Здравствуй, молодец прекрасный,Что ты тих, как день ненастный?Где ты был и что нашёл?За невестушкой пришёл?Мы не люди, мы не звери,Чтоб открыть к невесте двери,Не скупись, клади в пакетГорстку звонкую монет.

Наслухаўшыся прыпевак і вызваліўшы кубёлак ад манетак, жаніх урэшце дабраўся да нявесты. Госці ўзяліся сыпаць неабавязковымі, але амаль непазбежнымі жарцікамі пра тавар і купца, пра лябёдушку і лебедзя, пра дзеваньку і дзядзеньку. Шлюбная пара пад маркай кароткай нарады зачынілася ў пакойчыку. Час ішоў. Жарты заканчваліся. Асобныя госці выходзілі з кухні, паспеўшы з ласкі гаспадароў дзябнуць па румашэўскім пад лёгкую закусь. Маладыя ж усё не выходзілі. «У вас там нарада перарасла ў спагаду?» – смехам бэхнуў хтосьці са старых. За дзвярыма панавала маўчанне. Усе пачалі хвалявацца. Некаторыя нават за дзвярную ручку тузалі. Ніхто не адгукаўся. «Ягор з Настай на пад’ёмным кране спускаюцца!» – захоплена выгукнула адна з малых дзяўчынак, якая, задыхаўшыся, прыбегла ў кватэру з-пад пад’езда.

Гэта быў не кран, а пад’ёмнік, што, зрэшты, не змяняла сітуацыю. Уражаная нявеста з замілаваннем глядзела на свайго будучага мужа. Шлейф яе вышыванай сукенкі лунаў пад павевамі ветру. Суседзі і мінакі спыняліся, каб паглядзець на нечаканае дзіва.

Нашы баяры, як перабор,Та пераехалі шчыры бор.Сталі палком та пад гайком,Пусцілі стралу залату,Та выбілі сцяну камяну,Та вывелі Насцёну маладу.Ставілі з Ягоркам у раду.

Унізе маладых хуценька раздзялілі, усадзіўшы ў розныя машыны. Картэж, ён жа вясельны паязд, памчаў праспектам палкоўніка Барыкіна ў бок цэнтра. На чале калоны ехала бірузовая «Победа», у якой сядзеў утрапёны ад шчасця Ягор. Праз адно аўто ехала адна з першых мадэляў «Волги» бежавага колеру, дзе сядзела шчаслівая ад дзеі Наста. Стаяла выдатнае, як для жніўня, надвор’е: у сінім небе ні хмурынкі, а сонца асабліва не прыпякала. «Яўна добры знак».

На пуцеправодзе паязд збочыў на Кузнечную, адтуль выехаў на Замкавую, абагнуў адноўлены будынак касцёла, праехаўся па плошчы, каб у пачатку Румянцаўскай звярнуць на Мільённую і ўрэшце дабрацца да «Паляўнічага дамка» – музея гісторыі Гомеля, дзе, уласна, і адбылася выязная рэгістрацыя. З праходам у музейныя залы. Кароткім словам пра шматвяковы шлях горада. Працяглым словам пра сям’ю, якая «нараджаецца на нашых вачах». Пярсцёнкамі, подпісамі, пацалункамі. Урачыстым абвяшчэннем шлюбнікаў мужам і жонкай. Вальсам Казлоўскага, у якім закружыліся маладыя, змушаючы гасцей стаць «па сценачцы» і, улічваючы пільныя просьбы супрацоўнікаў музея, не кранаць экспанаты («і цябе, дзяўчынка, гэта таксама тычыцца»). Зазіраннем Ягора і Насты ў «чароўнае» люстэрка ў сумежнай зале, куды дазволілі зайсці толькі ім. «На шчасце, дарагія. На шчасце».

Шампанскае, шарыкі, розныя атрыбуты для пачатку фотасесіі чакалі на пляцоўцы злева ад уваходу ў музей. Тут гасцям, асабліва дзецям, было раздолле і «па сценачцы» больш станавіцца не давялося. Жыхары суседніх дамоў лена паглядалі на чарговую святочную мітусню пад вокнамі. «Чым іх ЗАГС не ўстраівае?» Парадаваць маладых першым зычэннем выклікаўся Ягораў бацька. Падміргнуўшы сваёй спадарожніцы, ён узяў келіх з шампанскім і моўчкі агледзеў вясельны натоўп. Усталявалася цішыня. Адно шапацелі галіны дрэў і гулі машыны, што імчаліся па Ліпавай. «Жадаю, каб у маладых быў лад, а не адклад», – сцісла і чэпка прамовіў Сяргей Яўцехавіч і залпам, як гарэлку, асушыў келіх з шумлівым напоем. Астатнія скіраваліся за яго прыкладам.

Ягор і Наста ўсміхаліся і дзякавалі за добрыя словы. Фатограф заўзята здымаў замалёўкі з натуры – усмешкі, міны, жэсты, мізансцэны. Потым узяўся за пастаноўныя фота. На плеценых крэслах, нібыта ў шляхецкай сядзібе. Між велічных дрэў, нібыта блукалі па лесе. Пры камянях у засені яблынь – нібыта такі настрой. Выпускаючы фотаптушак, ішоў неадступна з маладымі аж да Баярскага спуску.

Там муж і жонка ўсталі на гіраскутары, узяліся за рукі і пад воплескі гасцей ды разявак пашамацелі коламі на набярэжную. Даехалі да прыстанькі, каб перасесці на катар «Вікторыя», што памкнуўся ўверх па Сожы. Уздоўж порта і рыбакоў на стрэлцы. Пад Камарычовым мостам. Міма сутокі Іпуці з Сожам, вядомай як Валодзькава возера. Каля маленечкай безыменнай выспы. Па меандры Валатаўской пратокі. Між Васілісавай касой і выспай Воўчай, якая з вышыні птушынага палёту нагадвала не ваўка, а ці то ўладара Верхняга Егіпта ў кароне-«бутэльцы», ці то іншапланетніка, як іх часцяком уяўляе кінематограф.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже