– Ды веру я, веру, – прымірэнча запэўніў той. – Я нават вазьму гэтую цытату, каб адштурхнуцца і ўхапіць яшчэ тройку балаў.
Марына зірнула на мужа, як на блазнаватага хвалько. Аднак ён без асаблівага напружання даў рады выпрабаванню. Што праўда, далей гульня не ішла так роўна. Некаторыя цытаткі былі аж занадта кароткімі, а пэўныя словы – настолькі спецыфічнымі, што адштурхнуцца ад іх выглядала праблемай для абаіх. Азарт, аднак, не астываў. Калі лік зрабіўся 75:80 на карысць Руткоўскай-Гваздовіч (пры неабходнай для поўнай перамогі сотні балаў), сапернік падняўся з месца і прайшоўся па кают-кампаніі, нібыта абдумваючы свой ход. На дэманстрацыйнай сцяне ён уключыў імітацыю восеньскай вуліцы Гомеля, пэўны час прагна ўзіраўся ў экранны краявід, пасля чаго павярнуўся да жонкі. Яна пільна сачыла за кожным яго рухам. Ягор няспешна вымавіў чарговыя тры цытаты і тут жа дадаў:
– Пацеркі рассыпаліся, перлы трэ збіраць!
– О, чорт! – манерна ўсклікнула жанчына. – Толькі не гэта. Я так і ведала, што ты скарыстаешся правам «рассыпкі».
– Гэта ж гульня шкляных перлаў, а не віктарына для дашкольнікаў! – «рассыпальнік» уключыў псеўдаментарскі тон.
Згодна з правіламі, кожны з іх мог аднойчы за гульню
На дэманстрацыйнай сцяне, распырскваючы лужыны, імчаліся аўтамабілі, аўтобусы і тралейбусы. Гамяльчане паспешліва рухаліся па ходніках – хто схаваны пад парасон, а хто і адкрыты для ўзаемін з дажджом. У рамцы справа людзі ў скафандрах на рэпрадукцыі карціны Язэпа Драздовіча ўзмацнялі пачуццё безнадзейнасці. І нават Юрый Гагарын, які ўсміхаўся, стоячы каля падоранага французамі аўто «Matra Djet» на праекцыі злева (здымак кагадзе выбрала Марына), гэтым разам не натхняў. Жанчына ўпала ў ступар, не занатаваўшы ніводнай пачутай цытаты. Руткоўскі абышоў памяшканне, спыніўся за спінай жонкі і паспрабаваў абняць. Яна страпянулася ад нечаканасці, нібыта не заўважыла яго перамяшчэнняў. Ён запытальна зірнуў на яе.
– Гад ты, Руткоўскі, – найграна асуджальна выдыхнула жанчына, а яе рукі дакрануліся да яго. – Мой гад. Мой каханы гад.
Ён моўчкі пацалаваў яе ў скронь і прапанаваў адазваць «рассыпку». Яна прадказальна адмовілася, падцягнула кібердошку і папрасіла паўтарыць выказванні. Пад шэлест імітацыі гомельскага дажджу ён прадыктаваў цытаты, неспадзявана крануты кантэкстам. Тым часам Варгін ускочыў на яго крэсла, стаў на заднія лапы, абнюхваючы дошку з запісамі гаспадара і заадно аглядаючы стол. Гул тралейбуса на дэманстрацыйнай сцяне ката напалохаў. Ён рэзка саскочыў, неўпрыцям паваліўшы шклянку з недапітым малінавым узварам.
– Во дзе сапраўдны гад, – жартаўліва прыкрыкнуў Ягор, скіраваўшыся выціраць ружовую лужыну.
– Ты хацеў бы зараз сесці ў гэты тралейбус, праехаць па Мельнікавым Лузе, выйсці на «Лядовіку», спусціцца да Валатаўскога возера, узяць у пракаце лодку і сплаваць на востраў? Разам са мной…
– У цябе зноў настальгія, мілая?
– Я думаю, што нам трэба выкарыстаць любую магчымасць, каб вярнуцца на Зямлю.
– Ты прабач, але папутку тут не зловіш і таксі не выклічаш. На Зямлі ведаюць, што мы жывыя. І ты бачыш іх рэакцыю – дзіўнае маўчанне і «give» праз трэск перашкод. Адпраўляць сюды ратаўнікоў ніхто не будзе. Ты забыла, што мы падпісалі паперы, дзе адмовіліся ад прэтэнзій да «Coböl Engineering», у тым ліку і з нагоды сітуацыі, падобнай да нашай? Зрабіўшыся ўдзельнікамі місіі, мы свядома ўзялі квіток у адзін канец.