Працягвалася з думкамі пра Марыну, якія з кожным новым днём гублялі сваю вастрыню і выразнасць, а шкадаванне, што яе больш няма, рабілася супастаўным са шкадаваннем пра тое, што ён не мог быць асабіста знаёмы з Рагнедай, Эміліяй Плятэр ці Паўлінай Мядзёлкай. Працягвалася ў больш чым цёплых сустрэчах з Настай, якая, адчуваючы сябе поўнай уладаркай становішча, тым не менш ніколі нічога не прасіла, ні на чым не настойвала і, галоўнае, ніяк не сілілася захінуць сабою Марыну.
Марына баялася, што па дарозе да Бухарэста на гіперлуп-станцыі ці нават у капсуле ім з мужам можа трапіцца нехта з канстанцкіх знаёмых. Думаць, што лёс на адну пуцявіну з імі здатны падкінуць знаёмых з Беларусі, не хацелася зусім. Але думалася. І не сакрэт, пра каго менавіта думалася найболей. Гваздовіч перастала хвалявацца толькі ў аўтамабілі марсельскай філіі «Bérézina», які вёз іх у прадмесце, дзе знаходзілася лабараторыя.
Горада як такога адразу пабачыць не выпала. Але маладой жанчыне было ўсцешна ўжо хаця б ад таго, што хваляванне, якое пагражала перарасці ў манію пераследу, засталося за плячыма. Яна моцна сціскала мужаву руку і ўсміхалася. Марку ўсміхаўся наўзаем і сыпаў, як яму здавалася, адпаведнымі моманту фразамі: «ну вось, а ты баялася», «я ж табе казаў, што ўсё будзе добра», «смяяўся чорт з чорных галубоў, сваёй мызы не бачыўшы».
Без адкладу іх усадзілі ў вір справы. Пазнаёмілі з кіраўніцтвам лабараторыі. Агучылі агульныя для ўсіх працаўнікоў правілы. Акрэслілі абсяг работы. Фонд, што наняў іх на працу, знаходзіўся пад патранажам «Coböl Engineering». «Вось адкуль буклет на канферэнцыі ўзяўся!» – скеміла пара. Лабараторыя займалася распрацоўкай лекавых прэпаратаў ад дэпрэсіі. Тут імкнуліся стварыць гранічна бяспечныя лекі. Валодаючы ўсімі неабходнымі фармакалагічнымі ўласцівасцямі, яны не павінны былі выклікаць у хворых нават найменшага прызвычайвання. Толькі такі прэпарат мог бы скласці годную канкурэнцыю большасці тагачасных аналагаў. Мэта распрацовак уражвала, выклікала прафесійны сверб як у Марыны, так і ў яе мужанёчка. Заставалася толькі трохі абжыцца ў нязвыклых умовах, запомніць свае новыя імёны (Жанна і Жан Кавальскі) і, нарэшце, узяцца за цікавую працу з не менш цікавай аплатай за яе. «З грашыма і трусінага сыру купіш», – не сыходзіла з языка Марку выпадкам узгаданая прыказка з яго родных краёў.
Абжываліся ў практычным аднапавярховым дамку лабараторнага мястэчка. Мястэчка складалася з колькіх дзясяткаў падобных між сабой будынкаў, сярод якіх выпіналася сваёй спецыфічнасцю толькі парачка двухпавярховікаў. У астатнім жа каларыт задавалі самі жыхары – хто кветнікамі, хто сцягамі, хто фігуркамі гномікаў ці жабак. Адведзены для
Марку пагаджаўся з жонкай, хаця яго тачыў шашаль сумневу: дом быў прыкметна меншым і значна таннейшым за іх да бляску адрамантаваную двухпавярховую кватэру ў Канстанцы. Зрэшты, суцяшала думка, што тутэйшае жытло будзе толькі часовым (хоць і сапраўды вельмі зручным) прытулкам на шляху іх супольнай кар’еры. Заставацца тут больш чым на пяць гадоў ён не збіраўся. Меркаваў, што за гэты час яны змогуць добра зарабіць, а на
Захопленай улазінамі жоначцы гэтымі планамі-марамі не назаляў. Разумеў, што яе радасць выклікана не толькі тройчы ўдалай планіроўкай і вялікімі вокнамі, якія стваралі ілюзію прасторнасці. Ведаў, што радасць яе ўзмоцнена фактам вызвалення з нябачных ланцугоў пільнай Ягоравай увагі. Веданне гэтае лішні раз песціла Марку самалюбства. Так, раней Марына неаднойчы прысягала, што кахае, што Руткоўскі застаўся ў мінулым. Але ж беларус ўсё адно нябачна прысутнічаў у яе жыцці. Прысутнічаў у непараўнальна большай ступені, чым можна было б дапусціць.