Калі-нікалі ў тумане з’яўляліся прасветы. Тады Руткоўскі спаўзаў з канапы, фатэля або ніадкуль не спаўзаў, а прыўзнімаўся з падлогі і, гнаны інстынктам, учыняў рэйд на халадзільнік. То бутэрброд. То яешня. То плаўлены сырок з цвіллю. Зрэшты, ад раскошы цвілі яму хапала ўважлівасці ўчасна пазбаўляцца. У ракавіне, між тым, грувасціўся нямыты посуд. Пустыя і паўпустыя бутэлькі покатам ляжалі па ўсёй кватэры. З калонак кватэрную прастору шчодра паліваў закальцаваны выпадковы плэйліст – прайграць усё. З прыбіральні тхнула стайнямі цара Аўгія. З галавы ніяк не выветрывалася адчуванне непапраўнае бяды. Пасля некалькіх выкананых на аўтапілоце рытуалаў мужчына вывуджваў з хатняга бара яшчэ адну пляшку, каб з той ці іншай мерай спрытнасці скруціць ёй шыю і паступова вызваліць ад здрадлівага, але і гаючага вязьма.

Здаралася, што, не ўгадваючы перыяды туману і прасветаў, да Ягора спрабавалі дастукацца. То Ядранка (праз антыскайп), то сябар з універсітэта транспарту (праз тэлефон). Вядома, заканчваліся гэтыя спробы паразамі. Заскочыўшы (а казаць, што ён проста пайшоў, не выпадае) у запой, археолаг не спяшаўся выбірацца з алкагольнай багны і ўпарта адпрэчваў працягнутыя – хай сабе і праз сродкі сувязі – рукі дапамогі. Гергетаў у мікрафон ці слухаўку дзіўны набор слоў і сэнсаў, галоўную ідэю якіх наўпрост зразумець было авой як нялёгка. Зрэшты, і без перакладчыка з алканаўцкае на людскія мовы добразычліўцы здагадваліся, што іх папросту пасылаюць да ліха матары.

Чарговы прасвет адбыўся пасля серыі шэрых сноў, у якіх яны гулялі з Марынай па беразе мора, а бераг выглядаў то набярэжнай Сожа, то ваколіцамі возера Ліцвін, то чыгуначнай станцыяй Рамонкава. Каханая то несла ў руках кошык з блакітнымі суніцамі, то каціла матацыклет, у якім скончылася паліва, то круціла дыск старога тэлефона. Ягор жа ўвесь час адчуваў трывогу. Яны крочылі, але нікуды не маглі прыйсці. Мора шумела, але зірнуць на яго не выходзіла – галава, нібы знарок, не хацела туды паварочвацца.

«Гэта ты не дазваляеш мне зірнуць на мора?» – пытаў Ягор у спадарожніцы, а яна заміж адказу толькі загадкава пасміхалася, складвала вусны банцікам і перадавала яму ў рукі разбіты гліняны гаршчок. Пакуль Руткоўскі разглядаў на ім узоры, спрабуючы вызначыць, мілаградскай ці банцараўскай археалагічнай культуры яны належаць, каханая знікла. Дакладней, знікала, бо гэты момант аднаўляўся ў сне колькі разоў і заўсёды міг знікнення заставаўся незаўважаным, як тое несціханае мора, што бушавала зусім побач.

Удалечы на сцежцы археолаг штораз прыкмячаў кропку, у якой сэрца пазнавала Марыну. У прывідным спадзеве дагнаць ён намагаўся перайсці на бег і гукнуць яе. Але ногі адразу ж рабіліся ватнымі, а покрык захрасаў у горле разам са словамі «Марына, пачакай!» або «Не ўцякай, каханая!» Ад роспачы ён спрабаваў плакаць, але тут жа цяміў, што не мае слёз, таму вырашаў прасіць іх у мора. Паварот галавы гэтым разам адбываўся зусім нязмушана і натуральна. Але замест бясконцага воднага прасцягу Ягор бачыў толькі пустэльню, па якой блукалі віхуры, носячы ў сабе словы і сэнсы, якіх яму так бракавала, каб правільна дакрычацца да Марыны.

«Words don’t come easy to me…» – ляцела з калонак, ледзь трымаючыся ў двукоссях. Мужчына знайшоў сябе на складзенай канапе, якая чамусьці стаяла спінкай не да сцяны, а да пакоя. Не змогшы выпрастаць у два бакі рукі, ён спужаўся, ці не паклалі яго выпадкам у труну. Хутка, аднак, зразумеў, што аж занадта баяцца пакуль не трэба. Нейкі час глядзеў у адну кропку на столі. Невядома, колькі б гэта доўжылася, калі б не парадаксальнае адкрыццё: боль у галаве і думкі пра Марыну сталіся неспалучальнымі. І як толькі гэта было ўсвядомлена, думкі пра Марыну з хворай галавы стала проста не прагнаць.

A time to be reaping, a time to be sowing. Новая песня канчаткова скінула з сябе ярмо двукоссяў, суправаджаючы тэрміновы забег Руткоўскага да прыбіральні. Нельга сказаць, што адтуль ён выйшаў новым чалавекам, але штосьці ранейшае ён там усё-ткі згубіў.

О тебе шепчет лето за моей спиной. Музыка хілілася ў курсіў і вяртала да згадак пра дарожную катастрофу пад Канстанцай. Нутро патрабавала вадкасці. Пітной вады ў бутэльках не было. Бядак зазбіраўся сёрбнуць вадзіцы з-пад крана, але своечасова згадаў, што недзе ў гэтых шафках, скрыначках, шуфлядах павінен быць слоік з салёнымі агуркамі. І, калі гейша яго ўспамінаў нічога не блытала, у слоіку заставалася дастатковая колькасць расолу.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже