– Ягор, можа, ты зрабіў бы мне ласку, пазнаёміўшы са сваёй любаснай жонкай? А то сядзіш толькі ды заглядаеш унівіч, нібы ўзіраешся ў чужую коўдру часу, каб пабачыць, з якіх стракатых шкуматоў час пашылі, – халаднавата жартуючы, заклікала Ядранка.

– Так, безумоўна, – агоўтваючыся ад невымоўнага здранцвення і спадарожнага яму наслання, прарыпеў Руткоўскі. – Ядранка, гэта мая жонка Наста. Наста, гэта мая харвацкая каляжанка Ядранка…

«Цемацічаская свадзьба» грымела з ранейшым (калі не з большым) запалам. З’яўленне незапрошанай госці з экстравагантным падарункам ніяк не адбілася на гулянцы. З выстаўленым напаказ смакаваннем госця выпіла за маладых і імпэтна пусцілася ў скокі, заварожваючы мужчынскую палову вясельнай грамады выразнымі рухамі спрактыкаванай драпежніцы. Былі і новыя забаўкі, і харавое выкананне песні «Гагарын прызямліўся ў Якубоўцы», і нават гуканне маёра Хмеля. Ягора, праўда, не адпускала збянтэжанасць. Хаваючы яе пад штучнымі ўсмешкамі, ён час ад часу пазіраў то на падораны шлем, які ляжаў на стале, то ўгару – на дах, інсталяцыі ды іншае. Ніводнага намёку на небяспеку абурвання.

Перамену ў мужу Наста прыкмеціла імгненна. Намагалася дазнацца прычыну. Пытала, ці не прыезд Ядранкі ўсяму віной. Хацела ведаць, чаму яна наогул прыцягнулася без запросінаў («Якога рагадану гэтая скукуйда прывалакла сюды свае крэглі?»). Мужчына ў розныя спосабы ўхіляўся і ўрэшце паабяцаў, што харватка хутка знікне. І сапраўды, на другі дзень, калі вяселле перабралася на лецішча ў Мядзведжы Лог, Іванкавіч сваёй прысутнасцю ўжо не назаляла. Але рэдкі мужчына там не шкадаваў, што адметная госця праігнаравала працяг святочнай дзеі. «Очынна гарачая штучка».

Ад букета, які падарыла «гарачая штучка», Наста пазбылася яшчэ напрыканцы першага дня – шпурнула пад прамзонаўскія яблыні. А калі адна з захмялелых сваячак спытала, навошта такое рабіць, маладая бліскуча выкруцілася: «Гэта старадаўні гомельскі звычай часоў радзімічаў, каб ніводны шлімазл нявестухну не ўмыкнуў». Муж, які чуў гэтую нісянеціцу, нічога не аспрэчваў. Ён сам з вялікім задавальненнем следам за букетам адправіў бы пад яблыні ці ў чорныя воды Дзядна паднесены харваткай прэзент. Аднак стрымаўся. Жаданне высветліць, што гэта такое, пераважыла ўсе страхі і насцярогі.

Злоўжываючы дапамогай сябра з універсітэта транспарту («Трэба. Разумееш? Трэба. Яшчэ нагоніш ты са сваёй сведкай!»), Руткоўскі тым жа вечарам перадаручыў прэзент спецыялістам. Яны да апошняга шпунціка разабралі гермашлем, але не знайшлі нічога падазронага. Ні крыніцы радыеактыўнасці, ні нейраманіпулятара, ні надухмяненых французскай парфумай стрынгаў.

Праз тыдзень Ядранка даслала кароткае паведамленне. Выбачалася за свой выбрык. За нягеглы жарт з гермашлемам. Сцвярджала, што не павінна была ехаць на вяселле, нават калі б Ягор яе і запрасіў. Беларус даслаў ёй сухі адказ. Але катэгарычна запатрабаваць, каб яна адчапілася і пайшла, прыкладам, на сухі лес, зноўку не здолеў. Казачны персанаж.

Яшчэ з паўмесяца маладыя атрымлівалі падзякі гасцей за гарнае свята і віншаванні наўздагон ад тых, хто сапраўды не мог быць.

«Выдатна ўсё прайшло. Цудоўны настрой. У абаіх», – натхнёным салавейкам цёхкала Наста, размаўляючы праз мэсэнджар.

– Прывітанне. Я вярнуўся з працы, – голасна папярэдзіў Ягор, зайшоўшы ў кватэру.

– Прывітанне, любы, – сустрэла яго жонка, пацалаваўшы ў шчаку. – Пераапранайся, мыйся і гайда на кухню. Будзем вячэраць.

Ён усцешана ўсміхнуўся і, кіўнуўшы на смартфон, які гаспадынька прыціскала да грудзей, пацікавіўся:

– Чарговыя віншаванні?

– Можна сказаць і так, – какетліва прамуркала яна. – Аднакласніца, якая пасля заканчэння школы з’ехала ў Аўстралію, знайшла мяне ў сацсетках. Дык вырашылі трохі языкамі аб сасну пачасаць.

– І як тут пра вяселле не згадаць! – з жартаўлівым разуменнем заўважыў муж.

Жонка бліснула прыязнай усмешкай і адарыла лёгкім штурхялём у плячо.

Два тыдні, што мінулі з часу вяселля, Руткоўскі адчуваў сябе цалкам шчаслівым. Даўно быццё не здавалася яму такім поўным. Справы ва ўніверсітэце ішлі добра. Калегі за яго радаваліся. Студэнты зазначалі, што ён памаладзеў. Асобныя дзяўчаты кусалі локці і плакалі ў падушкі, убачыўшы заручальны пярсцёнак. Зрэшты, пра гэта выкладчык мог толькі здагадвацца. Мог, але наўрад ці хацеў. З адноўленымі сіламі вёў лекцыйныя і семінарскія заняткі. Прапаноўваў нестандартныя тэмы курсавых работ. Працаваў над навуковым артыкулам у працяг сваёй кнігі. І ўсё гэта рабілася з усведамленнем, што недзе зусім побач ёсць каханы чалавек, які яго зразумее, падтрымае, прыгалубіць. І хоць вольнага часу на тое, каб адарыць адно аднаго каліўцам увагі, у сужэнцаў было вобмаль (Наста ж таксама працавала, ды яшчэ ў сярэднюю змену!), яны стараліся бавіць яго насычана.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже