– Добранькі які! Сам нікому жытухі не ламаў? – пырснуў зласлівасцю «валадар прэдахраніцеля» і працягнуў знарочыста ласкавым голасам прыгнятаць псіхіку дзяўчыны: – Давай жа. Гэта так лёгка. Спачатку пальчыкам акуратненька вось сюды. Правесці падушачкай па выгіне, адчуць яго, прывыкнуць. А потым – раз! – і націскаеш, каб выпусціць са схованкі свінец. Разумееш?

Дзяўчына кіўнула галавой, маўляў, зразумела. Але рабіць патрабаванае не хацела. Яе ўсю трэсла. Самастойна трымаць пісталет у руках яна не магла. А «прыездзень» усё нашэптваў і нашэптваў, быццам гіпнатызаваў.

– Давайце я гэта зраблю, – зусім нечакана выклікаўся той самы хлопец, у якога танкляўка закахалася, а цяпер яе сэрца нібы абшуснулася, па шчоках струменілі слёзы, у тумане думак толькі адна праступала выразна: «Як ён можа застрэліць Ягора Сяргеевіча?»

Зрэшты, сэрца ёкнула не толькі ў яе. Прыкрае адчуванне апанавала студэнтаў. Выкладчык, падняўшы вочы на добраахвотніка, з выяўнай горыччу пасміхнуўся. «Во якія адкрываюцца глыбіні», – чыталася на яго вуснах. І толькі гаспадар становішча выглядаў цалкам задаволеным такім паваротам:

– Сапраўды прыстрэліш свайго настаўніка? То хадзі сюды. Пэўна ж, добра ён насаліў табе, пацан.

– Чортаў здраднік, – аблаяла хлопца расчараваная ў ім спявуння.

Той ніяк не зрэагаваў. Атрымаў пісталет разам з папярэджаннем: «Глядзі, без фокусаў». Як толькі зброя апынулася ў яго руках, ён імгненна павярнуўся да крыўдзіцеля і без ваганняў націснуў на курок.

Стрэл не прагучаў. Здалёк нарастала выццё сірэн. Голасна рагочучы, «прыездзень» пяцярнёй у твар штурхнуў стралка, перахапіў пісталет, сказаў Руткоўскаму: «Забудзь пра чужыя агароды», – ударыў дзяржаннем па галаве і закамандаваў матацыклістам «сядлаць коней». Сам шмыгнуў у недарожнік. З выключанымі фарамі праз хвіліну ўся гурма знікла ў цемры.

Студэнты паўздымаліся з зямлі. Большасць кінулася да выкладчыка, пераймаючыся, ці ўсё з ім добра. «Вы толькі не растапчыце мяне», – агоўтваючыся ад апошняга ўдару, з вінаватай усмешкай адказваў ён на іх спагадлівасць. Танкляўка, паспеўшы зразумець сваю нядаўнюю памылку, абняла абранніка, прашаптаўшы тое, што палічыла тады самым важным. За смеласць сябры хвалілі яго вышэй ад Гамеравых пальмаў – бадзёра пахлопвалі па плячы ці ціснулі руку. Не быў выключэннем і Ягор. Прызнаўся, што адразу не змог разгадаць сапраўдны сэнс небяспечнага манеўру студэнта.

– Людзі, я не ведаю, што гэта было. Але ведаю дакладна, што вы героі, – адрасуючы словы ўсім, стаў красамоўнічаць выкладчык. – Вы змаглі супрацьстаяць небяспецы. Вы мусілі хутка прымаць важныя рашэнні і дзейнічаць. Гэта было не так проста. І не за ўсё нас з вамі па галованьцы пагладзяць. Але памятайце – я вамі ганаруся.

– А мы ганарымся вамі, Ягор Сяргеевіч, – сказаў за ўсіх нехта са старшакурснікаў, а астатнія падтрымалі авацыямі.

Некалькі міліцэйскіх машын і карэта хуткай дапамогі спыніліся на ўскрайку саду. Завібраваў мабільнік Руткоўскага. Нават не зірнуўшы на экран, ён прыняў выклік.

– Прывітанне. Ты не спіш? Вельмі шмат пра цябе думала. Вось вырашыла патэлефанаваць, – пачуўся голас Ядранкі.

– Прывітанне. Не, не сплю. У нас тут ночка выдалася бяссонная. І ў нейкім сэнсе безгаловая, – амаль не здзіўляючыся званку, прамовіў археолаг і пачухаў патыліцу.

Доўга размаўляць з дзіўнай харвацкай сяброўкай, заглыбляючыся ў дэталі здарэння ці разбіраючы яе чарговыя прадчуванні, ён не рызыкнуў. Наперадзе была другая палова ночы, поўная клопатаў.

Медыкі агледзелі пацярпелых – драпіны, садзені, сінякі. Абышлося без сур’ёзных траўм. Адно што Руткоўскаму параілі больш грунтоўна праверыцца ў бальніцы: было невядома, як удар электратокам адбіўся на сэрцы (на фоне нядаўняга запою), а ўдар па патыліцы – на мозгу (пасля адносна нядаўняга страсення).

Міліцыя працавала па сваёй лініі. Выспацца камусьці з удзельнікаў раскопак не далі. Высвятленні і тлумачэнні. Роспыты і сведчанні. Пошук зачэпак і рэчыўных доказаў. Як у лагеры, так (пад раніцу) і ў вёсцы. Студэнткі, якія сфатаграфавалі аднаго з нападнікаў, справе, аднак, не дапамаглі: усе здымкі былі бязбожна размытымі і зярністымі. На іх нельга было разабраць нават постаці зламысніка, не кажучы ўжо пра твар. Пачутая ці не ўсімі капачамі мянушка аднаго з нападнікаў абнадзеіла следчых, але ў выніку нічога канкрэтнага не дала. «Мішкі Гамі рассмешаць нас забаўнымі скачкамі».

Мясцовыя, якіх паспелі апытаць, сведчылі, што праезд мотакалоны праз Юравічы яны не бачылі. Нейкі недарожнік заўважылі, але ўпэўнена сцвярджалі, што гэта была машына сямейнай пары, якая адпачывала на аграсядзібе. А так прыгадвалі спрэс легкавікі аднавяскоўцаў і нейкую фуру.

– Што яшчэ за фура?

– А бог яе ведае. Можа, хто з трасы збіўся.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже