Гульцы сядзелі ў кают-кампаніі за круглым сталом адно насупраць аднаго з чыстымі кібердошкамі ў руках. Тут жа стаялі талерка з печывам і вялікі шкляны збан з малінавым узварам, які Марына згатавала з ягад, вырашчаных ужо на Марсе. Напоўніўшы кубкі хатнім напоем, пасяленцы распачалі чарговую гульню, першы ход у якой выпаў Ягору.
– «Я вас часта сніў. Я сніў марсіянак. І ўсе яны падобны на вас», – ён па традыцыі, каб злёгку пазлаваць жонку, агучыў цытату з рамана Івана Шамякіна.
– Хопіць махляваць. Ты штораз спрабуеш пачаць з гэтай фразы, – хутчэй зрабіла выгляд, чым сапраўды завялася, жанчына. – Давай што-небудзь іншае. Я разумею, што табе не хочацца губляць запас цытат, марнуючы на стартавую.
– Шкада. Яна мне так падабаецца, – хітраваў Руткоўскі. – Я тут падумаў, што ні разу не пачынаў з самой «Гульні шкляных перлаў» Гесэ.
– А хіба там ёсць згадка пра Марс? – скептычна зазначыла Марына. – Нешта я не памятаю.
– Значыць, ты кепска чытала, – гулліва ўпікнуў ён і працытаваў па-руску: – «Но если бы дикарь иль марсианин вперился взглядом в наши письмена, ему б узор их чуден был и странен».
– Не залічваецца, – з парога заявіла саперніца.
– З якога такога шчасця? – здзівіўся Ягор.
– Няма там у арыгінале ніякага марсіяніна, – тлумачыла жонка, павучальна ківаючы галавой. – Насамрэч там згадваецца
– Але ж я чытаў у рускім перакладзе Саламона Апта, і там менавіта
– Добра. Бог з табой. Залічу я табе гэты старт.
Мужчына ўсцешана памкнуўся вуснамі да яе вуснаў, але яна не дазволіла сябе пацалаваць і, пакепліваючы, сказала:
– У нас сур’ёзная гульня, і я не хачу прайграць, разменьваючыся на буські з падступным сапернікам. І не думай, што я зараз спасую, а ты атрымаеш тры балы і магчымасць адштурхоўвацца ад абранай табою ж цытаты!
– Ды калі ласка, разумніца мая, – ласкава ўсміхнуўся хітрун.
– Я бяру з яе словы «марсіянін», «погляд», «узор». Першае: «І мірсціў я: смуглявы марсіянін ідзе са мною поруч, крок у крок», – верш Алега Мінкіна. Другое: «Залиш мені погляд свій уві сні», – украінскі гурт адной песні «Ла-Манш». Трэцяе…
– Здаецца, я здагадваюся.
– Здагадвайся на здароўе, але моўчкі, – прыгразіла кулачком Руткоўская-Гваздовіч. – Трэцяе: «І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька». Тры балы мае! І годзе іранічна хмыліцца. Я ў курсе, што вершы Максіма Багдановіча ты ведаеш добра, пагатоў, са школьнай праграмы. Давай не марудзь. Якую з гэтых цытат ты абіраеш, каб адштурхнуцца?
Руткоўскі, наўмысна цягнучы валынку, адпіў з кубка, з неўтаймоўнай іроніяй зірнуў на жонку і ўрэшце прамовіў:
– Трэцяя цытата. Словы: «ткаць», «рука», «радзіма».
– Добры выбар. Толькі, калі ласка, не прыдумляй цытат. Ты ж ведаеш, як мяне гэта злуе.
– Калі ты злая ў такіх вось аказіях, твая сексуальнасць проста зашкальвае.
– Не загаворвай мне зубы, балбатун, – ёй прыемна было чуць яго рэмарку, але даводзілася трымацца раней абранай тактыкі, інакш гульня магла спыніцца, як у тым сярэднявечным анекдоце пра баярына і цівунову дачку, што ніяк не маглі дагуляць партыю ў шахматы, бо яго слон проці правілаў ускокваў у яе ладдзю.
– Першае, на жаль, у пераказе: «Найперш мяне боства падвучыла, каб я тканіну ткаць пачала, вялізны станок паставіўшы ўверсе, у маёй спачывальні», – «Адысея» Гамера. Другое: «Як лотас нераскрыты, вусны сястры маёй, а грудзі – памяранцы. Не разамкнуць абдымкаў гэтых рук», – гэта са старажытнаегіпецкай лірыкі. Трэцяе: «Толькі Радзіма і Зося – радасць адна мне на сёння», – Ян Чачот. Тры балы.
– Усё з табой, Руткоўскі, ясна! «Спачывальня», «грудзі», «Зося»! – падпусціла шпільку жанчына.
– Чакай, ты не можаш абраць з кожнай цытаты па адным слове. Гэта
– Я і не збіралася, – саперніца ўдавана хмурылася. – Проста хачу сказаць: уражвае карцінка таго, што адбываецца ў тваёй галаве. І з Фройдам вальсаваць не трэба.
– Лекцыю пра Фройда я з задавальненнем выслухаю ад цябе ў ложку, – пацвельваўся мужчына.
Марына не адгукнулася. Яна падсунула да сябе збан, даліла ўзвару ў кубак, зрабіла колькі глыткоў, пасля чаго абвясціла:
– Выбіраю другую цытату. Словы: «лотас», «сястра», «абдымкі». Першае: «Скрозь проразі ў масцы вочы актора глядзяць туды, дзе лотасу п’янкі водар», – Басё. Другое: «– А, гэтая спрытная асоба – ваша сваячка! – уставіў Атос. – Стрыечная сястра, – сказаў Араміс», – Дзюма. Трэцяе: «Я быў задаволены, як той ружовы плюшавы слон, у абдымку з якім спіць вуглаватая супермадэлька – ураджэнка Заходне-Рускае нізіны», – Балахонаў.
– Які яшчэ Балахонаў? – дачапіўся гулец, не даўшы ёй агучыць законнае атрыманне яшчэ трох балаў.
– Сяргей Балахонаў! – не сказала, а пратрубіла маладзіца. – Сорамна сваіх землякоў не ведаць. Можа, ён цяпер пра нас з табой раман піша, а ты вось так… Цытату можаш спраўдзіць.
Яна кіўнула ў бок камп’ютара.