– А што не так? Усё паводле класікі. «Век веком сказываеть: сивизна в бороде и чорт в лидвях за поесом».

– З аднаго боку, пра наканаванасць быць з Марынай на кожным рагу дудзіш, а з іншага – хапаеш за грыўку яе сяброўку, «што бы где щупнути солодкого мяса». Нестыковачка выходзіць. Ці хочаш сказаць, што каханне да Марыны ўсё ж мінула?

– Не мінула. І не міне, – без найменшай перамены эмоцый адрэзаў археолаг. – Але пры гэтым мушу падкрэсліць, што я ніколі не прысягаў устрымлівацца ад сексу, чакаючы Марынінага вяртання. Сустрэчы з Настай для мяне нічога сур’ёзнага не значаць. Толькі разрадка…

– Сустрэчы? – прагучала поўнае новага здзіўлення пытаннечка.

– За мінулы тыдзень пяць шчыльных сустрэч.

– Нішто сабе разрадка… А зрэшты, добра, што ўсё вось так пайшло. Наста – дзеўка хвацкая, з ёй ты паступова забудзешся пра Марыну і вернешся да звычайнага жыцця ды прадказальных паводзінаў. Без гэтае балбатні пра промысел божы.

– Калі ты не зразумеў, то патлумачу яшчэ раз. Я сустракаюся з гэтай, як ты сказаў, дзеўкай толькі дзеля сексу.

– А калі яна ў цябе закахаецца? Ці нават ужо кахае?

– Гэта яе праблемы. Я нічога ёй не абяцаў. Дый яна з мяне ніякіх клятваў не брала. Калі ўжо ходзіць да мяне на салодкае ложа, значыць, ёй самой гэта патрэбна, – холадна зазначыў Руткоўскі, захінаючы рукою твар, бо ўгледзеў, што дзяўчаты праз тры столікі ўзяліся рабіць сэлфі.

– Ох ты ж знаўца жаночае душы! – скептычна пырхнуў сябар з універсітэта транспарту. – Дзеўка ж яўна замуж намерылася.

– Са мной ёй дакладна ў гэтым сэнсе не пашанцуе. Калі жадаеш, можаш сам паспрабаваць яе ашчаслівіць замужжам. Пярэчыць не стану. Ці магу яшчэ з харваткай звесці. Тая таксама чагосьці хоча. Можа, паразумеецеся. Калі яе праклёну і страты галавы не баішся.

– Які ж ты цынік! Хаця я і разумею, з якога яйка гэты цынізм вылупіўся…

– Я не цынік. Я рэальна гляджу на жыццё.

– О, так! Адзін з тых, хто рэальна глядзіць на жыццё! Не смяшы мае штангенцыркулі! Ведаеш, як ты глядзіш на жыццё?

– Як?

– Як тыповы супярэчлівы літаратурны герой эпохі рамантызму!

– Гэтая заўвага павінна мяне зачапіць?

– Не зачапіць, а даць грунт для роздуму.

– Дзякуй. Па шчырасці, мне ўсё адно, кім я выглядаю для іншых – Чайльд-Гарольдам, слаўным старабеларускім Трышчанам ці паскудным збаёдкам з ранніх твораў Бахарэвіча. Я такі, які ёсць. А тое, што мяне могуць успрымаць контрверсійна, мне і без тваёй заўвагі вядома. Я ж не наіўны хлопчык-несмысель, – узбурана закруціў Руткоўскі.

– «Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык і ўмею ўжо лётаць у сне», – сябар з універсітэта транспарту толькі і знайшоў, што працытаваць класіка.

– З гэтай нагоды тост, – больш весела загаманіў Ягор і пацягнуўся па запацелы графін.

Калі ён ізноў пачаў напаўняць кілішкі, маладжавы мужчына з цёмнымі кругамі пад вачыма голасна папрасіў бармена ўключыць гук тэлевізара. Археолаг машынальна перавёў позірк на экран і не змог адарвацца. Сябар з універсітэта транспарту азірнуўся, каб зразумець імгненную перамену ў суразмоўцу, які выглядаў так, быццам утаропіўся ў запіс найлепшай гульні легендарнага берасцейскага жаночага футбольнага клуба «Вікторыя-86».

Рэч, ведама, была ў іншым. Фотаздымкамі Марыны Гваздовіч і яе мужа суправаджалася інфармацыйнае паведамленне, змест і сэнс якога рабіліся зразумелымі спакваля. «Мяркуецца, што Марку Пыркэлаб не ўправіўся з кіраваннем матацыкла, матацыкл урэзаўся ў дарожную агароджу, вылецеў за межы трасы і ўпаў са скалы ў мора», – абвяшчаў дыктар голасам, у якім не знаходзілася месца нават для прывіднай ноткі спачування.

На экране замільгацела відэанарэзка з месца здарэння: зламаная агароджа, стромкі адхон, вострыя камяні і марскія хвалі, што б’юцца аб іх. Тут жа – машыны паліцыі і ратавальнікаў, пад’ёмны кран, з дапамогай якога з мора выцягвалі пакарабачаны матацыкл. «Вядома, мы да апошняга спадзяёмся, што сямейная пара здолела перажыць катастрофу, – тлумачыўся паліцэйскі чын. – Аднак, на наш вялікі жаль, верагоднасць шчаслівай развязкі мізэрная». Перш, чым перайсці да іншае тэмы, дыктар нагадаў гледачам, што ўдзельніца трагічнага здарэння была ўраджэнкай Беларусі, і паабяцаў, што служба навін будзе пільна сачыць за развіццём падзей. «Во ліха», – крэкнуў мужчына пры барнай стойцы і замовіў яшчэ адзін куфаль цёмнага.

Агаломшаны сябар з універсітэта транспарту адвярнуўся ад экрана і зірнуў на Руткоўскага. Той па-ранейшаму сядзеў нерухома, трымаючы ў руцэ графін. Твар збялеў. Па шчоках каціліся слёзы. Вырваць яго з гэтага стану выявілася заняткам не з простых. На словы ён не рэагаваў. На спробы паварушыць – таксама. Забраць графін не выходзіла – надта моцна кумпан сціскаў яго. З’явілася думка паклікаць на дапамогу кагосьці з працаўнікоў бара. Але тут заспяваў мабільнік здранцвелага, і той амаль адразу ачуняў – няўклюдна паставіў графін, няўцямна азірнуўся навокал, неахайна дастаў з кішэні тэлефон і нядбала прыняў званок.

Тэлефанавала Іванкавіч.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже