Такі неспадзяваны выхад з запою глыбока ўзрушыў Руткоўскага. Цяпер, ужо на цвярозую галаву, ён разважаў над сітуацыяй і немінуча прыходзіў да адной высновы: калі б не Наста, то алкагольны сёрфінг мог бы доўжыцца і доўжыцца, як па стужцы Мёбіуса. І невядома, чым бы ён урэшце скончыўся: бальніцай (яшчэ раз), труной (сапраўднай) ці знікненнем без вестак (здараецца ж). Ніводная з гэтых сцяжын цвярозага Ягора анічуць не прываблівала. Абяцанне, якое даў Насце, стрымаў. Не столькі дзеля яе (а ўдзячнасць працягваў адчуваць), колькі дзеля сябе самога (так, Марына загінула, але ж ці варта мардавацца з гэтае нагоды?).
Марына… Пра яе, нават разбратаўшыся са шкляным богам, цвяроза думаць было амаль немагчыма. Цяпер ён намагаўся трымаць гэтыя думкі ў выразна акрэсленых межах. Не даваць вольніцы эмоцыям. Не лезці на сценку (акрамя шведскай). Не рваць сабе сэрца ў спадзеве на тое, што гэта неяк адгукнецца
Адбіваючыся ад новай жмені ўвагі харваткі і супакойваючы ўстурбаванасць сябра з універсітэта транспарту, Руткоўскі выйшаў на працу, дзе мусіў прадэманстраваць выкшталцонае майстэрства слоўнае эквілібрыстыкі, каб не трапіць пад цалкам імаверныя санкцыі (і гарантаваны прачыхвост) з боку кіраўніцтва, перш за ўсё, на ўзроўні рэктарату. На факультэце яго праблему разумелі, таму заяву пра адпачынак за свой кошт аформілі, як той казаў,
У крамах Ягор доўга стаяў каля паліц з алкаголем, але ўсё ж адыходзіў, так нічога і не ўзяўшы. У інтэрнэце ўвесь час трапляліся спасылкі на артыкулы пра ход расследавання гібелі Марыны і Марку. Вось тут прайсці міма ўжо не атрымлівалася. Пераходзіў па спасылках і чытаў. Пра падраздзяленне вадалазаў і добраахвотнікаў дайвераў, якія спрабавалі адшукаць целы меркавана загінулых. Пра тое, што паліцыя рэканструявала падзеі з жыцця маладой сямейнай пары на суткі назад ад моманту катастрофы. Пра заявы шэфа паліцыі пра адсутнасць крымінальнага следу ў справе. Рэпартаж з брыфінгу румынскіх праваахоўнікаў, дзе сямейную пару афіцыйна прызналі загінулай, вывесілі ці не ўсе галоўныя беларускія парталы, якіх цікавіў лёс нядаўняй суайчынніцы.
Чытаючы, Руткоўскі халадзеў і душыўся ад слёз. Адначасова ж яго даймала думка, быццам ён забыўся нешта зрабіць. Мучыўся яшчэ і з гэтай нагоды, пакуль у адным з чарговых допісаў не прачытаў: «Маці загінулай у Румыніі беларускі даваць каментары адмаўляецца». Дзівячыся ўласнай недалужнасці, ён хуценька схапіўся за тэлефон. Схапіўся без вялікіх спадзеваў, бо мама Марыны, змагаючыся з дакучлівымі журналістамі, магла і адключыць сувязь…
Не адключыла. Але гутарка была кароткай. Жанчына вельмі стрымана паставілася да Ягоравага тэлефанавання. Спачуванні прыняла, але ўсе пытанні адпрэчыла. Ветліва, але з нейкай дзіўнай для яго вуха напятасцю ў голасе папрасіла больш не званіць і паклала трубку. Колькі секунд Руткоўскі працягваў маліцца на гудкі, спрабуючы зразумець сапраўдны сэнс яе рэакцыі. Марыніна мама заўсёды яму спагадала. Нават тады, калі дачка рэзка змяніла жыццёвыя планы. А тут такая напятасць і нежаданне размаўляць. Зрэшты, усё гэта магло быць наступствам шоку ці нават крыўды ад таго, што ён выбраўся тэлефанаваць не адразу, а пасля столькіх дзён бацькоўскіх гора і смутку. Гэтую акалічнасць варта было зразумець і змірыцца, вінавацячы адно самога сябе і сваю слабасць, якая абрынула ў туман запою, дзе нават і не ўзнікала думак пра бацькоў Марыны.
«Чортаў эгаіст», – аблаяў ён сябе, усведамляючы, што яшчэ адзін масток, які звязваў яго з каханай (цяпер ужо толькі з памяццю пра каханую), быў знішчаны. Наканаванасць, якою ён так трызніў, выявілася зусім іншай. Дачасная разлука змянілася вечным расстаннем.