Падалі заяву ў ЗАГС, дамовіўшыся на выязную рэгістрацыю шлюбу. У Насты было сваё бачанне, як усё мусіла адбыцца. Сачыла за моднымі трэндамі ў правядзенні вяселляў. Шчыра зайздросціла многім сяброўкам, ледзьве знаёмым, а часам і зусім незнаёмым дзяўчатам. Большасць такіх вяселляў шмат грошай каштавала, пра што таксама варта было памятаць, каб унікнуць пустога іх марнавання. Ягор уважліва выслухаў яе, паглядзеў прапанаваныя нявестай падборкі вясельных фатаграфій, узяў аркуш паперы і крок за крокам прапісаў уласнае бачанне справы з улікам выдаткаў і задумак Насты. І хоць сцэнар атрымліваўся не зусім такім, як ёй ад пачатку бачылася, дзяўчына амаль не пярэчыла. Прапановы Руткоўскага яе прыемна ўразілі. Як ні круці, вяселле вымалёўвалася абсалютна нетрывіяльнае. Нават па гомельскіх мерках.
Выезд Ройтшванец у вёску Марс па размеркаванні атрымалася скасаваць, скарыстаўшыся дэталямі нарматыўна-прававой базы і пэўнымі знаёмствамі Руткоўскага.
У сярэдзіне жніўня выйшлі на працу. Ён ва ўніверсітэт – зрабіць нарэшце справаздачу і прайсці ўсе належныя працэдуры перад семестрам. Яна – у школу на Траецкую, рыхтавацца да навучальнага года, слухаючы байкі старажылаў пра выпадкі з часоў, што ў нябыт уцяклі. Дома дзяліліся ўражаннямі, абменьваліся дэзоксірыбануклеінавай кіслатой, удакладнялі спіс гасцей. Ніколі не размаўлялі пра Марыну. Нават калі мелі нейкія супольныя ўспаміны, Марыну яны абміналі, быццам яе з самага пачатку ў іх жыццях і не было. Так склалася само сабой, без усялякіх папярэдніх дамоўленасцей. Абаіх гэта цалкам задавальняла. Бо яе прысутнасць, хоць бы і на ўзроўні ўспамінаў, замінала, была залішняй. Была залішняй паўсюль – ад ложка і кухні да вясельнага салона і сумоўя з тамадой… Апошні на просьбу Ягора пагадзіўся называцца
Між усіх клопатаў і радасцей, што так дзівосна спалучаліся ў тыя жнівеньскія дзянькі, нагадала пра сябе і яшчэ адна справа. Руткоўскі мусіў тэрмінова ехаць у Мінск, каб на студыі запісаць абяцаную для «Coböl Engineering»
Ягор жа, едучы ў сталіцу, быў настроены на выкананне
Ягор не па чутках ведаў, колькі ў сталіцы дзяўчат і якія ў сталіцы дзяўчаты. Але прыспеў час пасталець і нават на развітанне з халасцяцкай жыткай не раскідваць сеткі на ланей. Таму ў Мінску ён абмежаваўся адно сімвалічным фліртам з прадавачкай у кнігарні «Марс», куды зазірнуў выпадкова, бо паблытаў з прадуктовай крамай. Зрэшты, прадавачка знайшла для яго і пляшку вішнёўкі, і сіх-тых прысмакаў, з якімі ўсцешаны гамяльчанін сеў на электрычку і паехаў у Асіповічы да бацькі.