Адзін з радараў засек у ноч здарэння перавышэнне хуткасці. У кадр трапіў не толькі легкавік ганялы, але і фура, якую ён выпярэджваў. Кінуліся правяраць абедзве машыны, ды плёну для прасоўвання следства ад гэтага не было. Першая ў Юравічы тады не збочвала. Другая ж, хоць і сапраўды заязджала, але, як і казалі вяскоўцы, выпадкова – праз недасведчанасць маладога кіроўцы. На тое, што апошні тут асабліва нідзе не спыняўся, а пагнаў у кірунку трасы на Калінкавічы, указвалі і звесткі бартавога рэгістратара. Следчыя дапускалі верагоднасць фальшавання звестак. Але слядоў умяшання ў праграмнае забеспячэнне спецыялісты не выявілі. Як раней нічога не знайшлі і эксперты, старанна вывучаючы прычэп. За кіроўцам колькі дзён негалосна пасачылі і канчаткова пераканаліся, што ўсё глуха, як у падбітым нямецкім танку на дне засыпанага Гарэлага балота. Пасля раскопак раз-пораз цікавіліся ў Ягора, ці не заўважае ён падазронай актыўнасці вакол сябе. Ён не заўважаў. Пра здарэнне археолаг успамінаў часта. Але сам не прагнуў шыцца ў следчага ці гуляцца ў Шэрлака Эркюлевіча Мегрэ. Яго займалі іншыя думкі і клопаты.

Наста Ройтшванец перабралася да яго жыць. Былі з таго і свае плюсы, і свае мінусы, як гэта часта ў падобным раскладзе здараецца. Яна была цудоўнай слухачкай, выдатнай палюбоўніцай, залатой гаспадыняй. Лёгка магла падтрымаць любую размову. Ёй можна было паплакацца ў камізэльку. Галава ў яе пакуль не балела. Пра недапрадзеную воўну не думала. Яе баршчы натхнялі на складанне незямных одаў і касмічных опер. Аднолькава ахвотна абмяркоўвала з ім хоць разьбяныя каменныя стэлы ў Гёбэклі-тэпэ, хоць «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» Элізы Ажэшкі. Аднак часта ўсё гэта абарочвалася крыжам. Крыжам на тым, да чаго за многія гады звык Ягор – на свабодзе і магчымасці мець свае маленькія (і трошкі большыя) сакрэты. І пакуль крыж быў хутчэй крыжыкам, мужчына стараўся недзе лавіраваць, недзе выхоўваць, недзе ісці на яўныя ці ўяўныя саступкі. Дзеля таго, каб толькі не выпеставаць з маленькага крыжыка вялізны крыжышча ў будучыні. Наста ж, дарэчы, паразважаўшы над яго прапановай тры дні і тры ночы, замуж выйсці згадзілася. І прыцірацца адно да аднаго варта было загадзя. А тычылася гэта, ясная рэч, не толькі гутарак, сексу ці рэцэптуры калдуноў.

Руткоўскі рашуча адмовіўся ад прапановы нявесты абмяняцца паролямі да старонак у сацыяльных сетках. Яна спадзявалася, што абменам яны толькі ўмацуюць узаемны давер. Ён жа даказваў, што давер грунтуецца на радыкальна іншых падставах. Пераканаць не пераканаў, але напіраць дзяўчына не стала. І хоць у Ягора не было аніякіх таемных ліставанняў, каламуць прыкрасці асела не адразу. Цяпер ён больш рупліва пільнаваў бяспеку доступу да сваіх старонак і электроннай пошты, чысціў гісторыю наведвання сайтаў, каб потым на іх не зайшла нявеста. Такі вось давер гартаваўся.

Зрэшты, пераймаўся ён з гэтай нагоды толькі тыдзень. Пазваўшы Насту замуж, пэўны час працягваў вагацца між будучыняй, якая наступала тут і цяпер, і мінуўшчынай, якая быццам бы і сплыла, але ўсё яшчэ ніяк не магла сабраць (ці наогул вымесці) нядаўна рассыпаныя пацеркі. І акурат тады яму закарцела пераглядзець як мага больш інфармацыі пра гібель Марыны і Марку, каб скласці сваё ўласнае цвярозае ўражанне пра трагедыю. І даймаў яго не сумнеў у тым, што яны загінулі (у гэтым ён акурат і не сумняваўся) – дратавала думка, што пара магла паквітацца з жыццём, ратуючыся ад яго празмернай увагі.

Так, гэта патыхала завышанай самаацэнкай і крайняй самазакаханасцю – маўляў, вось ты такі вялікі і магутны Ягор Сяргеевіч Жахлівы, праз апрычніну ўвагі якога могуць крышыцца чужыя лёсы. Але рэч была не ў нейкай эфемернай маніі велічы, а ў звычайным адчуванні віны. Уласна дзеля таго, каб пазбыцца гэтага адчування, археолаг і ўзяўся раскопваць звесткі пра здарэнне пад Канстанцай. Але адначасова яму не хацелася, каб пра гэта ведала нявеста. Нявеста, якую паспеў запэўніць, што Марына засталася ў мінулым. І вось замест складання справаздачы пра раскопкі ў Юравічах ці працы над артыкулам пра Юравіцкі ідал у святле адкрытай мазырскім гісторыкам крыніцы Руткоўскі прысвяціў сябе іншаму занятку.

Са знойдзеных у сеціве матэрыялаў навуковец на свой розум рэканструяваў храналогію падзей. На падрыхтоўку Марыны і Марку да самагубства не ўказвала нічога. Пераключыўся на разбор уласных паводзін таго часу. Вынікала, што нічым зачапіць Марыну ці яе мужа тады ён не мог. Ён увогуле ніяк не нагадваў ім пра сябе з моманту канферэнцыі. Памазгаваўшы яшчэ трошкі, зазбіраўся канчаткова скінуць з сябе цяжар надуманай віны. Наста непрыкметна стаяла ў дзвярах і глядзела, як яе будучы муж закрывае старонкі са здымкамі Гваздовіч. Ціхутка вычакала, пакуль ён справіцца, і паклікала ў ложак. «А то сумна паўдня без сексу».

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже