У звестках пра сябе ён са здзіўленнем знайшоў свае сапраўдныя імя і прозвішча, факты біяграфіі, а разам з тым і прагноз вузла праблем, якія ён патэнцыйна мог стварыць у палёце і на Марсе. Яшчэ больш здзівіўся, калі пабачыў графу з часам сваёй рэкрутызацыі – за чатыры гады да падачы заяўкі на адбор! Падумаў, што памылка. Зірнуў дасье Марыны і Марку – тыя ж год і дата. Ягор нервова пракаўтнуў сліну. Рабілася ніякавата. Дакументы цвердзілі, што ў поле ўвагі «Coböl» іх трохкутнік трапіў яшчэ за год да канферэнцыі ў Канстанцы. Псеўданім куратара, пазначаны там жа, ні пра што не казаў. «І што гэта за Хазар?» – няўцямна прасапеў беларус. Не разумеў ён таксама і вылучанай зорачкай рэмаркі: «Пры спробе ўхілення рэкрута ад канфліктнасці выкарыстаць пратакол “Паштоўка”». Яшчэ адна цікавостка тычылася фройляйн Айсберг. Жонку з ліку пілотаў прыставіць да яго меркавалі з дзвюх прычын. Па-першае, імкнуліся справакаваць актыўны канфлікт, падазраючы бурлівую рэакцыю Ягора. Па-другое, намагаліся падтрымаць ілюзію згуртаванасці каманды, паказаць рэкрутам, што падзелу між удзельнікамі місіі няма. Руткоўскі памкнуўся параўнаць, ці падобным жа чынам абгрунтоўвалася прывязка шчасліўца Дампа да іншай пілатэсы. Аднак адпаведных дакументаў у тэчках не знайшлося.

Што да мінералу, то асноўны цяжар працы па яго здабычы ўскладаўся на робата-меха. Кіраваць ім абавязваўся нехта з пілотаў. Абраннікам жа, якія ў паперах паслядоўна называліся рэкрутамі, на першы час адводзілася дапаможная роля – упарадкаванне базы і часткова «імітацыя працы па спецыяльнасцях». А вось пасля здабычы «дастатковай колькасці дысбуэндыю» рэкрутаў планавалі нашпігаваць сыроваткай на яго аснове і заблакаваць усіх у дальніх адсеках, што мусілі ператварыцца з казармы ў вязніцу. «Вось табе і для “дальнякоў” сапраўднае прызначэнне», – агаломшана прамармытаў Руткоўскі, намагаючыся ўтрымаць у галаве вусціш ад таго, што збіраліся зрабіць з ім і яго калегамі па адборы.

Лёс паддоследных пацукоў усё-ткі рыхтаваўся для іх! Уласцівасці мінералу павінны былі выпрабоўваць на іх! Адзінота ніводным словам у дакументах не згадвалася. Складальнікі плана ўказвалі, што мінерал прыгнятае волю. Далучаная да тэксту шкала ацэнкі паспяховасці эксперыменту сведчыла, што ідэальным вынікам лічылася «сітуацыя поўнага знікнення канфліктнасці на тле безумоўнага падпарадкавання рэкрутаў пілотам». Пад безумоўным падпарадкаваннем разумелася «здатнасць беспярэчна кіравацца любымі, нават самымі абсурднымі, загадамі».

Зачапіўшыся за апошні факт, Ягор нечакана ўсвядоміў, што разгадаў паводзіны Марыны перад смерцю. У сваім розуме здзейсніць самагубства яна не магла, таму запісала адрасаваны самой сабе загад, які праслухала і выканала, папярэдне прыгнёўшы ўласную волю саматужна вырабленым з мінералу прэпаратам. «Здр», «ры», «клч», «вд», «чка», «дкнц» – мізэрныя мэтлахі самазгубнага загаду, які ў арыгінале мог гучаць так: «Задрай дзверы! Уключы ваду! Чакай да канца!» Ёлкая рэканструкцыя.

Ачмурэлы ад разгадкі, Ягор насілу астояўся ў асадах развагі і не напароў гарачкі, што на гэтай прыўкраснай планеце № 4 магло каштаваць жыцця, губляць якое, насуперак зеўранню адзіноты, ён тут і цяпер дакладна не планаваў. Пляснуў разоў колькі далонню аб стол, міжволі змусіўшы ката спалохана схамянуцца і адскочыць далей за далёкае.

Абмазгоўваючы зробленыя з усяго высновы, можна было вельмі проста папсавацца ў розуме. Мужчына ясна разумеў гэта і магутнымі намаганнямі волі адмахваўся ад гнятлівых подумаў. Рабіць сабе смерць, не абраўшы яе на дне холаду магілы Марыны, ён лічыў учынкам недаравальным. Чыстым грахом. Грахом перад самім сабой і ўласнымі прынцыпамі. Праявай маладушнасці. Трэба было заставацца жывым. Ужо хаця б дзеля таго, каб папярэдзіць чалавецтва пра небяспечныя гульні дзялкоў «Coböl Engineering».

Пасяленец увамкнуў сістэму сувязі, але з пасланнем жыхарам Зямлі не спяшаўся. Трэба было ўсё прадумаць, падрыхтаваць доказную базу, каб не выглядаць у вачах зямлян вар’ятам. Перадатчык па-ранейшаму прымаў біблейскія абрыўкі. Іншых пасланняў з роднай планеты не было.

Дні міналі імкліва. Ягор, каб не было лішніх ці то пагроз, ці то спакус, ачысціў лабараторыю ад усяго, звязанага з дысбуэндыем, запхаў у засцерагальны кантэйнер, вывез да чорта на рогі, дзе і закапаў, паставіўшы над капцом знакі хімічнай і біялагічнай небяспекі. «Ці мала хто з зямлян сюды яшчэ пасунецца ў будучыні!» – разважыў ён. Працягваў даводзіць да ладу ўсё, што пацярпела за час трагічнай Марынінай самоты. Аднавіў нават «цяпліцы». Стараўся не ігнараваць спорт. Чытаў. Даглядаў жончыну магілу.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже