Схіл быў спадзісты аж да самай грывы. Падымацца даволі проста, калі не лічыць, што кожны нёс на сабе важкую экіпіроўку. Пульс штокрок пачашчаўся. І ў яе, і ў яго. Першая пешая вандроўка так далёка ад базы. Прадчуванне нязведанага. Пракладанне сцяжыны там, дзе ніхто да іх не хадзіў. Абсыпанне пяску і друзу праз адшліфаваныя вятрамі каменні. Узаемная падтрымка словам і дзеяй. Ён падбадзёрваў яе трапнымі жартамі. Яна паказвала найбольш зручны для ўздыму лапік. Яна ўспамінала стары чорна-белы савецкі фільм «Вертыкаль» і трошкі маладзейшы кліп «Rammstein» на песню «Ohne dich», якія лучыла тэма альпінізму. Ён падаваў ёй руку, дапамагаючы больш удала пераадолець чарговую перашкоду – то вострую камянюку, то неглыбокую, але падступную яміну.

Калі вандроўнікі ўзняліся на самую верхавіну, іх вачам адкрылася ўсеяная незлічонымі камянямі абсяжная нізіна, аточаная па коле ланцугом узгоркаў. Марына ўражана ўскрыкнула, усвядоміўшы, што пагоркі гэтыя некалі ўтваралі суцэльны вал кратарнай варонкі, а нізіна – не што іншае, як чаша вялізнага кратара. Нейкі час яны стаялі моўчкі, узіраючыся ў блізіні і далячыні.

Ёй чамусьці згадаўся Высокі замак у Львове – пагорак, з якога ўвесь заходнеўкраінскі горад ляжаў, нібы на далоні Госпада. Дзівячыся раптоўнай прыгадцы, яна стала рабіць праекцыю львоўскіх будынкаў на нізіну кратара. Вось там храм, там – ратуша, а вунь там – пажарнае дэпо, а тут – элеватар.

Ягор жа, не ўмаўляючыся з каханай, таксама займаўся праекцыямі. Ён уявіў сябе на станцыі Плёсы пад Гомелем: за спінай чыгунка, леваруч – чыгуначны мост праз Сож, проста перад вачыма – краявіды вялізнай нізіны. Спачатку ўперамешку дрэвы і бетонныя электрычныя слупы. На колькі кіламетраў наперад – дзіўнымі каўчэгамі дахі лецішчаў на хвалях кудзераў садоў. На даляглядзе – мікрараённыя забудовы Валатавы і Мельнікавага Луга, макаўкі шматпавярховікаў колішніх Забега, Каўказа і Свістка, што вынырвалі з бугрыстай дымкі зеляніны, лапы асвятляльных мачтаў цэнтральнага стадыёна, дужа падобнага здалёк да касмадрома. І ўсё гэта пад чыстым бясхмарным блакітным небам…

– Табе падабаецца? – не мог не спытаць мужчына, для якога марсіянскія краявіды заставаліся прадметам захаплення, нягледзячы ні на якія праекцыі.

– Нешта ў гэтым ёсць, – нейтральным тонам дзеля прыліку пагадзілася Марына, намагаючыся не пакрыўдзіць Ягора, чыя захопленасць Марсам калі-нікалі яе раздражняла. Дакладней, не захопленасць сама па сабе, а тое, што ён увесь час заводзіў гутарку пра гэта.

– Столькі камянёў, – працягваў ён. – Нібыта і хаос, але калі доўга глядзіш, пачынаеш адчуваць у іх размяшчэнні дзівосную гармонію. Сад камянёў проста.

– Тады ўжо нават не сад, а цэлы парк. Агромністы парк, – зацікаўленасць у голасе Гваздовіч зрабілася больш прыкметнай.

– А да ўсяго яшчэ двубой святла і ценяў. Вунь той да чаго падобны? – спытаў ён, перадаючы ёй на смарт-глас скафандра каардынаты аднаго з камянёў.

– Кавалак антычнай статуі, – ахвотна прыняла яна гульню ў асацыяцыі. – Толькі такой, якая ад часу і людзей пацярпела настолькі моцна, што не засталося ні рук, ні ног, ні галавы, а толькі тулава. Вельмі парэпанае тулава. А цяпер ты скажы мне вось пра гэты камень.

Руткоўскі атрымаў каардынаты і, доўга не ўзіраючыся, хацеў нешта сказаць, але каханая яго перапыніла:

– Пачакай, не кажы. Дай здагадаюся. Ты думаеш, што ён падобны да саркафага.

– Сапраўды, – мужчына не хаваў усмешкі, і не было зразумела, кажа ён праўду ці падыгрывае. – Саркафаг, але просценькі. Без прэтэнзій. У такім не кожны фараон пагадзіўся б ляжаць. А яшчэ гэты камень нагадвае верхнюю частку стэлы.

– Якую раздзяўблі варвары, – натхнёна падхапіла Марына.

– Або загадаў разбурыць новы ўладар, – ціхмяна заўважыў Ягор і з неверагодным пафасам красамоўцы працытаваў радкі старажытнаегіпецкай вайсковай песні:

Гэтае войска вярнулася шчасна,Здратаваўшы край бедуінаў.Гэтае войска вярнулася шчасна,Зруйнаваўшы іх цытадэлі.

Каханая зайшлася смехам – пацешыў нечаканы пераход. Дэкламатар не змарудзіў далучыцца.

– Ого, а вось гэты, – Гваздовіч зноў падзялілася каардынатамі, – чымсьці падобны да Юравіцкага ідала. Толькі той маленькі, а гэты – вялікі.

– Не можа быць, – тоячы збянтэжанасць, прашаптаў археолаг, уключыў рэжым максімальна набліжанага сузірання і пасля доўгіх секунд разглядання выгнутага каменя, што тырчаў з грунту амаль у цэнтры нізіны, з палёгкай запярэчыў: – Не падобны. Хіба толькі здаля. Святло і цені ў сваім рэпертуары. Гатовыя згуляць на нашай фантазіі. Згадай гісторыю з «Марсіянскім сфінксам». У 1976 годзе амерыканскі касмічны апарат сфатаграфаваў на Марсе ўтварэнне, якое многім зямлянам нагадала чалавечы твар. Колькі з гэтым потым насіліся! Колькі тэорый пладзілі! Некаторыя на тых здымках нават піраміды прымудраліся ўбачыць і сур’ёзна заяўлялі, што старажытныя егіпцяне былі нашчадкамі марсіян, якія з невядомай прычыны ў глухой старажытнасці мусілі пакінуць родную планету… І што ж у выніку?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже