праца ўскладнялася няпэўнасцю, ці правільна спалучэнні гукаў удалося пачуць і перадаць на пісьме. Як след засяродзіцца замінала і струна абарванай фразы з іншай дарожкі. Раз-пораз усплываючы ў памяці, яна зводзіла мужчыну з глузду: «А кінула я цябе толькі таму, што я ду…». «Што значыць гэтае “ду”? “Думала”? “Дужа хацела”? “Дубочка маладога знайшла”?» – варажыў археолаг, пасля чаго з цяжкасцю пераключаўся на іншы клопат.
Іншым клопатам быў змест бартавога самапісца «Навухаданосара». З яго вынікала, што пілоты на караблі сапраўды пачуваліся найвышэйшай кастай, смяяліся з нязручнасцей і нявыкрутак навукоўцаў і прыпісанага да іх красуна, які не ведаў табліцу множання. Не паўсюль кантэкст прамоўленых капітанам ці яго памочнікамі фраз быў пэўным. Але іх сэнс часта зводзіўся да таго, што мэтай палёту на Марс ад пачатку з’яўлялася не толькі здабыча мінералу, але і правядзенне нейкага эксперыменту.
З аўдыёдзённіка жонкі Ягор ужо ведаў яе стаўленне да гэтай інфармацыі. Аднак звесткі самапісца нідзе наўпрост не паведамлялі, што эксперымент збіраліся ставіць менавіта над пераможцамі адбору. «Як там нашы пацучкі? Ужо грызціся пачалі?» – рэпліка старпама, якую цытавала Марына, магла тычыцца сапраўдных грызуноў, прысутнасць якіх на караблі рабіла з’яўленне Варгіна не такім і дзіўным. «На кімсьці ж мы павінны былі выпрабоўваць дзеянне мінералу! А кот спатрэбіўся на ўсялякі выпадак», – рэзонна пераконваў Руткоўскі самога сябе, усё яшчэ адмаўляючыся верыць, што пацукамі пры ўдалым для місіі раскладзе мусілі б стаць усе ўдзельнікі экспедыцыі, акрамя брахманаў пілатавання касмічнай пасудзіны. Істотным адкрыццём стала пацвярджэнне, што ў момант катастрофы капітан загадваў знішчыць менавіта скрыню, а не адсек. Праўда, на гэтым моманце запіс абрываўся…
На ўскрыццё сейфа давялося змарнаваць цэлы дзень. Ніводны інструмент на базе для гэтага не прыдаўся. Ягор мусіў скарыстацца
Унутры знайшлося колькі тэчак дакументаў. Усе пад грыфамі «Толькі для пілотаў» і «У разе пагрозы першай і найвышэйшай ступені – знішчыць». Ужо адно гэта ўражвала. Руткоўскі прагна кінуўся вывучаць з цяжкасцю здабытыя паперы. У яго руках быў сапраўдны план правядзення экспедыцыі. План, што істотна адрозніваўся ад прапагандысцкага лушпіння, якое абраннікі старанна завучвалі на памяць у часы шкалення.
У абсяжных уводзінах нагадвалася, што група адбіраецца паводле адмысловага алгарытму