Крыкі. Енк. Заклікі дапамагчы. Шызы туман узнятага пылу. Вусцішныя цені ў ім. Далёкі плач да смерці перапалоханай дзяўчынкі. Абвал сцяны. Другой. Жывых гукаў (ці гукаў жывых) рабілася ўсё менш. Ягор у завале з цэглы і друзу паспрабаваў узняць галаву, што гула не горш за іерыхонскія трубы, параўнанне з якімі тут, ясная рэч, кульгае сваёй адпаведнасцю. Моц удараў змякчылі, па-першае, стол, пад які ён пацягнуў Насту, і, па-другое, шлем, які яго змусіла надзець Ядранка. «Але дзе яны зараз ёсць?» Перад вачыма ўсё плыло. Рукі калаціліся. Ногі не слухаліся. Ён стаў клікаць жонку, але голасу свайго не пачуў. «Няўжо я аглух?»
Азірнуўшыся, Ягор з жахам для сябе ўбачыў шматок вясельнай сукенкі, які тырчэў з-пад цаглянага груду. Здавалася, што ўвесь гэты час («А колькі, дарэчы, гэтая жудасць доўжыцца?») яны былі разам, што ён імкнуўся захінуць яе ад пякельнага граду, як зусім нядаўна яна захінула яго ад скачка ў пякельную прорву. «Чаму ж яна там?» Руткоўскі ледзь вызваліў зашчэмленыя раструшчаным сталом ногі, не разумеючы, баляць яны ці не. Абапіраючыся на рукі, ён папоўз на шматок вясельнай сукенкі. «Чаму нікога няма? Дзе, чорт іх пабірай, выратавальнікі?»
Дапоўзшы, ён узяўся разбіраць груд, адкідаючы кавалкі цэглы і друзу. Адкапаўшы Насту, археолаг быў перакананы, што яна проста непрытомная, бо ніводнай раны («Драпінкі не лічацца!») не было заўважна. Шлем перашкаджаў паслухаць, ці дыхае яна, ці б’ецца яе сэрца. Ягор прыўзняў жонку і тут жа зарыдаў ад безнадзейнасці: сукенка на спіне была цалкам залітая крывёю, а з-пад лапаткі тырчэў металічны штыр.
<p>14</p>Сігнал з месца крушэння «насавіка» паўтараўся чатыры разы на сол. Але ўсё адно заставаўся незразумелым. Сістэма зноў і зноў дзынкала памылкай. Расшыфраваць паведамленне сваімі сіламі людзі не маглі. Ведаў для гэтага не было. Паспрабавалі, што праўда, супаставіць алгарытм сігналу з дыяментавымі россыпамі звестак на серверах. Бясплённа. Ён ні з чым не супадаў. Няўцешнасць з безвыходнасцю.
З выправай да абломкаў вырашылі пачакаць. Заканчвалі будаўніцтва водаправода. Марына, насуперак аргументам мужа, асцерагалася, што па нітачцы сігналу да іх заявіцца нежаданы госць. Дзеля заспакаення яе душанькі Ягору давялося пакорпацца ў каталогу рыштунку, каб потым на «складах» адшукаць і выцягнуць патрэбнае дабро. Так у небе над «прыстанішчам» залунаў шар-зонд з відэакамерамі. З ім можна было, як сказаў бы сябар з універсітэта транспарту, трымаць вуха габляваным – засекчы набліжэнне пагрозы хутчэй, чым з дапамогаю сканераў і санараў на марсаходах. Гэта прыкметна зменшыла трывожнасць маладзіцы. Эфекту плацэба ніхто не скасоўваў.
Пасяленцы хутка завяршылі рыццё траншэі. Узяліся за будаванне тэхнічнага калодзежа. Проста каля адлогаў лёду. Задача была не з лёгкіх. Жалезабетонныя кольцы і пліты на базе чорт меў: цягнуць лішні цяжар на Марс было нават для «Coböl» чыстай бязглуздзіцай. Інструкцыі натхнялі на выраб будматэрыялаў з марсіянскіх геалагічных парод. Вытворчасць цэменту і бетону на Марсе? Яшчэ тое карове сядло! Амаль цэлы месяц валэндаліся! А тады з плітамі дзён колькі… Толькі пасля ўсяго гэтага прыспела чарга капання яміны пад калодзеж. Па перыметры яе ўмацоўвалі каменнай кладкай. Пліты размяшчалі ярусамі. Кожны праслоек засыпалі друзам. Сходы для люка змайстравалі з вонкавых лесвіц «дальнякоў» – маўляў, там яны ні ў плот ні ў азярод.
Мантажом сістэмы пампавання займаўся Руткоўскі. Працаваў над тэрмаізаляцыяй. Тэхніка не павінна была замярзаць праз начныя перапады тэмпературы. Марына заставалася ў марсаходзе – як і раней, пільнуючы старыя і новыя небяспекі. Муж неадлучна быў на сувязі. То каментаваў свае дзеянні («Ну, вось і прыкруціў я гэты болцік.»), то баламуціў каханую жонку («З якім іншым пазам я звычайна спрытнейшы.»). І адно, і другое ёй падабалася, бо сведчыла, што з мужам усё добра, што кіслароду, аптымізму і працаздольнасці яму не пазычаць. Раз-пораз яна нават падпявала яго гуллівасці, абяцаючы цікавы тэхагляд.
Калі Ягор замоўк, жанчына падумала, што ён недалужна жартуе – спрабуе яе трошкі папалохаць. Папрасіла яго не дурэць і адгукнуцца. Просьбы, аднак, ішлі ў глум: ён не рэагаваў, хаця праблем з сувяззю не было. Разумеючы каштоўнасць кожнай секунды, Марына пакінула марсаход і скіравалася да люка. Сэрца шалёна грукатала. Стараючыся адолець слаба прытоены страх, маладзіца пачала спускацца ўніз. У тамбуры пры пераходзе на ніжэйшы ярус няўдала ўхапілася за лесвіцу. Рука ў пальчатцы скафандра слізганула. Утрымаць раўнавагу ці ўдала перанесці цэнтр цяжару не выйшла. Адчуваючы, як хваля безнадзейнасці цалкам залівае яе, пасяленка паляцела ўніз.