Стала не да дыпламатыі. Руткоўскі памятаў, што ў глыбіні сада павінен быў таіцца адзін з дзяжурных – у надзвычайнай сітуацыі ён мусіў выклікаць міліцыю. Але прыехаць хутка міліцыя ўсё адно не змагла б. Нават мясцовы ўчастковы, якога археолаг ведаў асабіста і часам называў шэрыфам, здолеў бы падаспець не раней, як праз чвэрць гадзіны. Не чакаючы падмогі, Ягор кінуўся ў гушчу распачатай байкерамі калатнечы.

Маўклівая зграя не чыніла разбору, хлопец перад ёй ці дзяўчына. Хлопцы, кіраваныя інстынктам і ўяўленнямі пра высакародства, утварылі сабой жывое кола, захінаючы дзяўчат. Наўкруг трывала процістаянне. Студэнты намагаліся адціснуць нападнікаў. Нападнікі не саступалі ў сіле і рашучасці. Да таго ж, у руках яны трымалі дубцы. Адзін з іх замахнуўся на валанцёра, але тут жа быў збіты з ног выкладчыкам. Не даючы агоўтацца, выкладчык выцяў таго колькі разоў кулаком па твары. Адначасна перахапіў дубец, якім наўзмах улупіў па лытцы іншага зламысніка, што паблізу валтузіўся са студэнтам. Ацаніўшы ўзніклую перавагу, студэнт імгненна абрынуў на збянтэжанага супастата няўклюдную, але лютую моц сваіх малайцоўскіх удараў.

Многія дзяўчаты, гонячы ў карак страх, пахапалі мабільнікі, каб адправіць сігналы бедства. Танкляўка, фінал выступу якой матацыклісты змазалі сваім нахрапістым наскокам, шалела і гізавала. На раскопках яна закахалася і спадзявалася сваім нумарам прыцягнуць увагу няцямлівага абранніка. І вось ўсе яе старанні пайшлі ў глум. З вогнішча тырчала даўгаватае палена, якое гарэла толькі з аднаго канца. Угледзеўшы, спявуння ўхапіла яго як паходню і сіганула на дапамогу ўпадабанаму хлопцу, што сіліўся адбіцца ад ворага. «Прыгніся, Дрыбін!» – крыкнула яна і, як толькі хлопец паслухаўся, паспрабавала наводліў перацяць нападальніка вогненным канцом. Нападальнік, што праўда, паспеў адхінуцца, і палена з агнём толькі чырканула яму па шчацэ. Аднак і гэтага было дастаткова, каб маска на ім шуганула. Ратуючыся ад агню, той вомігам яе сцягнуў, кінуў на зямлю і стаў таптаць нагамі.

Сполахі ўспышак асляпілі яго: студэнткі не спалі ў шапку – сфатаграфавалі перакошаны твар «дэмаскаванага» ліхадзея. «Ну, сучкі, вы ў мяне зараз паскачаце!» – неабачліва вырвалася ў яго. За гэта атрымаў плескача ад свайго таварыша, які адразу жэстам загадаў яму схавацца ў цемры за матацыкламі. Сам «жэстыкулянт» спрытна падляцеў да танклявай студэнткі, збіраючыся вырваць паходню. Падгадаўшы момант, выкладчык даў яму падножку, і той грымнуўся проста пад ногі дзяўчыне. Яна супольна са сваім абраннікам паспрабавала перашкодзіць «заняпаламу» падняцца.

Бойка кіпела. Студэнты, колькі ставала моцы, ваявалі з нязванай хеўрай. Руткоўскі ў «працэсе фотасінтэзу», як ён, не губляючы гумару, у думках назваў усё гэта фантасмагарычнае варушэнне пад святлом матацыклетных фар, счапіўся з ладным мацаком. Той пускаў у ход свае ручышчы, нібы молатамі кавальскімі арудаваў. Археолаг ужыў тактыку, якую пазней студэнты празвалі стылем падвяселенага гомельскага цмока: ухіліўшыся ад чарговага выпаду, ён даў нырца ўбок, двума рукамі падхапіў драўляны ўслончык, на якім сядзеў падчас канцэрта, рэзка вынырнуў, шчодра плюнуў мацаку ў вочы і, карыстаючыся секундным замяшаннем, абабег яго, каб з усяго размаху пекануць услончыкам ніжэй спіны. Пекануўшы, паўтарыў працэдуру яшчэ разоў колькі, чым натхніў асалапелага непрыяцеля на скуголенне – песню болю і ганьбы. Непрыяцель папнуўся ўхапіць Руткоўскага, але той гракоў не лавіў – наўскач пасунуўся да разваленага намёта і, як толькі зганьбаваны лупцоўкай мэбляю мацак параўняўся з ім, закружыў вакол, блытаючы шнурам ветравой адцяжкі ногі неспасцярожлівага бамбізы. Яшчэ трошкі старанняў – і лёгкага, амаль пяшчотнага кухталя хапіла, каб спутаны каняка грымнуўся вобзем. «Па садочку ходжу, канічанька воджу».

Побач студэнты звалілі і ўзяліся вязаць яшчэ аднаго тыпуса. З цямрэчы сада па пастаўленых радоўкай матацыклах адзін за другім паляцелі кавалкі цэглы. Пастараўся дзяжурны, якому карцела дапамагчы сябрам не толькі выклікам ахоўнікаў правапарадку.

– Гэй, па байках хоць не кідайце! – пачуўся абураны калючы голас аднаго з прыбышоў. – Яны грошай каштуюць.

– А мы вас не запрашалі нішчыць летнік і нас саміх збіваць! – апярэдзіла сяброў з адказам баявітая танкляўка.

– Так, – пераняў эстафету Ягор. – Зараз вы паедзеце адсюль у камфартабельным лімузіне фірмы «Аўтазак»! Спецназ едзе!

Поспехі абаронцаў былі настолькі відавочнымі, што, здавалася, яшчэ крыху – і ўсё скончыцца іх перамогай.

– Не брашы, землякоп! – агрызнуўся «калючы». – Ніхто вам пакуль не дапаможа! Таму дайце нам спакойна з’ехаць, і ўсё будзе добра. Будзем лічыць інцыдэнт маленечкім непаразуменнем.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже