– Ты ўжо чуў навіны з Канстанцы? – пасля кароткага прывітання паспяшалася даведацца яна.

– Чуў! Чуў! Але чаго тут ты?! Чаго ты прыліпла да мяне, як смала да дзіравай падэшвы?! – не на жарты ўсхадзіўся Ягор, гучным крыкам напужаўшы наведнікаў і персанал.

Гнаны на крык, хуценька прыбег ахоўнік. Паспрабаваў утаймаваць парушальніка няпісаных правілаў грамадства камфортнага спажывання. Парушальнік жа адмахнуўся ад яго, як ад дакучлівае мухі эпохі разлажэння феадалізму, ускочыў з месца і стаў матляцца па зале, размаўляючы па тэлефоне. Харватка ўправілася выдаць нізку слоў дзеля заспакаення. На яго гэта не дзейнічала, але гутарку ён не спыняў. Сябар з універсітэта транспарту узяў на сябе перамовы з рашуча настроеным ахоўнікам.

– І што ты сабе думаеш? – ужо без крыку, але ўсё адно досыць голасна запытваў Руткоўскі. – Думаеш, калі Марына разбілася, значыць, я адразу сігану ў твае абдымкі?

– Не, – нібыта ступаючы праз лёгкую збянтэжанасць, запярэчыла жанчына. – Я проста не хачу, каб на фоне гэтай трагедыі ты нарабіў глупстваў. Ты добры навуковец і цікавы чалавек. Не хацелася б, каб свет цябе страціў.

– Пакінь свае псіхалагічныя выкруты для тых, хто ў іх сапраўды мае патрэбу. І не ўздумай мяне кахаць. Чуеш? Я не хачу зламаць сабе галаву ў віры твайго забойчага магічнага рэалізму.

– Ты ж ведаеш, што я сама не ў захапленні ад гэтага наслання.

– Знайдзі сабе якога-небудзь фізіка для доследаў дыфракцыі Фраўнгофера і халоднага сексу без абавязкаў, а ад мяне адчапіся!

Гутарылі па-англійску, і зусім не кожны з выпадковых сведак змог зразумець сэнс фраз, якімі сыпаў і сыпаў у слухаўку гэты ўзбуджаны знерваваны мужчына. Аднак былі і выняткі.

– Гэта што ты там пра фізіка ляпнуў? – не стрымаўся аматар піва з цёмнымі кругамі пад вачыма.

– Адкасніся. Не бачыш, што я па тэлефоне гутару?

– Што ты супраць фізікаў маеш?

– Не влюбляйся, не пей вина и на лбу у себя высеки: «Жизнь тебе для того дана, чтобы ты посвятил её физике», – на аўтамаце прадэкламаваў археолаг, спадзеючыся, што для адчэпнага гэтай тырады будзе дастаткова, а ён дагаворыць з Ядранкай.

Сябар з універсітэта транспарту адчуў небяспеку адразу ж. Рынуўся да Ягора, каб як мага хутчэй адцягнуць ад абражанага аматара фізікі. Але позна піць баржомі перад вогнішчам інквізіцыі. Мусіў адно канстатаваць маланкавую рэакцыю «півасёрба» і папераджальна гаркнуць у бок гэтага крыўдлівага гаўрыка: «Толькі не па галаве! Ён пасля бальніцы!», – ні кроплі не верачы, што яго заклікі ўтаймуюць гвалт.

Не ўтаймавалі. Аднаго ўдару ў скронь хапіла, каб не падрыхтаваны да нападу дэкламатар страціў раўнавагу і ўпаў. Ахоўнік з пачуццём уласнай значнасці скруціў новага буяна, які ўжо збіраўся станчыць крыжачок на целе здужанага ворага, імітуючы зыкі п’янага тэрменвокса.

Прысеўшы каля Руткоўскага, сябар з універсітэта транспарту бясплённа папнуўся вярнуць таму прытомнасць і ўрэшце забурчэў: «Схадзілі, трасца, у барчык. Пагаманілі, курва, за жыццё». Поруч ляжаў мабільнік, з дынамікаў якога чуўся ўстрывожаны жаночы голас: «Алё, Ягор! Алё! Што здарылася?! У вас там не тэракт?!» Люд у бары запытальна казеліўся на месца здарэння. Дзяўчаты праз тры столікі прымалі першых сардэчных сабачак за дрольны відос, толькі-толькі выкладзены ў сяцюльку.

* * *

Глебу для свайго знікнення Марына і Марку рыхтавалі з часу канферэнцыі, на якой пабачылі ўсмешлівага Ягора. Ідэя імітаваць уласную пагібель нарадзілася ў Марыны. Спачатку гэта здавалася занадта фантастычным. Марку нават не адразу патрапіў загарэцца жончынай задумай – настолькі нерэальным усё выглядала. Ён не тое каб яе адгаворваў, але досыць часта капаў на мазгі пытаннем: «Можа, нешта іншае вынайдзем?» Калі жонка перакідвала мячык ініцыятывы мужу ў рукі, муж не ведаў, што з ім рабіць, бо прапанаваць наўзамен нічога не меў. Так Гваздовіч толькі ўмацоўвалася ў слушнасці сваёй задумы.

Тады, пасля заканчэння ўніверсітэта, быў вельмі зручны момант. Марына лічыла, што менавіта ў гэтыя месяцы – пакуль яны ўдваіх на раздарожжы, на парозе новых сацыяльных роляў – трэба рашуча дзейнічаць, бо прамаруджанне выглядала недаравальным. Ні Марына, ні яе сужанец не ведалі, якія рэкі выходзяць з берагоў у галаве Руткоўскага. Прадбачыць яго наступны крок, вызначыць новую мэту, якую ён абярэ для чарговай атакі, было немагчыма. Але не выпадала сумнявацца: Ягор будзе доўжыць і множыць свой дзівачны партызанскі супраціў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже