– Пра небяспечнасць мы ведалі яшчэ да палёту. Асабліва сур’ёзных здарэнняў, акрамя толькі сапраўды жахлівай катастрофы карабля, якая пачалася, заўваж, не на Марсе, мы тут не напаткалі. Я не бачу аніводнай прыкметы таго, што нейкая гіпатэтычная форма мясцовага жыцця наўмысна чыніць нам шкоду ці спрабуе звесці з глузду. І калі б не той «грукатун», у мяне увогуле не было б падстаў наракаць на нешта.

– Дык што гэта можа быць, калі не форма марсіянскага жыцця?

– Ведаеш, я баяўся табе казаць, – Руткоўскі закусіў губу, вагаючыся, ці варта працягваць.

– Што баяўся казаць? Ты схаваў ад мяне нейкую інфармацыю? Але як? – спрабуючы здагадацца, сыпала пытаннямі жанчына.

– Няма ў мяне ніякай інфармацыі, – муж намагаўся яе супакоіць. – Проста я шмат разважаў пра аварыю «Навухаданосара». Карабель з чымсьці сутыкнуўся. У шоку думалася, што праз містычны ўплыў Ядранкі. На цвярозы глузд – што праз фатальную памылку пілотаў. Але з чым сутыкненне адбылося? З астэроідам? Лягчэй было меркаваць, што з астэроідам. Але, убачыўшы вялізныя адбіткі каля базы, я дапяў да іншай здагадкі. А што калі «Навухаданосар» урэзаўся ў іншапланетны карабель? Не марсіянскі, а яшчэ нейкі. І ён разбіўся дакладна гэтак жа, як і наш. Але, зноў жа, як і ў нашым з табой выпадку, нехта з яго каманды ацалеў і аж дагэтуль працягвае змагацца за жыццё. Калі ўсё так, то тады зразумела, чаму сістэма не можа ідэнтыфікаваць сігнал.

– Што ж ты мне адразу думаньку такую не раскрыў? Спакойна павалок на кратар. Потым рыць траншэю. А калі б «грукатун» вярнуўся? Што б мы рабілі? Самадум ты, Ягорка! – Руткоўскую-Гваздовіч ажно так калаціла ад абурэння, што яна, калі б мела мажлівасць, абавязкова дастала б цыгарэціну.

– Я не хацеў цябе лішні раз хваляваць, – апраўдваўся Ягор. – Нічога з намі не здарылася б. Сканеры і санары на абодвух марсаходах я наладзіў адпаведна. Яны выявяць любое сур’ёзнае перамяшчэнне ў радыусе ад трох да пяці кіламетраў. Памятаеш, калі толькі пачалі капаць траншэю, ты засекла невялічкі віхор аж за чатыры вярсты ад марсахода? Гэта акурат дзякуючы наладкам. Калі б там рухалася жывая істота – Іван Знайдзён ці старая Каргота, ляцеў беспілотнік «Прывет Мальчышу» ці ехала машына цёмным лесам за няпэўным інтарэсам, – ты даведалася б пра гэта першай. Часу на эвакуацыю нам бы хапіла. Ну, а ўжо на базе давялося б думаць, што рабіць далей. Зрэшты, як я разумею, моцы ў гэтага стварэння не так шмат. Згадай лапіны, пакінутыя пасля грукатання па даху «дальнякоў». Каб яно магло прабіць браню нашага «прыстанішча», хутчэй за ўсё, мы тут з табой зараз не размаўлялі б. Калі табе страшна, то я працягну працу са здабычай вады адзін. А ты можаш спакойна прысвячаць час «цяпліцам».

– Ягор! Як жа ты не разумееш! – ультраправедным гневам выбухнула Марына. – Я баюся не нейкай там прымроенай пачвары, а таго, што ты мне не давяраеш. Калі нам наканавана загінуць – ад нападу іншапланетніка ці ад кацінага выбрыку – мы павінны быць разам. Разам, каб супольна зірнуць смерці ў вочы ці на вастрыё яе касы. Таму не можа быць і гамонкі, што я адпушчу цябе аднаго кудысьці далей за блізкае ваколле базы. Але і выпраўляючыся разам, мы не павінны нічога адно ад аднаго ўтойваць. Каб аніякіх сюрпрызаў… Хаця наша рамантычная прагулянка па грыве кратара мне спадабалася, будзем лічыць гэта апошнім выключэннем з правіл.

– Добра. Гэта значыць, што ты паедзеш са мной да абломкаў «Навухаданосара»? – спакушальна запытаўся Ягор.

– Абавязкова. Вось толькі зараз перамагу цябе ў гульню шкляных перлаў. Трымай, мой мілы гад, дзевяць цытат і будзь гатовы да «рассыпкі», якую я абвяшчу зараз жа.

<p>13</p>

Пасля начной калатнечы раскопкі працягваліся адмераную ім з вышэйшай графікавай волі колькасць дзён. І хоць імпэт удзельнікаў не згас, ранейшая атмасфера кудысьці выветрылася. Шлейф успамінаў пра падзеі той ночы лунаў над лагерам, раскопам і нават над возерам Ліцвін. «Дзік рудабокі, засягнуты ў ятры шалёнай, іклам маланкавым зджоргаў зацятых сабак», – выводзіў вечарамі адзін з менестрэляў. Але як ні падбадзёрвалі адно аднаго студэнты і іх кіраўнік, як ні занураліся ў руціну працы ці радасці кароткіх адпачынкаў, паслясмак інцыдэнту не адступаў. Не мінуў ён і тады, калі было зроблена некалькі знаходак – не такіх эпахальных, як Юравіцкі ідал, але ўсё адно важных і для навукі, і для прываблівання турыстаў.

Следства доўжылася. Руткоўскі збольшага ведаў пра яго ход і зусім не здзівіўся, калі айчынныя пінкертоны ўперліся ў сценку. З сабраных матэрыялаў вынікала, што мясцовыя, нават у якасці наводчыкаў, за нападам не стаялі. Але пайсці далей і вызначыць, хто гэта ўсё-ткі мог быць, у следчых не атрымлівалася. Зачапіліся за сведчанне вяскоўцаў пра фуру. Падазравалі, што менавіта на ёй у Юравічы прыбылі матацыклісты і іх жалезныя коні. Перарылі запісы з відэакамер заправак і кавярняў, размешчаных на трасе, але шуканага грузавіка нідзе не было.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже