Праз колькі солаў, узяўшы з сабой дастаткова ведаў і абсталявання, пасяленцы загрузіліся ў легкавоз і адправіліся на выведку. Адной выправай збіраліся ўпаляваць двух зайцоў: адшукаць і адлогі лёду, і радовішча дысбуэндыю. Упершыню пракладаючы дарогу, марсаход на малой хуткасці рухаўся да аднаго з камяністых узгоркаў. Дзялянкі, цалкам замеценыя пылам, хаця і правяраліся бартавым сканерам на пустоты, наўмысна абміналіся. Пад коламі машыны парыпвалі камяні. Драбнейшыя з іх, бывала, адляталі ад зазнанага цяжару. Пясок дзівотна хрупасцеў. Шлях нагадваў дабітую брукаванку. Што праўда, укапанае тутэйшымі катаклізмамі каменне было, часцей за ўсё, не такіх ужо і сціплых памераў. Больш нагадвала хаатычна раскіданыя і ўтаптаныя ў грунт пліты няправільнай формы, на якіх нехта шчодра рассыпаў друз і пясок. Усеяныя процьмаю драпін і расколін, «пліты» часам утваралі вельмі вычварныя ўзоры. Сяму-таму неафіту марсазнаўства яны маглі падацца артэфактамі зніклых цывілізацый.

Ягор свядома адключыў гукаізаляцыю, каб больш поўна прасякнуцца атмасферай паездкі па чужой планеце. Ён узіраўся ў марсіянскія прасторы праз тоўшчу браняванага шкла і слухаў ненаўмысную музыку, якая ўтваралася пад коламі легкавоза. Марына сядзела побач і, каб не Варгін, выглядала б, напэўна, такой сабе абыякавай супрацоўніцай, якую накіравалі ў малацікавую для яе камандзіроўку. Так, яны ўсё-ткі наважыліся ўзяць ката з сабой. Ён паслухмяна ўсеўся на панелі пры лабавым шкле, але зіркаў на зааконныя краявіды агромністымі здзіўленымі вачыма, рэзка торгаў галавой і перыядычна азіраўся на гаспадароў, нібыта пытаўся: «Што за трасца, панове?»

Каціныя выхілясы змушалі людзей задорліва смяяцца. Руткоўскаму прыемна было назіраць, як каханая жанчына ад душы заліваецца смехам, а не адстаронена сядзіць, як сугнеістая насупа. Пра сябе ён яшчэ адзначыў, што Варгіну тутэйшыя мясціны ў навінку. Гэта лішні раз пацвярджала, што каток не прыбег на «прыстанішча» з тутэйшых камянісак, што навокал сапраўды Марс. Марс Марсавіч Марсеня. Аднак заводзіць старую кружэлку дзеля лішняга доваду сваёй рацыі Ягор устрымаўся. Пагладзіўшы ўсё яшчэ збянтэжанага ката, ён зацягнуў даўнюю песню з гомельскіх ваколіц, якую тут жа перарабляў на новы капыл:

Пайшоў коцік на Марсок,Купіў смачны піражок.Ці самому есці,Ці дзеваньцы несці?Я і сам укушу,І дзеваньцы панясу.

Спеў выклікаў новую хвалю весялосці Марыны і ажывіў даўно не чутае, напоўненае невымоўнай пяшчотай слаўцо: «дурпэцала». Яна нічога не пытала пра ўзгорак, да якога ехалі. Спадзявалася, што даступных звестак Ягору хапіла, каб цвяроза ўсё ацаніць і абраць слушны напрамак. Смеючыся, яна перавяла позірк на каханага. Ёй падабалася ўпэўненасць, з якой ён кіраваў марсаходам. Гэта надавала спакою і перакананасці, што яна знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Можна было сто разоў лічыць зааконне палігонам у адной з зямных пустэльняў і ўсё адно не пераставаць баяцца. Аварыі. Разгерметызацыі. Заканчэння дыхальнай сумесі. Каханы сваімі паводзінамі і жартамі цішком-нішком адганяў яе страхі.

Руткоўскі запаволіў рух машыны, якая набліжалася да падэшвы ўзгорка, і на зусім малой хуткасці пад’ехаў да схілу. «Нібы пацалаваў пяшчотна», – не прамінула пракаментаваць жанчына. Ён адказаў толькі чорцікамі ў вачах і, не марнуючы часу, актывізаваў прымацаваны спераду марсахода свідар. Гэтая штука, дарма што называлася свідрам, была прыстасаваннем комплекснага прызначэння: і свідравіну зрабіць, і пробы пароды ўзяць, і памеры адлог вызначыць. Справа не такая хуткая – усё магло расцягнуцца на пару ўмоўных гадзін.

Вядома, выседзець той час можна было і ў кабіне: бавіцца свецкімі гутаркамі, гомельскім фальклорам і кацінымі крыўляннямі. Але Ягор меў рашуча іншыя планы і намовіў спадарожніцу здзейсніць невялічкую прагулянку. Яна, агаломшаная неспадзяванай прапановай, спачатку пратэставала, потым пярэчыла, тады аднеквалася. Здавалася, што нядаўняе адчуванне надзейнасці, якое даваў каханы, пахіснулася. Аднак ён быў настолькі віртуозны ў сваіх довадах, так умела развейваў яе новыя насцярогі, што не заставалася аніводнага шанца на адмову. Заблакаваўшы панель кіравання, каб ад дачаснае адзіноты там не напракудзіў Варгін, Руткоўскі падміргнуў каханцы і пацягнуўся па шлем скафандра. Праз імгненне яна зрабіла тое ж…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже