Апавяшчэнне падкінула лішак бярвенцаў у вогнішча панічнага настрою. Навукоўцы таўкліся ў жаданні хутчэй перабрацца ў бяспечную частку касмічнага судна. Пратачыцца туды было не так проста: карабель калаціла, а людзі ў імкненні эвакуяваць уласную дупу гублялі рэшткі чалавечнасці, не прапускаючы наперад кагосьці з сабе падобных. Калі пілоты ўрэшце паспрабавалі суняць панічную хвалю, ім папросту ўсыпалі на блохі – самыя адчайныя абраннікі пасунуліся на іх з бойкай. На тле цісканіны гэта толькі ўскладняла і азмрочвала сітуацыю.

Ачомаўшыся, Ягор заклапаціўся іншым: у куламесе не было Марыны. Ён імкліва скіраваўся ў гушчу вар’яцтва і шаленства, дарма што сам перад тым быў як у бога за печчу – знаходзіўся ў цалкам бяспечным сектары. Але каханне гнала яго з запечка ў ведзьміну тоню небяспекі, дзе царавала «не обчее якое, але свое власное вколостоянье». На подступах да размежавальнай лініі, куды неўзабаве мусілі апусціцца цяжкія дзверы-заглушка, утварыўся груд-грудок з барацьбітоў за няясныя перспектывы, і толькі пара чалавек збольшага ўдала прашмыгнулі паўз яго.

Не могучы спыніць агрэсіўныя выпады панікёраў, пілоты – двое мужчын і пяць жанчын – не проста трымалі абарону, а намагаліся абы-якім коштам не пусціць тых да запаветнай адзначыны. «Ды вы хіба падурэлі! – не разбіраючыся, чыя праўда, а чыя крыўда, пракрычаў Руткоўскі. – Дайце людзям уратавацца і ратуйцеся самі!» На гэта яму адказалі рэзкім рухам і спробай выцяць па твары. Ён здолеў, аднак, ухіліцца, схапіць нападніка за шкумлацце і шпурнуць, як эпічны сноп пад былінны цэп. Марку паблізу стрымліваў націск калегі, з якім яны ад нядаўняга часу былі на нажах, бо румын няправільна масла на хлеб мазаў. Марына барукалася з няўдалай жонкай Горана Бунціча. Фройляйн Айсберг заваліла Марыну і сашчапіла свае рукі на яе шыі, прымаўлячы: «Будзеш ты ў мяне жаніхоў адбіваць». «Пардон, мадам», – крумкнуў Ягор і кулаком заехаў душыльніцы паміж вачэй – хітрамудра і нядорага, каб выцягнуць каханую з бяды. Дакладней – з паўбяды.

Ён узяў яе за руку і дапамог падняцца. Яна тут жа папнулася вырвацца, быццам не жадала ад яго ні дапамогі, ні нават проста клапатлівай увагі. «Ачомайся! Трэба ісці, калі не хочаш загінуць!» – намагаўся ён перакрычаць злюцелы гоман паўсюднай валтузні. Марына ўжо раскрыла рот, каб выказаць усё накіпелае на душы і сэрцы. Але не змагла: карабель страсянула так, што адным махам усіх чыста збіла з ног, перакруціла, перамяшала і склала ў кучу каля ўваходу ў пультавы адсек. Нехта знепрытомнеў. Нехта енчыў ад болю. Нехта выблытваўся з клубка цел. Пілоты мітусіліся. Капітан аддаваў загады. Заклікаў саслужбоўцаў не наракаць на лёс. «Што б з намі ні здарылася, бокс не павінен ацалець. Трэба зрабіць усё, каб ён згарэў да падзення карабля на паверхню, – наказаў ён старпаму. – Я вас правільна зразумеў, сэр?» – Апошняе пытанне было адрасавана Дампу, які жарслівымі пацалункамі суцяшаў нядаўна бітую ім жа міс Гамп.

Змагаючы звон увушшу, Руткоўскі ўстаў. Здзіўлена азірнуўся на пілотаў, бо не разабраў слоў капітана. Імгненнем пазней унутраная сувязь прапала. Адлік перасягнуў далёка за палову. Карабель трэсла. Ягор позіркам вылавіў паўпрытомную Марыну. Узяў яе на рукі і, стараючыся не згубіць раўнавагу, няўклюдна патупаў да базавай часткі карабля. Крок. Другі. Трэці. Паціху. Патроху. Толькі б уратаваць каханую. Пачуўся прыглушаны гук. Беларус, нібыта аступіўшыся, апусціўся на адно калена, але ношу ўтрымаў. З-пад ног пакацілася шкляная бутэлька – забароненая на караблі пасудзіна. Хто яе шпурнуў яму ў спіну, безнадзейнасць гнала кідальніка ці ліхая задума – высвятляць не было як. Запахла спіртам, які выліваўся з рыльца. За плячыма выразна прагучаў зларадны смяшок. Нехта чыркнуў запалкай – яшчэ адным забароненым тут прадметам.

– Што ты робіш?! – гаркнуў Пыркэлаб, манячыся выбіць запалку з рукі гібралтарскага красуна.

– Тое, што люблю рабіць змалку, – ганарлівасцю серыйнага падпальшчыка пыхнуў красун, спрамогшыся пстрычкай адправіць занятую полымем драўляную саломінку ў лужынку спірту.

– Бяжы! Хутчэй! Ратуй Марыну! – звяртаючыся да Ягора, загарлаў Марку, чым толькі падагрэў бажавольны посмех пірамана.

Ягор і без старонніх падказак учуў нядобрае. Словы саперніка прыспелі яго на ўздыме. Полымя шуганула, калі Руткоўскі хваравітым подбегам агораў пару метраў. Машынальна ўвабраўшы галаву ў плечы, замарудзіўся на дробныя долі секунды, каб потым паскорыцца і слізгануць у жаданы бяспечны лапік.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже