– У пошуку ўражанняў і чарговых дурняў-інтэлектуалаў, гатовых паверыць у яе чарадзейныя казачкі, каб знянацку зрабіцца героямі казак сацыяльна-бытавых, – без зласлівасці, але і не зусім бесстаронна, па-свойму развінула яго думку Гваздовіч.

– Хай шукае. Абы толькі галовы ў яе новых знаёмых на месцы заставаліся.

Абраны сюжэт Руткоўскаму не падабаўся. Але абсякаць каханую, якая ўвачавідкі пацвельвала яго, было б недаравальным глупствам. Як і чарговы раз нагадваць, што менавіта Ядранка Іванкавіч праз свае цалкам рэальныя, а не містычныя, сувязі справіла яму дакументы на імя Горана Бунціча і дала ход адбору яго ў склад экспедыцыі на Марс. І хоць Ядранка тое хавала, пры ўважлівым поглядзе было відаць, што яе каханне да яго не прыдумка і не пусты гук. Ён быў упэўнены ў гэтым. Але без аглядкі на ўпэўненасць намагаўся зразумець, чаму харватка сама не змагла прабіцца ў шэрагі астранаўтаў. Свядома аддавала Ягора тады яшчэ замужняй Марыне? Ці настолькі моцна верыла ў свой праклён, што ахвяравала ўласнымі жаданнямі, каб уратаваць беларуса, утрапёнага ў каханні да іншай? Думаючы пра гэта, археолаг міжволі змоўк і здранцвеў, нібыта апынуўся ў вязкім тумане.

– Дык што з вадой? – похапкам вырвала яго з туману Марына.

– Якой вадой? – Ягор дапяў не адразу, хаця жанчына палічыла, што ён проста прыкідваецца.

– Вадой жывучай і гаючай з казкі пра Іваньку і залатое пяро, – выдала яна, прыгадаўшы іх нядаўняе чытанне «Беларускага зборніка» Еўдакіма Раманава і гарачую дыскусію пра сапраўдны сэнс казак.

– Бачу, да новай партыі гульні шкляных перлаў ты ўжо падрыхтавалася, – не хаваючы ўсмешкі, заўважыў Руткоўскі.

– А я бачу, што ўспаміны пра вабноты харвацкіх псіхалагінь табе думкі бэрсаюць, – у інтанацыях каханай трымцела жартаўлівая лінія. – Таму рана яшчэ новую партыю запускаць. Вось зловіш яшчэ раз кліна, як толькі што, – і прайграеш мне ўшчэнт. А мне так не цікава. Я ж аматарка сумленнай інтэлектуальнай перамогі.

– Праўда? А хто мінулым разам махляваў з цытатамі? – напускным узбаламучаннем азваўся Ягор.

– Я не назвала б гэта махлярствам. Проста не змагла дакладна прыгадаць словы, – гулліва апускаючы вочкі, тлумачыла жанчына.

– Але прыблізнае цытаванне правіламі не забаронена! Забаронена прыдумляць свае і камбінаваць чужыя выказванні!

– Ты так запаліўся, што адразу стала ясна, хто тут прагне новай партыі.

Марына звонка засмяялася, абхапіла рукамі каханага і, пацалаваўшы ў шчаку, спытала:

– Дык што там з вадой?

Задума Руткоўскага выглядала больш бяспечнай для базы, але вымагала і нашмат большых высілкаў. Ён прапаноўваў здабываць лёд кар’ерным спосабам недзе ў бліжэйшай акрузе, дастаўляць на «прыстанішча» цяжкавозам і растопліваць, як патрабавала тэхналогія. Для гэтага трэба было зняць тоўсты слой пароды, прыладзіцца да выразання ледзяных глыб, знайсці спосаб іх уздыму на паверхню і пагрузкі ў марсаход. Да таго ж, як прыкмеціла Гваздовіч, усе належныя работы маглі выконвацца толькі ўначы: пры дзённай здабычы лёд таяў бы і выпараўся пад пякучым сонцам.

Марс і без таго не патураў капрызам няпрошаных гасцей. Але свядома ўскладняць жыццёвы рытм грувасткай «будоўляй стагоддзя», чыя будучая эфектыўнасць праглядалася цьмяна, было не дужа разумна. Ягор прызнаў, што са сваім пражэктам паспяшаўся. Марына ж, паразважаўшы, сказала, што цалкам яго адкідаць не трэба.

– І што ты прапануеш? – строячы здагадкі, пацікавіўся Руткоўскі.

– Знайсці асобную ад той, што пад намі, ледзяную жылу. Дастаткова вялікую. І каб была недалёка ад базы – 700-800 метраў. Запас труб, здаецца, у нас ёсць. Прарываем траншэю ад базы да жылы, а каля самой жылы будуем тэхнічны калодзеж. Усталёўваем трубы і спадарожныя абарончыя кажухі. Уключаем сістэму пампавання па «кабёлаўскай» тэхналогіі. Карыстаемся першым у гісторыі марсіянскім водаправодам.

– Першым вядомым у гісторыі марсіянскім водаправодам, – як даследчык старажытнасцей не мог не паправіць яе вучоны муж, але следам пахваліў: – Ты малайчына. Проста чараўніца. Як я да гэтага сам не даўмеўся?

– Ты, пэўна, не пра тое думаў, любчыку мой.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже