Шумок незадаволенасці прабегся між студэнтаў. Ніхто з іх не жадаў трываць такога нахабства ад амаль што разгромленай зграі. Руткоўскі меркаваў выказаць агульны настрой моладзі і ўжо круціў на языку дужа сакавітую фразу з палемічнага трактата часоў піку беларускага барока. Але ў сад з боку сялібы прымчаўся, рэзка спыніўшыся, чорны недарожнік. Адтуль выскачыў яшчэ адзін удзельнік гэтага няўцямнага «маскараду». У правай руцэ ён трымаў пісталет, а ў левай – нейкую трубку, падобную на даўгаваты ліхтарык.
– Усе смаркачы на зямлю! Жыва! – гаркнуў ён, махаючы «ствалом». – Не даводзьце да граху!
Моладзь перазірнулася і запытальна паглядзела на свайго кіраўніка.
– Паслухайце. Гэта ж вар’яцтва нейкае. Што вы збіраецеся рабіць? – звярнуўся археолаг да
– Не зразумелі?! – узлаваўся прыхадзень (Ягор падумаў: «Прыездзень»). – Студэнтам легчы на зямлю! А ты давай барзджэй на калені ставай! Аглух?!
Не чакаючы, ён падняў левую руку і тыцнуў канцом трубкі Руткоўскаму ў жывот. І вось той, моц далоні чыёй для байкера згін спавяшчала, сам дастаўся цяпер пад карання жазло. Пачуўся характэрны трэск электрычнага разраду, археолаг затросся і міжволі ўпаў на калені. «Прыездзень» павярнуўся да атарапелых студэнтаў і моўчкі скрыжаваў пісталет і шокер, намякаючы, што апошняе папярэджанне ўжо прагучала. Моладзь нехаця апусцілася долу. Гаспадар становішча ашчэрыўся задаволенай усмешкай з-пад маскі бегемота і кіўнуў сваім хаўруснікам, каб вызвалілі звязаных таварышаў.
– Тут яшчэ дзесьці студэнцік засеў. Кірпідонамі пуляе, – паскардзіўся яму «калючы».
– Хай ідзе сюды. А то яго любімаму настаўніку зараз карачун прысніцца, – прыкрыкнуў верхавод так гучна, каб пачулі хоць бы і ў глыбіні сада, а сам тым часам стаў над Ягорам, які курчыўся пасля ўдару токам: – Ну што, землярыйка? Пакласці цябе тут і зараз? Ці трохі пачакаць?
«Пачакай сваю сраку на баль», – хацеў урэзаць археолаг, але ўстрымаўся, разумеючы, што за яго словы могуць адыграцца на студэнтах. Разлічваючы пацягнуць час, ён звярнуўя да нападнікаў:
– Можа, хто б сказаў, з-за чаго ўсё гэтае ліха?
Дзяжурны выйшаў з цемры і, атрымаўшы ад «калючага» штурханца, далучыўся да сяброў. Ён паспеў абмяняцца позіркам з выкладчыкам і прачытаў у яго ў вачах разуменне і ўдзячнасць.
– Вось цяпер, калі ўся, ха-ха, сям’я ў зборы, я магу сказаць пану выкладчыку некалькі славечак, – ходзячы туд-сюд, цешыўся «прыездзень». – Не трэба было совацца не ў свой агарод. І ўсё было б добра, і нас бы тут не ўбачыў. Але ж ты лічыш сябе вельмі разумным. Хітрэйшым за бога і чорта. Толькі забываеш, што на хітрую задніцу херувім з вінтом. І вось расплата.
– Я не разумею гэтых алегорый. Пра што ўвогуле гаворка? – не мог даступіцца да сэнсу пагроз Ягор.
– Пра вось гэта вось гэтае ўсё. Дайграўся. З археалогіяй у чужым агародзе, – не дадаў яснасці прамоўца і праз кароткую паўзу рэзюмаваў: – Табе канец.
Ён падышоў да студэнтаў, якія, лежачы на зямлі, намагаліся не варушыцца. Абшарыў іх вачыма, спыніўся на танклявай адважніцы і загадаў ёй:
– Уставай, малая. Дзела ёсць.
Яе абраннік паспрабаваў таргануцца, каб не даць пакрыўдзіць сяброўку, але атрымаў выспятка і змяінае шыпенне ў якасці апошняга кітайскага папярэджання.
– Не бойся, малая. Ніхто цябе не зачэпіць, – абяцаў узброены пісталетам верхавод, калі дзяўчына ўставала і не так са страхам, як з нянавісцю, глядзела на крыўдзіцеля.
Ён падвёў яе да выкладчыка, наказаў стаць у таго за спінай, пасля ўручыў ёй зброю і са слізкай, як дарожка слімака, посмешкай прамовіў:
– Дзяржы цацку дзвюма рукамі і цэлься во сюды, – паказаў пальцам на патыліцу археолага. – Як зробіш гэта, то нязручнасці для вас усіх скончацца. А як не зробіш…
– Ды што з ёй цацкацца! Яна вунь Мішку Гамі чуць не падпаліла, сцерва! – падкінуўся несцерпам адзін з байкераў.
– Закрый свой хляўчук, а то парсючка застудзіш! – асадзіў яго гаспадар становішча, уразіўшы вобразнасцю юравіцкую ноч.
– Паслухайце. Не мучце дзяўчыну. Калі ўжо загваздка ўва мне, то разбірайцеся са мной асабіста. А яе і іншых дзяцей пакіньце ў спакоі, – не змаўчаў Руткоўскі, спадзеючыся не на літасць клятых незнаёмцаў, а на хуткае прыбыццё міліцыі.
– Дзеці-дзеці, куды вас падзеці? – кплівым тонам прамовіў «прыездзень» і, адольваючы рогат, ад якога яго распірала, дадаў: – Гэта такія дзеці, у якіх у саміх даўно маглі б быць дзеці. Ты хочаш, каб у цябе былі дзеці? – адрасаваў ён пытанне танкляўцы.
– Та-а-ак, – няпэўна пралепятала студэнтка.
– Тады вось гэтым пальцам падымі вось тут «сабачку», – ён стаў ззаду і амаль прытуліўся, кіруючы сваімі рукамі яе рухі. – Гэта, малая, па-навуковаму называецца
– Не ламайце жыццё дзяўчыне, – зноў умяшаўся Ягор. – Застрэльце мяне, калі ўжо вам так гарыць. А яе…