Пасля чародкі ўражанняў і выпрабаванняў шлюбная ноч набыла асаблівы цымус. Праўда, і сюды ўтачылася нечаканка. На экватары ночы сужэнцаў перапыніла сістэма апавяшчэння. Зямля намагалася выйсці на сувязь. Голас, што звяртаўся да іх, патанаў у шыпенні і траскатанні, пстрыканні і посвісце.
Спадзеючыся, што іх саміх пачуюць, пасяленцы колькі разоў паўтаралі ўмоўленую слоўную формулу. Выразнага адказу з Зямлі не атрымалі. Адпраўленыя адтуль тэкставыя файлы спрэс былі «бітымі» – ці не адкрываліся, ці змяшчалі абракадабру
– «Даваць»? «Дарыць»? «Саступаць?» – Марына таропка перабірала магчымыя варыянты перакладу, быццам гэтым нешта тэрмінова вырашалася.
– Ды калі нават «ахвяраваць», то што з таго? – абыякава шпульнуў Ягор, пацепнуў плячыма і павабіў жонку ў спальны адсек.
Што хацеў сказаць штаб, засталося незразумелым. З аднолькавым поспехам гэта магло быць і паведамленнем пра хваробу, і ўрыўкам з аўдыёўрока. Пасяленцы пастанавілі не тлуміць сабе галовы, а рабіць запланаванае без падказкі з Зямлі. Узоры здабытага мінералу да часу схавалі ў надзейнай шафе лабараторнага адсека. Засяродзіліся на вадзе. Задуму Марыны ўвасобілі ў праект. Праект прагналі праз спецыяльную праграму. Скарэктавалі выяўленыя памылкі. Узяліся за рэалізацыю. Ура! Тройчы ўра.
Вялікія адлогі лёду месціліся ўсутыч са знаёмым кратарам. Пачалі з рыцця траншэі. Ягор упершыню ў жыцці арудаваў адбойным малатком. Марына падстрахоўвала яго, дапамагала трымаць дакладнасць лініі, сачыла за надвор’ем. Сама капала, падмяняючы мужа, калі выкарыстоўвалі экскаватарную насадку да цяжкавоза. Тэхніка, і да бабкі не хадзі, спрашчала працэс. Аднак усё адно не адпускала ўражанне, быццам чагосьці ў пераліку абсталявання бракавала. Калі мэтай місіі была прамысловая здабыча дысбуэндыю, то арганізатары мусілі б паклапаціцца пра нешта большае за адбойны малаток і лапу экскаватара.
Кожны новы дзень быў з коптурам набіты працай. Акрамя траншэі, клопату чакалі любімы гарод і каштоўная аранжарэя – сэрцу мілыя «цяпліцы», жыццядайная «Біясфера-М». Дый база як такая патрабавала догляду і звонку, і знутры. Моцы на ўсё выдаткоўвалася больш чым шмат. Апетыт у абаіх небывала ўзрос. Ежа знікала ў вялікай колькасці. Гэта, зноў жа, змушала надзвычай рупліва варушыцца вакол агародніны і садавіны. З падачы Марыны адвялі яшчэ адну дзялянку пад сою – спажываючы яе, можна было ашчадзіць запасы мясных кансерваў.
Не забывалі адпачываць. Імкнуліся разнастаіць звычайныя забавы. Гулялі ў старасвецкіх «фараона», «штос», «вікторыю». Галузавалі ў «беліцкага п’яніцу» і «гомельскага дурня». Настальгавалі, раскідваючы «уна» і «свінтуса». Блазнавалі «самотным кракадзілам» і «танцамі на аркушыку». Ладзілі «казіно жміндаў» і «кірмаш фанабэрыі». Аднак больш за ўсё ім падабалася
Руткоўскі не прэтэндаваў на разгадку сакрэту гульні, якая фрагментарна апісвалася ў векапомным рамане Германа Гесэ. Пэўна, сам Гесэ толькі пасмяяўся б з забаўкі, прыдуманай беларускім археолагам, якога «павеў ветру і зыб хвалі» (партовай хвалі!) занеслі аж на Марс. Забаўка гэтая вырасла не толькі з марных пошукаў ключа да твора Гесэ, але і з настальгіі. Настальгіі па дзіцячых гульнях у словы, гарады, табліцы. Па загадках з «падколкай». Па сутнасці, гэта была гульня ў цытаты, калі адна з іх станавілася адпраўным пунктам для іншых, з чаго ў выніку ўтваралася некалькі цытатных «дрэў», якія ў графічным адлюстраванні больш нагадвалі лабірынт. Іншым разам Ягор з Марынай, калі не ленаваліся фіксаваць на кібердошках усё чыста, а не толькі атрыманыя за хады балы, бралі падобны лабірынт для дадатковай гульні. І «выйсці» з яго «калідораў» атрымлівалася не хутка, а часам не атрымлівалася зусім. Хоць Мінатаўрам там і не пахла.
Цытаты можна было агучваць у тым выглядзе, як успомніш, неабавязкова даслоўна. Гулец, які пачынаў, меў на старце нуль балаў – падрыхтаваная загадзя цытата не ацэньвалася. Перад пачаткам кідалі манетку – сувенірную харвацкую куну, прысвечаную палёту на Марс. Лішне тлумачыць, адкуль яна ў іх узялася.