Кожныя дзве хвіліны сістэма давала справаздачу. Пасля чацвёртай справаздачы, калі заставалася змесці апошнія плямы пылу, яна настойліва папрасіла жыхароў базы нацягнуць маскі і ўключыць падачу кіслароднай сумесі. Паветра для прадзімання спатрэбілася болей, чым меркавалася. Сістэма і так спыніла б працу, не даводзячы аб’ём паветра на базе да крытычнага мінімуму. Маскі служылі падстрахоўкай. Прынамсі, гэтак яно ўсё выглядала ў ідэале.

Перазірнуўшыся і кіўнуўшы адно аднаму, пасяленцы ўхапіліся за падрыхтаваныя «намызнікі». Праз колькі імгненняў Ягор ужо дыхаў кіслароднай сумессю. Яна падавалася праз шланг з адмысловага рухомага рэзервуара, да якога была падлучана і маска Марыны. Мужчына, пракручваючы ў галаве вобраз супольнага дыхання, успомніў радок даўняй расійскай песні, імя выканаўцы якой выветрылася з памяці яшчэ за часы мяккай дэрусіфікацыі: «На двоих с тобой одно лишь дыхание».

Мінорны настрой, навеяны сумессю і песеннай згадкай, неўзабаве знік. Як і не было. Каханая, нацягнуўшы маску, ніяк не магла зрабіць далейшы крок. Дакладней, у яе не атрымлівалася, бо рычажок падачы заклініла. Руткоўскі скеміў гэта і тут жа пасунуўўся да яе – дзяліцца кіслароднай сумессю і разбірацца з рычажком. І калі першае выходзіла ўдала, то другое падкідвала шостку.

– Нічога страшнага! – сілячыся перакрычаць шум, суцяшаў Ягор сяброўку. – Ачыстка скончыцца праз пару хвілін. Хопіць нам і адной маскі на дваіх.

– Як там Варгін? – пацікавілася яна з яўным жаданнем пераключыць сваю ўвагу.

– Дзе б ён тут ні быў, у яго пакуль самае выгоднае становішча. Дыхаць яму ёсць чым. Не пераймайся.

Сістэма абвясціла пра стоадсоткавую ачыстку вонкавага пакрыцця базы. Мужчына з трыумфальнай мінай пачаў лічыць да трох – тады прадзіманне павінна было аўтаматычна адключыцца. Але нешта рушыла не той калейкай. Чаканага адключэння не адбылося. Прадзіманне не спынялася. Паветра працягвала выпампоўвацца вонкі. Руткоўскі, пакінуўшы каханай маску, прыкіпеў да пульта кіравання. Дыхаючы цераз раз, ён спрабаваў спыніць працэс уручную. Аднак ні належнае спалучэнне клавіш, ні аварыйная кнопка, ні ціхія заклёны аб моры-акіяне і востраве Буяне плёну не давалі.

– Мы памром? – няўлад прамармытала Гваздовіч, у голасе якой ноткі панікі пракудліва спляліся з крышталікамі фаталізму.

– Перастань! Мы не памром! Я яшчэ з табой не ажаніўся нават! Так што кінь гэтыя страхі! Усё будзе добра! – яго зухаватасць аддавала ледзь прыкметнай натужлівасцю.

Руткоўскі зноў і зноў паўтараў папярэднія шчыраванні за пультам. Безвынікова. На маніторы застракацелі лічбы зваротнага адліку – паказчыкі змяншэння паветра на базе. Марына, плачучы, падбегла да яго, каб перадаць маску. Ён зрабіў колькі ўздыхаў, вярнуў маску назад і, напружана ўзіраючыся ў лічбы, шукаў спосаб спыніць прадзіманне. І раптам у галаве праяснілася: запускалі прадзіманне раўнюсенька паводле інструкцыі, якая вымагала адключэння шэрагу функцый агульнай сістэмы бяспекі; значыць, калі гэтыя функцыі падключыць наноў, сістэма бяспекі заблакуе прадзіманне. Цалкам лагічная схема. Не марудзячы, Ягор спраўдзіў свае здагадкі практыкай. І – ото дзіва! – гэтым разам усё выйшла як мае быць. З’явілася падстава ўзбадзёрыцца без напятасці.

Для аднаўлення запасаў паветра давялося павялічыць нагрузку на аксігенатары. Ацэньваючы здарэнне, Руткоўскі не бачыў у ім нічога фатальнага. Казаў, што такі чапалас (адкуль ён толькі гэтае слоўца выкапаў!) адно на карысць, бо разварушыў соннае балота бесклапотнасці, якое панавала на базе. Бо даў магчымасць праверыць свае сілы ва ўмовах, блізкіх да баявых. Гваздовіч з ім не пагаджалася. Па-першае, нейкі час пасля ўсяго сядзела са шклянымі вачыма і спалатнелым тварам. Па-другое, трошкі ачомаўшыся, раскідалася рознымі пытаннямі, якія пачыналіся з «чаму», «як» і «адкуль». У мужчыны трапных адказаў не было. Ён абяцаў пры першай жа зручнай нагодзе зладзіць тэхагляд усіх падсістэм. Нагадваць, нават асцярожна, што ў гэтых рэчах ён знаецца як свіння на саладзінах, палічыў неразумным.

– А гэта не можа быць тая жанчына? – каханая агаломшыла Ягора новай неспадзяванкай.

– Якая жанчына? – баючыся, ці не галюцынацыі здарыліся ў Марыны, максімальна далікатным тонам перапытаў Руткоўскі.

– Харватка. З праклёнам. Можа, яна цябе працягвае кахаць?

– Перастань. Гэта ж забабоны. Ядранка проста цану сабе наганяла прыдумкамі, – кінуўся пераконваць Ягор, не хаваючы, што размаўляць пра Іванкавіч яму было мулка.

– У кожным разе, мне страшна пасля такой вось праявы. І гэта на базе, дзе мы столькі часу адчувалі сябе як у Бога за плячыма. Калі ўжо тут, у бяспечным «прыстанішчы», такі тэхнічны выбрык мажлівы, то што будзе там? – жанчына паказала рукой у ілюмінатар. – Тут часу вобмаль было. А там яго і зусім можа не быць.

– Не панікуй, красачка. Усё будзе добра, – абнадзейваў яе мужчына, а сам ажно паціраў рукі ў чаканні вандроўкі за межы базы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже