Беспілотнік вельмі акуратна ляцеў зададзеным курсам: нідзе не хібіў, нечаканых перашкод – высокіх гор ці звышмоцных вятроў – не сустракаў. Усё абсталяванне функцыянавала спраўна: і рухавік на сонечных батарэях, і відэакамеры, і сканер геалагічнай выведкі. Каардынаты пункта прызначэння былі прыблізнымі – грунтаваліся на спробах Ягора і Марыны вылічыць квадрат, у якім упала насавая частка «Навухаданосара». Размяшчэнне абломкаў карабля беспілотнік і павінен быў урэшце ўдакладніць. Потым меркавалася перанакіраваць яго на захад, каб праз дзесяць кіламетраў развярнуць назад на «прыстанішча». «Дзесяць кіламетраў шалёнаму сабаку не крук», – пасмейваўся Руткоўскі, прыгадваючы адзін з улюбёных бацькавых выразаў. «Крук» дазваляў беспілотніку атрымаць болей звестак пра як мага шырэйшы абсяг. Асабіста Ягору данясхочу карцела разгадаць таямніцу адшуканых каля базы слядоў.
Намёкі на сляды трапляліся зрэдку і выглядалі вельмі няпэўнымі. Часцей за ўсё яны былі спараджэннем гульні святла і ценяў. Беспілотнік даў магчымасць пабачыць частку марсіянскай паверхні з вышыні птушынага палёту, як бы дзіўна гэты выраз на Марсе ні гучаў. У рэжыме рэальнага часу пасяленцы сузіралі фантастычныя краявіды. Ягор, як і раней, быў апантаны мацней за Марыну. Ёй увесь час хацелася збегчы ці ў «цяпліцы», ці пачытаць, ці нават на кухню. Калі яна і глядзела ўважліва на манітор, то толькі ў спадзяванні заўважыць нешта, што даказвала б яе нядаўнюю нясмелую здагадку пра сапраўдную сутнасць
Адзінокія ўзгоркі і цэлыя ланцугі гор накшталт фіёрдаў. Усеяныя каменнем даліны і вылізаная ветрам пясчаная паверхня кратарнага жарала. Не адрываючыся ні на секунду ад манітора, Руткоўскі ў душы зайздросціў апарату – бяздушнай, дарма што
– Паглядзелі б усё ў запісе, – уздыхнула Гваздовіч з ледзь прыхаваным шкадаваннем. – Іншай працы вышэй за грыву, а мы гэтыя мульцікі глядзім.
– Папрацуем заўтра. І ў марісянскага бога дзён многа, – спакойна прамовіў на гэта Руткоўскі. – Нікуды твае градкі не падзенуцца. А тут ёсць шанец убачыць нешта важнае.
– І што ты там мяркуеш убачыць? Стотрыццаціфутавага волата Джуга? – з крыху паблажлівай усмешкай пацікавілася жанчына.
– Так. А яшчэ ангар з трыногамі, дом з крыштальнымі калонамі на беразе высахлага мора, красуню Аэліту каля ўкрытага блакітнавата-сталёвым панцырам канала Стрымон, – з сур’ёзнай мінай плёў той.
– Ага. Дык цябе на Аэліту пацягнула. Мяне табе ўжо мала?
– Ды дзе ўжо ёй з табой спаборнічаць! – усміхаючыся, яўкнуў у манеры Варгіна Ягор. – Ты па-за канкурэнцыяй. Ніводная марсіянка не зраўняецца з табой. Далібог!
Ён памкнуўся да яе, апавіў рукамі і прытуліў да сябе. Яна працягвала бавіцца роляй
Бакавым зрокам яны выхапілі мільгаценне на маніторы і ўраз павярнуліся. Карцінка не пераставала мільгацець. Нестабільнасць руху была навідавоку. Нестабільнасць – гэта яшчэ мякка сказана! Беспілотнік не проста адхіліўся ад курсу, – ён віхляў. І віхляў абы-як! Яго кідала з боку ў бок і адначасова круціла. Штосьці змяніць не атрымлівалася. Машына папросту не рэагавала на дыстанцыйнае кіраванне. Пасяленцам давялося тужліва назіраць, як яшчэ зусім нядаўна надзейны апарат цяпер бездапаможна страчваў вышыню, каб неўзабаве зарыцца носам сярод вялікіх каменных патарчак.
Колькі пасля ні праглядалі відэазапіс, не маглі з яго выхапіць прычыны раптоўнай страты кіраванасці. У рэжыме запаволенага прагляду ўдалося прыкмеціць нешта падобнае да абломкаў «Навухаданосара». Карцінка была дужа няякасная: размытасць, змазанасць, «снег». Здарэнне дало Марыне лішнюю нагоду паўтарыць, што ніякі гэта не Марс, а вялізны палігон з адпаведнымі дэкарацыямі, за якія іх папросту не пускаюць.
– Ведаеш, такія дэкарацыі не на адзін мільён долараў пацягнуць. І хто б стаў марнаваць столькі коп грошай, каб абдурыць двух чалавек? – скептычна порснуў Руткоўскі.
– Калі гэта ўсё дзеля нейкага істотнага сацыяльнага эксперыменту, то вельмі проста мог бы знайсціся ахвочы раскашэліцца, – не адступала яна.