Таму і хацелася згуляць на апярэджанне. Скарыстацца сітуацыяй і часам. Каб не спазніцца. Каб не паспець абцяжарыцца працаю. Каб не апавіцца шлейфам новых сувязей. Словы пра адклад успрымаліся як маладушнасць. Але заразом у іх таілася і боязь імавернае паразы. Гонячы прэч трывожныя думкі, Гваздовіч паўтарала, нібыта заклён: «Калі мы не зробім гэта зараз, мы не зробім гэта ніколі».

Немінучасць вялізных перамен у жыцці, якія цягнула за сабой ажыццяўленне ідэі, сямейная пара мусіла добра ўсвядоміць. І Марына, і Марку разумелі, што жыць давядзецца пад чужымі прозвішчамі і, хутчэй за ўсё, па-за межамі Румыніі, а пагатоў Беларусі. Разумелі, што повязі з бацькамі давядзецца істотна звузіць. Што бальшыня сяброў і знаёмых павінны будуць застацца за бортам іх таямніцы, а значыць, і па-за колам іх новага жыцця. Развагі пра гэта выдаваліся невымерна балючымі. Асабліва наракаў Марку, моцна прывязаны да матулі. Марыне ўявіць сваё будучае становішча было трохі прасцей, бо яна і без таго апынулася ад бацькоў не за два кварталы і вузкі завулак. Нагадвала мужу пра гэта. Той нібыта і пагаджаўся – дарослае жыццё, вымогі рашучых крокаў, самастойнасць… Але ўсё адно час ад часу яму не ўдавалася адужваць навальнасці сантыментаў да бацькоў. Не менш яго засмучала і перспектыва назаўсёды пакінуць сваіх матацыклетных братоў. Жонка і тут была напагатове: спакваля накідвала думку, што дзеля сямейнага шчасця і спакою варта ахвяраваць і гэтым.

– Ніхто ж не кажа, што пасля нашага знікнення ты перастанеш ганяць на матацыкле, – добрай феяй намаўляла яна. – Будзеш ты ганяць, але тваімі таварышамі зробяцца іншыя людзі. Так часта ў жыцці бывае. Нават без наўмыснага знікнення.

– Нездарма людзі кажуць, што змена жыхарства – няпростая рэч, бо мусіш пакінуць свой абжыты свет, – задуменна цягнуў ён. – А ў нас, як ні круці, пакуль ад усяго выходзіць болей мінусаў, чым плюсоў.

– Калі ты ясна ўсвядоміш, што ёсць адзін адчувальны плюс, які пераважыць усе мінусы, тады і твой настрой, і ўвогуле стаўленне да задумы зменяцца на лепшае.

Яны часта пакідалі горад, выязджаючы на матацыкле да любімага месцейка на ўзбярэжжы. І там – пад шум хваль – абмяркоўвалі дэталі будучага знікнення. На першай жа выязной сямейнай радзе прыйшлі да відавочнай высновы: без процьмы выдаткаў не абысціся. Выдаткаў і маральных, і грашовых. Можна было знікнуць хітра, мудра, невялікім коштам, каб на трэці дзень дастацца выкрыццю. Сужэнцам такога шчасцейка і задарма было не трэба. У разважаннях, не ўмаўляючыся, узбіліся на адну і тую ж рацыю: варта знікаць, маючы гарантаваную будучую працу, дзе нікога не цікавіла б іх мінулае, а патрабаваліся толькі прафесійныя якасці. Але нязводным заставаўся клопат, як і дзе такую працу адшукаць?

Нельга ж было заявіцца ў першую-лепшую фірму і, падаючы рэзюмэ, змоўніцкім шэптам запытацца: «У вас не знойдзецца двух месцаў для парачкі прыродазнаўцаў, якія неўзабаве хочуць імітаваць перад астатнім светам уласную пагібель?» Да пошуку мусілі паставіцца вельмі асаблівым чынам. Паспрабавалі адштурхнуцца ад прапаноў, атрыманых напрыканцы навучання ў Авідыі.

Прапаноў было нямала. Больш за палову з іх выглядалі б дужа прывабна, калі б не намеры знікнуць. Сумоўі, якія загадзя ўяўляліся п’ескамі з шаблонным сюжэтам, паказалі, аднак, што могуць набываць нечаканыя абліччы. То наймальнікі ў ролях добрага і злога паліцэйскіх. То перавага пытанняў сексуальнай тэматыкі з пажадлівым позіркам даручэнкі працадаўцы на Марыну. То абмеркаванне ўмоў уладкавання за супольнай відэагульнёй у кадравым аддзеле, стылізаваным пад геймерскі клуб. Нягледзячы на здзіўленне і разрыў шаблону, з усіх сустрэч пара намагалася неўпрыкмет вывудзіць сапраўды каштоўную для сябе інфармацыю.

Прынамсі ў двух офісах надыходзіў звінючы момант, калі здавалася, што яшчэ крыху – і можна будзе абмеркаваць сапраўдную мэту візіту. Аднак толькі Гваздовіч паспявала адкрыць рот, каб пачаць акуратненька наразаць праўду-матку, з другога боку барыкад паспяшалі ўклеіць крыўду-бацьку, як назвала гэта потым для сябе беларуска. І ўклейвалі так, што маладым людзям заставалася толькі дурненька ўсміхацца і шукаць найменшую зачэпку, каб хуценька і незваротненька уцячы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже