– Марына! Мілая мая! Апамятайся, калі ласка! – маліў археолаг, гледзячы на яе сваімі яснымі, хаця і натомленымі, вачыма. – Ну якая працоўная версія? За сценкамі базы ніякі не палігон. Гэта сапраўдны Марс. У нас тут з табой куча разумных машын, якія даўно гэта засведчылі. Толькі не кажы, што іх так запраграмавалі, што яны даюць нам фальшывыя звесткі, што ўсё робіцца, каб падмануць нас. За гэтымі сценкамі чужая планета, па якой, на жаль, мы не можам шпацыраваць без адмысловых захадаў бяспекі. Нават без сведчанняў машын я адчуваю гэта. Ты сама неўзабаве адкінеш свае дзівацкія сумневы і наноў пераканаешся, што мы на Марсе. Мы пачнём здабываць лёд. Мы адкрыем радовішча таго загуменнага мінералу. Мы здзейснім вялікую вандроўку да абломкаў карабля. І павер, усё будзе пацвярджаць, што ніякія гэта не дэкарацыі.
– А «Навухаданосар»? – няпэўна хапаючыся за яшчэ адзін аргумент, скрозь смутную вясёлку слёз спытала каханая.
– То-бок? – не зразумеў мужчына.
– Назва карабля. Чаму яна такая? Як цар Навухаданосар звязаны з Марсам?
– Я не думаў пра гэта. Трэба пашукаць. Можа, нейкая сувязь і ёсць. А чаму ўвогуле ты з гэтага пераймаешся?
– Проста я ведаю адзін карабель з такой самай назвай.
– Не-не-не, – здагадваючыся, куды яе нясе, запярэчыў Руткоўскі. – Гэта ўсяго толькі супадзенне.
– Антыгравітацыйны карабель ХХІІ стагоддзя, прызначаны для перамяшчэння па каналізацыі і падключэння да віртуальнага асяроддзя – матрыцы, якая імітуе рэальнасць XX стагоддзя. Безумоўна, супадзенне, – саркастычна ўсміхнулася Гваздовіч, змахваючы прывідныя слязіны.
– Але ж у фільме карабель быў па-за імітацыяй рэальнасці, – нагадаў Ягор, які ўпэўніўся, што са здагадкаю не спудлаваў. – Таму параўнанне нашага «Навухаданосара» з кіношным выглядае не зусім дарэчным.
– І чаму ж тады ў «Coböl» вырашылі гэтак жа назваць наш карабель?
– Ды розныя прычыны быць маглі. Можа, у іх там нейкая свая ўнутраная логіка. Можа, Навухаданосар – негалосны сімвал ці накшталт таго.
– Я некалькі гадоў на іх працавала, але нічога такога не чула.
– Тады трэба з іншага боку падысці да
– О так, памятаю я твае крамзолі на паштоўцы, марсіянін, – выдыхнула жанчына, пасвятлеўшы ад нечаканага цёплага ўспаміну.
Руткоўскі так і не здолеў давесці ёй слушнасць сваёй пазіцыі. Але яна прыкметна супакоілася, скінуўшы з сябе навальны вэлюм прыгнечанасці, які дужа не падабаўся яму. За вячэрай яны ўжо амаль не закраналі гэтую тэму. У спачывальні ж, пасля вядомай долі ўзаемнай пяшчоты, нібыта вяртаючыся да тэмы