– Ну, што, сябар мой Кавальскі, у нас з табой усё атрымалася як мае быць. План спрацаваў. І ніякага крыміналу, каб нарэшце суняць Руткоўскага, не спатрэбілася.
Марку ўспыхнуў усмешкаю, звыклым рухаў прыцягнуў да сябе і абняў жонку. Спяшаўся, бо не хацеў, каб тая прачытала ў яго вачах агеньчыкі недагаворанасці.
– Добра, што без крыміналу, – прамармытаў ён і больш бравурна выгукнуў, збочваючы на іншае: – Спэндэры абяцаюць сёння добрае барбекю. Я нізавошта не прапушчу іх запрашэнне.
– Паспееш ты яшчэ да сваіх Спэндэраў. Хадзем да канапы. У мяне ёсць для цябе нештачка.
Зямля валаводзіла з сувяззю. Рашуча ўзброіўшыся прынцыпам
Новых слядоў вакол базы не з’яўлялася. Грукат не аднаўляўся. Развязанне гэтай загадкі таксама адклалі. Яно і правільна: двое не маглі хутка ўправіцца з усім тым, што, на добры розум, трэба было б зрабіць тэрмінова. У першых шэрагах заставаліся «цяпліцы». Не адставала і песню запявала распрацоўка планаў здабычы вады. Марына шліфавала «Біясферу-М», якая пачала даваць свой першы плён. Ягор часта круціўся ў майстэрні. Адпачывалі за чытаннем і фільмамі. Займаліся спортам. Не забываліся кахаць адно аднаго, нібы ў апошні раз.
Да складскіх прыпасаў падцягнулася вырашчаная самімі гародніна: радыска, морква, цыбуля і нават бульба. Наконт бульбы шмат жартавалі. Успаміналі раман Эндзі Уіра і зняты па ім фільм са злыбедамі галоўнага героя, які саджаў бульбу на Марсе
Ягор з першага ж ураджаю нагатаваў дранікаў – залацістых, з хрумсткай скарынкай. Смакам яны мала адрозніваліся ад зямных, хаця нешта няўлоўна марсіянскае ў іх усё-ткі адчувалася. Парашковая смятана, як заўсёды, была так сабе, а збегаць у «начнік» па іншую ўяўлялася праблемай. Як і завесці карову. Карова тут заводзілася хіба толькі ў рытарычных фігурах.
За дранікамі Руткоўскі дашчэнту разбіў зацверджаны штабам праект здабычы вады. Пасяленцам належала яе здабываць проста з-пад базы – з адлогаў лёду ў тоўшчы грунту і горных парод. Планавалася прабурыць свідравіну, змясціць у ёй адмысловую трубу з награвальнікам і датчыкам вільготнасці. Награвальнік павінен быў растопліваць лёд, а датчык – фіксаваць гэты працэс і пасылаць адпаведны сігнал на электрычную помпу, якая напаўняла б вадою адведзеныя пад гэта рэзервуары. Здабытая вада мусіла б у іх адстойвацца, а потым праз шэраг шматузроўневых фільтраў перадавацца ў цыстэрны для захоўвання.
Аўтары праекта разлічвалі, што ўсё гэта будзе паўтарацца не раз і не два. Аднак з няяснай прычыны ніяк не ўлічылі небяспеку, якая хавалася ў самім спосабе здабычы. Паступовае вызваленне нетраў ад лёду пагражала ўтварэннем вялізнай паражніны. Праз нейкі час яна магла папросту паглынуць базу. Пасля пекінскай трагедыі, калі раён Чааян сышоў пад зямлю, не ўлічыць падобныя абставіны выглядала злачыннай нядбаласцю. База, канешне, не мегаполіс. Сваімі памерамі яна нават да сярэдняга квартала не дацягвала. І ўсё ж на Марс місію адпраўлялі пад лозунгамі максімальнай бяспекі пасяленцаў. А тут такія непярэліўкі выйшлі. Лішняя нагода для здзіўленняў і падазрэнняў.
– Дык дзе бяспека? – выпусціў Ягор на свабоду джына аднаго з даймальных пытанняў.
– Табе не здаецца, што пасля гібелі большасці ўдзельнікаў місіі ўсе «кабёлаўскія» лозунгі шчарбатай барацінкі не вартыя? – Марына памкнулася ўрахманіць яго выкрывальніцкі шал.
– Катастрофа «Навухаданосара» – чысты форс-мажор. Абставіны, што прывялі да яе, нельга было прадбачыць. Іншая рэч – адлогі лёду. Наступствы іх эксплуатацыі відавочныя.
– Ага, форс-мажор, які ты адзін час тлумачыў містычнай сувяззю з той харваткай, – не давала папусткі жанчына. – Цікава, дзе яна цяпер? Ці думае пра цябе?
– Калі хвароба не дабралася і да яе, то, хутчэй за ўсё, сядзіць у сваім Заграбе ці падарожнічае па вольным свеце ад канферэнцыі да канферэнцыі.