Варгін, які паспеў выбрацца са сваёй схованкі, завёў курну і лашчыўся да гаспадара, быццам выказваў поўную згоду з ім. Гаспадар тым часам вярнуў знадворны «зрок», актывізаваў «сланечнікі» і нарэшце заняўся скафандрам. Гаспадыня, застаючыся пры маніторы, першая ўбачыла выявы са зноў відушчых камер. Нідзе нічога падазронага. Краявіды – як і незадоўга да пачатку буры.
Наказаўшы Марыне быць спакойнай і пільнай, Ягор у скафандры рушыў да вывадных адсекаў.
– Рыбна вам! – кінула яна старое беларускае зычэнне на ўдачу.
– Хоць не рыбна, дык юшна, – усміхаючыся, падхапіў той.
Створкі першага дзвярнога шэрага расхінуліся. Ягор ступіў у «прымыльнік» – як ён ахрысціў маленькае памяшканне перад фільтрацыйным адсекам. Пасля фільтрацыйнага быў адсек шлюзавы. І толькі са шлюзавага цераз рассоўную браму можна было выйсці на паверхню. Праз колькі хвілін зямлянін здолеў яшчэ раз навочна пераканацца, што ўсё гэта не сон. Не падарунак ад «The Synthetic Dream Foundation». Не чары бабкі-шаптухі з-пад Свяцілавічаў. Упершыню за амаль пяць марсіянскіх месяцаў Руткоўскі пакінуў «прыстанішча». Абышоў яго з трох бакоў. Прайсціся па ўсім перыметры не было як – «дальнякамі» яно сапраўды шчыльна ўпіралася ў горную пароду выветранай скалы, залезці на якую без рыштунку не ўдалося б.
Робячы абыход, Ягор чаргаваў звычайны рэжым прагляду з рэжымам бінокля. Усё, што праглядалася
Напяваючы пад нос, Руткоўскі ўскараскаўся на дах базы па адной з бакавых лесвіц. Мімаходзь пахваліў канструктараў і за самі лесвіцы, і за парэнчы ўгары. Апошнія не давалі паслізнуцца і ўпасці. Трымаючыся за іх, даследчык рушыў дахам ажно да самых «дальнякоў». Але і там крыніцы грукату не знайшоў. Ні зверху, ні па адхонах, ні за
Сляды ад удараў, што праўда, былі цалкам відавочныя. Драпіны на фарбе, хаця і не дужа глыбокія, так і тачыліся ў вочы. Будучы на ўзвышшы, няўрымслівы следапыт наноў вярнуў рэжым бінокля і яшчэ раз агледзеўся. Каменне, горы, пясчаныя наносы… Усё як звычайна.
– А гэта яшчэ што за трасца?! – выгукнуў ён, узварушыўшыся.
– Што? Што ты там заўважыў? – захвалявалася памочніца.
– Паўночны захад. Метраў дзвесце ад базы. Я цяпер гляджу туды. Выведзі сабе карцінку ў добрым разрозненні.
– Зараз, – не сказала, а выдыхнула жанчына, яе пальцы шпарка забегалі па клавіятуры.
– Ну, што? Ты гэта бачыш? Ці яно мне толькі мроіцца? – не цярпелася Ягору.
– О госпадзе! – забожкала Марына. – Гэта сляды? Адбіткі нечых ног?
– Вялізных ног, – важным тонам спрактыкаванага даследчыка ўдакладніў археолаг.
– Вяртайся на базу!
– Не. Будзь гатовая адчыніць мне браму ангара. Я вазьму легкавоз і зганяю туды. Агледжу і сфатаграфую. А пасля ўжо на базу. Дый то дзеля карэкцыі маршрута беспілотніка.
– Які ты няўмольны!
– Няма часу быць іншым.
Ён спусціўся і пакіраваў да транспартнага адсека. Датрыманне правілаў бяспекі забірала час, але без гэтага было немагчыма. Калі ты, вядома, не спяшаешся ў змрок пагібельны магільны. Ягор не спяшаўся. Як упораўся, так і выкаціў з ангараў на лёгкім марсаходзе.
Баяўся памыліцца з кантрольным пунктам. Папрасіў Марыну перадаць на бартавы камп’ютар каардынаты. Здавалася б, нейкія тры сотні метраў, але і на іх можна было схібіць ці няўрокам праехацца і знішчыць заўважаныя сляды. Каханая трошкі завазёкалася з уводам звестак. Нібыта зноўку намякала, што не хацела б адпускаць
– Не вопрамеццю гані, – параіла жанчына.
– Ганю ўздоўж берага 99 кіламетраў за гадзіну, – баламуціў Руткоўскі.
– Мая кепская дзетка, будзь поруч з нябеснай мной, – не міргнуўшы вокам, падхапіла Гваздовіч.
– Летні сум, – ледзь стрымліваючы смех, азваўся каханы.
– Летні сум. О, о-о-ўго, – выдала яна і засмяялася так, як даўно ўжо не дазваляла сабе. – Ты думаў, я не ведаю гэтую песню? Зусім малюпаськай была, але напявала яе следам за тэлевізарам. Пазней шмат разоў успамінала.
– Божа, які я стары! – манерна пракурняўкаў на гэта Ягор, паціху ад’язджаючы ад базы.
– Не прыбядняйся, старэча! – перахапіла яна яго манеру. – Сам, напэўна, пад арыгінал песні не адну студэнтачку спакусіў!
– Ты ж цудоўна ведаеш, што ў мяне да цябе нікога не было! – доўжыў і множыў ён няўрокам распачатую батлейку.
– Ага, два дні да мяне ў цябе нікога не было, – заліваючыся смехам, паправіла каханка.
– Кадук! – з зусім іншым настроем выкрыкнуў Руткоўскі, моцна хапаючыся за стырно. – Віхор з левага боку! Метраў за пяцьдзясят! Прэ проста на мяне! Вялікі!