З калонак гучалі «Млын Сонца» і «Балкомъ-Песъ», «Šuma» і «Ягорава Гара». Ва ўсіх песнях згадвалася рака. Не Сож. Нейкая абстрактная. Хаця нярэдка і пад маскаю рэальных назваў – часцей за ўсё Дуная. Абстракцыі і маскі – тое, чаго Ягор хацеў ад шлюбу менш за ўсё. Малочнай ракі з кісельнымі берагамі хацела ад шлюбу Наста. Яны мройна стаялі, слухалі спевы, лавілі прахалоду ветру і гожую дзікасць краявідаў, не разумеючы, што збоку нагадваюць герояў «Тытаніка» Джэймса Кэмерана (калі ўжо зайшла гаворка пра кіно).
Зрэшты, «Вікторыі» айсбергі не пагражалі. Была небяспека ўзбіцца на мель насупраць Краснай Грывы, але – хвала стырнавому! – абышлося. На ўзгорыстым ускрайку Старой Валатавы маладыя пакланіліся залітай сонцам Мікалаеўскай царкве. Вянчацца не планавалі. Храм пазамінулага стагоддзя, пад якім аднойчы знайшліся рэшткі сярэднявечнай драўлянай бажніцы, быў абраны імі як месца ўскладання кветак. Для Гомеля – чыстае дзівацтва. Гомельскіх маладых звычайна цягнула да ваенных помнікаў, да ўшанавання манументаў Міколы Румянцава ці Кірылы Тураўскага, а самых адчайных – да падножжа хімзаводскіх фосфагіпсавых хрыбтоў. Археалагічныя аб’екты ў маршрутах вясельных картэжаў не значыліся.
Пры дарозе недалёка ад царквы маладых ужо зачакаўся паязд. Большую частку гасцей паспелі даставіць туды, дзе неўзабаве мусілі пачацца галоўныя вясельныя забавы. Ягор і Наста нарэшце селі ў адну машыну. Паязд крануўся з месца, выруліў на Усходні абыход і памчаўся ў напрамку Клёнкаўскага. Кіроўцы сустрэчнага транспарту не праміналі пасігналіць на знак прывітання. Мужчына ў гадах, які гнаў на ровары і прыцягваў увагу сваёй яркай малінавай майкай, памахаў ім і гучна выкрыкнуў: «Summertime sadness!» Ад такога паслання маладая збянтэжылася і трохі ўзлавалася. Малады, аднак, парупіўся яе суцешыць, сказаўшы, што не аднойчы бачыў гэтага дзядзьку: той любіць, круцячы педалі ровара, гучна распяваць векапомную песню пра летні сум.
Потым Руткоўскі паказаў на шматпавярховік, дзе жыў калісьці з бацькамі. Машыны паязду, як на загад, падалі голас, аддаючы належнае месцу, дзе ў наваспечанага мужа
Над Валатаўскім возерам, якое камунальныя службы ўпарта называлі Бурым балотам, з насыпанай выспы ўзвышаліся цыклапічных памераў статуя легендарнага волата і трохі меншая скульптурная выява жанчыны. Возера кішэла лодкамі, бо мноства закаханых узялі сабе за звычай плаваць на выспу, хаця сімволіка размешчанага на ёй помніка ніякага дачынення да кахання не мела. Руткоўскі ганарыўся, што ў свой час прыклаў руку да з’яўлення гэтай неверагоднай цікавосткі. Даспехі волата блішчэлі на сонцы, спараджаючы безліч блікаў. З пэўных ракурсаў магло падацца, што волат ахінуты агнём. Ягору падабалася, але, разам з тым, менш за ўсё хацелася, каб агонь яго прыцягнення да Насты быў падобны да гэтых блікаў. Наста ж лічыла, што для яе будзе дастаткова і блікаў, бо астатняе дадасца праз
Перад Прудком паязд збочыў на Мазурава і прадоўжыў