– Калі б у кнізе былі дакладныя правілы гэтай гульні… Што да раскопак, то я ніколі не планую знайсці нешта пэўнае. Я ўсяго толькі вызначаю месца, дзе трэба капаць. І вось у гэтым мне часам шанцуе.
– А да чаго тады твой тост?
– Натхніла твая згадка пра медытацыю.
– Чароўны сумнеў пустэчы.
– Дружа, ты цудоўна ведаеш, якім медытацыям я аддаваўся ў часы роспачы пасля сыходу каханай, – нібыта і спакойна, але адначасна з горыччу казаў Руткоўскі. – Звычайная такая медытацыя ўключала нуль семдзесят «белай», літруху «таматэлы», купу кранальных згадак пра Марыну – і ўсё гэта прыпраўлялася страшным пытаннем без адказу «Чаму?», ад якога пачыналася медытацыйная дрыготка. Якія ўжо ж тут шкляныя перлы! Хіба што кубікі лёду іншым разам у шклянку дадаваліся. Градус адымалі. Але ці адымалі роспач? Наўрад ці. Зрэшты, як і кактэйлі без лёду. Клопат не знікаў. Ап’янелы, я ўсё глыбей занураўся ў думкі, якія ад алкаголю рабіліся больш вычварнымі і дакучлівымі. Адзіным ратункам па першым часе здаваўся сон. Але неўзабаве я зразумеў, што памыліўся. Упіўшыся, я правальваўся праз сяйво пякучых думак у прадонні сненняў, дзе мой клопат набываў такія гіпертрафаваныя і сюррэалістычныя формы, што душа працягвала балець нават там – у
– І сум мяне гартае…
– Гартае. Але, напэўна, мне быў патрэбны гэты досвед самаразбурэння.
– Вельмі небяспечны досвед. Рызыкаваў саслізнуць у прорву, з якой звароту няма.
– Так. Я бачыў гэтую прорву. Вось як бачу цябе. І яна мне не пакаціла. Не прыпала, разумееш, да смаку. Можа, таму я і спыніўся. Хаця, калі зірнуць інакш, здаецца, што спыніўся не я сам, а спыніла мяне каханне да Марыны. Незнікомае каханне.
Сябар з універсітэта транспарту зірнуў на Ягора так, нібы збіраўся сказаць нешта накшталт: «Ды ў цябе дах сарвала, дружа». Але не сказаў. Папрасіў апавесці пра
Афіцыянтка акурат прынесла гарачае – стэйкі з індычыны пад бруснічным соусам, а следам і гарніры: рыс кары для археолага, смажаную долькамі бульбу – для яго суразмоўца. Гэтыя завіханні трошкі адцягнулі пачатак аповеду Руткоўскага. Ён шалапутна муркнуў дзяўчыне колькі прыемных слоў, пасля чаго зноў напоўніў кілішкі і, працінаючы сябра
– Дай божа, каб было гожа, а што не гожа – не давядзі божа! – пасля павіслага на пяць з чвэрцю секунд маўчання скрасамоўнічаў той.
Археолаг трошкі ўхмыльнуўся, але прамоўленае падтрымаў. Выпілі. Узяліся за ежу. Жанглюючы нажом і відэльцам, Ягор пачаў дзяліцца сваёй гісторыяй. Згадаў усё чыста. Ад моманту, калі з аўтобуса ўбачыў Марыну і Марку, да дзіўнага прызнання Ядранкі ў аэрапорце.
Сябар з універсітэта транспарту нетаропка закусваў і вельмі ўважліва слухаў шчыроты Руткоўскага. Іншым разам вочы сябра акругляліся ад подзіву, а сам ён ледзь выседжваў на месцы, каб не ўскочыць і не рэкнуць: «Не можа быць!» З усяго пачутага яго найбольш уразіла і нават усхвалявала не здарэнне з самалётам над Прыднястроўем, а менавіта прызнанне харваткі.
– Ты верыш гэтаму? – пацікавіўся ён.
– А шыцікі яго ведаюць! – трубным голасам выбухнуў археолаг, дапаўняючы выбух выразнай мімікай. – Часам веру, а часам і не. Справа блытаная, як бабуля ў кіяхах.
– Блытаная? – наўмысна перапытаў сябар з універсітэта транспарту, каб адразу ж працягнуць: – Блытаная справа ў цябе пачалася пасля сыходу Марыны. Ты ж заўсёды быў такі рацыянальны. Не пускаў у сябе містыку. Не верыў у фатум. А калі Марына пайшла, твая рацыянальнасць не тое што пахіснулася, яна мала не дашчэнту зруйнавалася. Калі ты гаворыш пра яе і вашу з ёй супольную будучыню, ад цябе за вярсту тхне невыцерпным правідэнцыялізмам. Так і чакаю пачуць ад цябе што-небудзь у духу сярэднявечных летапісцаў. «З напущенья Господняго» ці яшчэ нешта падобнае. А гэтая цётка з гісторыяй сваіх недалюбошчаў, аформленай пад гісторыю праклёну, толькі ўскладніла становішча.
– Ты бойка мовіш. Але бачыў бы гэтую цётку – слінкі пацяклі б, – з п’янаватым карчомным гумарам уклеіў Ягор.
– Няўжо такая прыгажуня?
– Красуня маляваная.
– Але ты ўсё адно на яе не клюнуў. Так?
– Калі шчыра, то тады я не хацеў, каб наша з Ядранкай прагулянка скончылася ложкам. Але ў святле падзей апошняга тыдня дапускаю, што мог бы і не стрымацца, калі б не ўдар па галаве.
– Во як, – здзівіўся цікаўнік. – А што за падзеі на гэтым тыдні адбыліся?
– Памятаеш Насту – сяброўку Марыны?
– Ротаршнапс?
– Ройтшванец.
– Дык я ж яе і маю на ўвазе.
– Ты на ўвазе, а я наяве. Фэрштэйн?
Сябар з універсітэта транспарту, які акурат жаваў сакавіты кавалачак індычкі, раптоўна замёр з разяўленым ротам, недаверліва вырачыўся на выхваляку, паспешліва пракаўтнуў мяса і з непрытоеным сумневам удакладніў:
– Троя для ўцехі душы сцены раскрыла каню?
– Менавіта! – з хмельным гонарам пацвердзіў Ягор. – Чыстая неакілзаная жарсць. Галава кругам ідзе. Аж дагэтуль не верыцца.
– Ах ты стары распуснік! – смехам паўшчуваў яго сябар з універсітэта транспарту.