– Ты пра сваё юнацтва з домам прывідаў успомні, – з цяжкасцю ўсміхнуўшыся, адфутболіла яна. – Ну дык чаму адна сястра згладзіла са свету другую?
– Я не ведаю, – паціснуў плячыма мужчына, назіраючы, як яе млявы твар крывіцца смехам.
– Гэта не адказ. Ты ж навуковец. Умееш будаваць гіпотэзы і фармуляваць версіі. Дык паклапаціся, калі ласка, – не адставала
– Самае простае, што прыходзіць на думку – гэта рэўнасць. Закаханая сястра баялася, што ў яе з’явілася канкурэнтка.
– Гэта няслушна. Спрабуй яшчэ. У дзяцінстве мы лічылі, што гэта тэст на маньяка. Пакуль ты яго правальваеш.
– То-бок калі я адкажу слушна, ты прызнаеш мяне маньякам, а калі не здолею даць слушнага адказу – буду лічыцца дурнем?
– Цяпер жа не дзяцінства, – прамовіла яна, як магла б прамовіць «цяпер жа не бронзавы век», і са стомленай посмешкай, ад якой за вярсту веяла пакепліваннем, прапісала: – Тое, што ты маньяк, я і без тэста ведаю.
– Ну, дзякуй, каханачка, – не спрабуючы ўдаваць нават макулінкі намёку на крыўду, іранічным званочкам бомкнуў ён, чым засведчыў, што прыняў умовы гульні, у якой праглядаліся і пафас загадак Алкуіна, і парадоксы антычных сафізмаў, і звычайныя бабскія дурыкі («
– Ёсць. Калі ты ўмееш прасякнуцца логікай старажытных ганчароў, гледзячы на чарэп’е іх прыўкрасных гаршчкоў, калі ты здольны спасцігнуць логіку сярэднявечных дакументаў (
–
– А кажаш, што не маньяк, – маладзіца рассмяялася, але праз млявасць смех атрымаўся дужа спецыфічным, нагадваючы рогат дзетсадаўскага Дзеда Мароза у выкананні адной з выхавацелек, якой у найважнейшы момант святочнай сцэнкі заняло дыханне.
– З табой усё добра? – захваляваўся мужчына. – Можа, вады прынесці?
– Які ты клапатлівы, – ухілілася яна.
Руткоўскі зірнуў на паказанні медсканера. Ніякіх змен. Ні на лепшае, ні на горшае.
– Ты павінна адужэць. Калі я правільна зразумеў, гэтая трасца не затрымліваецца надоўга ў целе. Але табе дасталося болей за мяне. Вось жа кісларод, вада і мае фірмовыя стравы – тое, што табе неабходна спажываць у колькасцях большых, чым звычайна.
– Наконт фірмовых страў я ацаніла, – Марына зноў, гэтым разам праз позех, падаравала каханаму ўсмешку. – Але што там з прычынай забойства сястры, разумнік ты мой?
– Ведаючы дзіцячы фальклор, магу меркаваць, што адгадка можа быць зусім алагічнай ці парадаксальнай, – пабачыўшы, што яна не адчэпіцца, узяўся разважаць Ягор. – Дзяўчына, якая стала ахвярай, магла ведаць, што ніякага маладога чалавека на пахаванні не было, што ён быў плёнам фантазіі сястры, у якой пасля смерці маці сарвала дах. Але тая, не жадаючы ўспрымаць аргументы на гэты конт, аддае перавагу лунанню ў сваіх мроях і ідзе на забойства.
– Табе не здаецца, што гэта надта грувастка нават для садысцкай дзіцячай алагічнасці?
– Добра. Сястра-1 на пахаванні сваёй маці закахалася, але не пазнаёмілася з Маладым Чалавекам. Сястра-2 выступае як бяздзейны аб’ект і ахвяра забойства. Малады Чалавек, пра якога Сястра-1 не мае ніякай інфармацыі, існуе для яе толькі ў кантэксце пахавання блізкага ёй сваяка. Такім чынам, Сястра-1 лічыць, што ўбачыць яго чарговым разам можна будзе, зноў жа, на пахаванні блізкага ёй сваяка. Паколькі пра Бацьку Сястры-1 і Сястры-2 у загадцы нічога не сказана, бліжэйшым сваяком для Сястры-1 з’яўляецца Сястра-2. Выходзіць, што Сястра-1 пастанавіла забіць Сястру-2, спадзеючыся, што той самы Малады Чалавек прыйдзе на пахаванне апошняй.
– Бінга! Во гэта я разумею – прафесіянал! – нібыта выскокваючы з абдоймаў млявасці, надзіва жвава выгукнула жанчына. – Тады табе бонуснае пытанне. Не бойся. Вельмі лёгкае.
– Марына… –
– Што будзе, калі, выйшаўшы з вясковай дыскатэкі, ты зірнеш у зорнае неба? – усё ж падкінула яна абяцаны бонус.
– З носа перастане цячы кроў, – заморана рэкнуў Руткоўскі і з ушчуваннем паматляў галавой.
– Няправільна. Ты здзівішся зорнаму небу гэтак жа, як і маральнаму закону ў табе, – пераможна выдала Марына і зноў засмяялася, цяпер нагадваючы саму сябе здаровай-здаравюткай.
– Калі загадзя не расхіну парасон ад зорак, – пасяленец марна папнуўся адбіцца ад жончыных мудраванняў, спасцерагаючы круцельства. – Паслухай, любая, ты хіба прыдурвалася ўвесь гэты час?
Яна маўчала. Вочы яе заплюшчыліся. Усмешка з вуснаў павольна сышла.
Устрывожаны Ягор то прыпадаў да шкла ізалятара, то паглядаў на манітор медсканера.