Гэта пастаянна ўскручвала Пыркэлаба. Часцяком ён не мог знайсці сабе спакою ад адчування, што жонка думае (хай і кепскімі думкамі!) пра свайго дакучлівага колішняга. Ні словам, ні дзеяй Марку не выдаваў свайго неспакою. Верыў, што ўчынкі людзей вызначаюцца паняволенасцю пачуццяў. Мог сабе ўявіць рэакцыю жонкі, калі б тая даведалася, што ён раўнуе яе нават за шчырую непрыязнасць да Ягора. У ідэале хацелася, каб жонка ўвогуле не мела да ранейшага каханка аніякіх пачуццяў. Ні кахання, ні нянавісці. Каб чортаў археолаг быў ёй цалкам абыякавы. Цяпер, пасля пераезду ў Марсель, яму здавалася, што яны з жонкай яшчэ на адзін крок наблізіліся да гэтага ідэалу. Наблізіліся найперш таму, што ён на свае вочы пераканаўся ў жончынай рашучасці пакінуць руіны старых паветраных замкаў са шклянымі дахамі ў мінулым жыцці. Прынамсі, так гэта бачылася з яго званіцы.

Да новага месца сям’я Кавальскі прызвычаілася хутка. Праца была ў радасць, а вольныя часіны не поўніліся скрухай. Перазнаёміліся з усімі, хто жыў у мястэчку. Хадзілі на абеды, вячэры, урачыстасці. Самі сустракалі гасцей. У выхадныя карысталіся правам выбірацца ў горад. Адкрывалі для сябе Марсель і яго ваколіцы. Суседзі па мястэчку – людзі рознага веку – рабілі тое ж. Закрадалася думка, што суседзям таксама ў свой час з нейкіх прычын давялося ўчапіцца ў пункцік з прапановай «новага жыцця» – а значыць, кожнаму з іх было што хаваць са сваёй мінуўшчыны. Сваёй сапраўднай мінуўшчыны. Дачыненні з калегамі міжволі прыпадабняліся да займальнага шоу, бо штораз даводзілася вырашаць, праўду табе кажуць ці агучваюць легенду, якая за гады паспела набрыняць сціжмай прыдуманых падрабязнасцей. Марына з Марку загадзя дамовіліся, што ўласную рэальную гісторыю нікому ні пад якой поліўкай давяраць не будуць. І трымаліся. І не давяралі. І іншым разам прагаворваліся, бо ўтрымаць язык на ланцугу ўдавалася не заўсёды.

Калі радасць ад таго, што выйшла абхітрыць даедлівага Ягора, трохі аціхла, высветліць яго настрой Марку прапанаваў асабіста. Як апошні штрых спектакля перад незваротным закрыццём заслоны і зносам тэатра. Найперш звярнуліся да сацыяльнай сеткі. Убачылі, што Руткоўскі сваю старонку наведваць не перастаў. Але нічога новага на ёй даўно не з’яўлялася. Не было там ні фотаздымка Марыны, ні рэпосту навіны пра дарожнае здарэнне пад Канстанцай, ні нейкіх жалобных слоў. Гваздовіч з гэтай нагоды нават сыкнула: «Вось табе, дзеванька, і каханне. Забілася насмерць, а ён нават “Помню. Люблю. Смуткую.” не напісаў». Мужа яе словы, дарма што адчуваў закладзены ў іх сарказм, больш чым злавалі. Аднак ён маўчаў, спадзеючыся, што ўсплёск жончынай цікавасці на тым і скончыцца. Не скончыўся.

У Гомелі заставалася колькі людзей, якія ведалі, што Марына і яе муж не загінулі. Пра запозненыя спачуванні «твайго сардэчнага сябра археолага» паспела расказаць Марыніна маці. Але яна амаль нічога не паведаміла пра Ягораў настрой. Давялося чэрпаць весткі з іншых крыніц, тэлефануючы на радзіму. Пыркэлаб неахвотна згадзіўся з дарэчнасцю тэлефанавання. Ад жонкі не адступаў ні на крок, папярэдне дамогшыся, каб гутарка вялася англійскай моваю і па гучнай сувязі. Гваздовіч няўхвальна хмурыла бровы: ёй не падабаўся мужаў недавер. Ды адначасна яна разумела, што яго настойлівую просьбу варта выканаць. Ахвяраваць часцінкай самалюбства і драбочкам няўрымслівасці – але выканаць! Палічыла, што саступка мужу ў гэтым, па сутнасці, непрынцыповым моманце дасць ёй болей новых пераваг апасля.

Аб прысутнасці ў гутарцы трэцяга гомельскі абанент быў папярэджаны адразу. Пасыпаліся жарцікі пра Вялікага Брата і палкоўніка, які ўсё піша. Марку гэта не весяліла. Тое, што ён маўклівым пільным вартаўніком сачыў за дыялогам, відавочна ўплывала на змест. Пытанні «Як маешся?», «Якія планы на рэшту лета?», «Хто забіў Лору Палмер?» атрымлівалі ўзаемна сціслыя адказы. Без залішніх квяцістых тырад. Без шматлікіх адгалінаванняў, пераходаў і мастоў да іншых тэм. Без пэўных тэм у прынцыпе. З таго, што прагучала па асноўным пытанні, вынікала карціна алейнымі фарбамі: Ягор Бацькавіч Руткоўскі зламаны, разбіты, раструшчаны весткаю пра гібель Марыны, але паціху вяртаецца да звыклага жыцця, рыхтуючыся да чарговых раскопак.

– Што ў яго там у галаве творыцца, не адгадаць, – казалі з Гомеля. – Але ў смерць тваю ён, здаецца, паверыў.

– У Канстанцу ехаць не збіраецца? – спытала Гваздовіч.

– Пра гэта не чутно. Хутчэй за ўсё, не. Наколькі можна зразумець, цяпер ён абірае новую лінію асабістага жыцця. Якое месца ў ёй будзе адведзена ўспамінам пра цябе, сказаць цяжка. З таго, што навідавоку, можна заўважыць спробы гэтыя ўспаміны выцесніць.

– І ніякіх навязлівых ідэй?

– Каб вось так відавочна, то няма.

Калі гутарка скончылася, Марына з радаснай усмешкай зірнула на мужа і прамовіла:

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже