Праца прымушала Ягора выкінуць з галавы лішнія думкі. Нават не прымушала, а заступала сабою ўсё, што трывожыла, тузала і катавала ў Гомелі. Тут для дурных разваг часу папросту не заставалася. І не магло быць інакш, калі ты стаіш на чале такой колькасці маладых, гарачых і апантаных не адной толькі археалогіяй людзей. Мусіў за ўсім і за ўсімі даглядзець. Знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Даваць хлопцам і дзяўчатам расслабляцца, але не патураць парушэнням. За дзень можна было так змарыцца, што пад ноч валіўся з капытоў (памятаў, як некалі гэта яго дужа падвяло), каб паспаць хаця б якіх пяць-шэсць гадзін, а зранку пачаць усё наноў.
Дзяжурныя. Ваданошы. Кашавары. Тоны перавернутай зямлі. Нейкія нязначныя знаходкі. Кволыя намёкі на сур’ёзныя адкрыцці. А яшчэ дамовіцца на мыццё амбітных вісусаў у тутэйшай грамадскай лазні. А яшчэ арганізаваць
Вялізнае сонца паціху апускалася за далягляд. Над намётавым лагерам гомельскіх археолагаў, што размясціўся ў садзе адной з вясковых сяліб, лунаў дым вогнішча. Удзельнікі раскопак нядаўна павячэралі. Нехта забурыўся ў намёт, каб адпачыць перад сном. Іншыя паспелі вярнуцца з вечаровага заплыву на возеры Ліцвін. Няспешная гамонка разбаўлялася смехам і сцішаным брыньканнем на гітары. А дзявятай вечара пачынаўся самадзейны канцэрт. Шмат хто збіраўся паказаць свае таленты, адрозныя ад талентаў капання зямлі, уздымання шклянкі і заляцанняў да ўпадабаных асоб. Выкладчык аддаваў апошнія на вечар распараджэнні, правяраў звычайна слабыя месцы, не рабіў быка з індыка, але і спуску таксама не даваў.
У першай частцы
Атрымліваліся цікавыя, вельмі вясёлыя версіі. Дзяўчаты-другакурсніцы грымнулі славутую «Smells Like Teen Spirit» гурта «Nirvana», стылізуючы пад беларускі купальскі спеў. Старшакурснік, ветэран раскопак, пад шасціструнку пяяў рамштайнаўскую «Sonne» ў манеры гарадскога раманса. «Creep» радыёхэдаў дзякуючы салодкай парачцы закаханых ператварыўся ў дуэт Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл з удала ўкручанамі ў тэкст старабеларускімі слоўцамі. «Як пёрка ляцеці, зволіш ты ў цудны свет», – Руткоўскі паўтарыў сам сабе радок песні, не без задавальнення ўсведамляючы, што з моваю летапісаў Вялікага Княства Літоўскага ў гэтых студэнтаў усё добра.
Быў сама розрух канцэрта. Адзіны ў гэтым сезоне валанцёр – хлопец студэнткі – сарваў апладысменты, адспяваўшы дэпрэсіўную «The Crawl» гурта «Placebo» ў стылі сярэднявечнага ваярскага гімна. Чарга выступаць прыспела кволай танклявай дзяўчыне, якая толькі скончыла першы курс. Яна вельмі хвалявалася. Але песня Ланы Дэль Рэй «Summertime Sadness», пераніцаваная на катрушніцкі лемезень (таемную мову шапавалаў мястэчка Дрыбін ХІХ стагоддзя), адметна ўдалася.
Уражаны выкладчык не стрымаўся і абдарыў яе воклічам: «Малайчына!» – а астатнія слухачы запляскалі ў ладкі. У гэты самы час да Руткоўскага не падышоў – падляцеў звышгукавым самалётам – адзін з дзяжурных і штосьці прашаптаў на вуха. Археолаг скептычна зірнуў на хлопца, пасля чаго падняўся, каб праверыць пачутае. Аднак правяраць было запозна: у намётавы лагер, равучы маторамі, імкліва ўварваліся з дзясятак матацыклетаў.
Асляпляючы ўдзельнікаў раскопак святлом фар, матацыклісты атачылі намёты. За шматгадовую практыку Ягору ці мала даводзілася ўступаць у перамовы з нечаканымі начнымі гасцямі. Звычайна ён патрапляў знайсці патрэбныя словы, каб справадзіць тых без шкоды для сваіх падапечных, археалагічнага летніка і ўласнай рэпутацыі. Зараз жа інтуіцыя падказвала, што ніякіх перамоў не будзе. Яго спробу завязаць гутарку абарвалі на паўслове. Прыбышы, твары якіх хаваліся пад маскамі, моўчкі наскочылі на моладзь і пачалі збіваць, а намёты і рэчы – раскідваць.