Скафандр часткова змякчыў падзенне. Але яно амаль адразу далося ў знакі – раптоўна навалілася неверагодная млявасць. Жанчына марна спрабавала паварушыць вуснамі, каб звязацца з мужам. Словы засядалі ў горле. Здавалася, што з моманту падзення мінула цэлая вечнасць, перш чым нарэшце спрацавала сістэма праверкі скафандра. Усцешыла, што ціск у норме. Папярэдзіла пра дробнае адхіленне ў працы фільтра партатыўнага аксігенатара. Параіла тэрмінова перабрацца на месца з устойлівай падачай паветра.
«Ага, тэрмінова», – з сарказмам падумала Марына, дадаўшы непрыстойнае слоўца. Ёй нічога не балела, але падняцца на ногі яна не магла. Не ставала сілы волі, як гэта часта бывае на Зямлі з тымі, каго пракляты будзільнік намагаецца вырваць з пяшчотных абдымкаў салодкага сну. Гэтае параўнанне прыйшло ў галаву Руткоўскай-Гваздовіч, змусіўшы ўхмыльнуцца. Думкі пачалі блытацца, ствараючы дзівачныя палотны з нядаўніх падзей, успамінаў і цытат. Апошнія ўвесь час выпіналіся ў першыя шэрагі блытаніны і пульсавалі леным дакучлівым рэфрэнам, каб потым змяніцца шэрай успышкай, за якой пачыналася новая пульсацыя іншых слоў і вобразаў. Гэта было падобным да загадкі, у якой неверагодным чынам з’ядналіся лабірынт, калейдаскоп і камора крывых люстэркаў. Марына ўсведамляла, што хоча падумаць пра Ягора, але яе ўсведамленне гублялася ў калідорах гэтае загадкі. І Ягор ператвараўся ў Марку, а Марку – у Варгіна, які ехаў па Марсе на тралейбусе, спяваючы лірычныя песні Старажытнага Егіпта ці дэкламуючы «Элегіі» Авідыя (
Ягор – рэальны Ягор! – ад грукату ачомаўся амаль адразу. Зразумеў, што зверху нешта ўпала. Аднак ні ўзняцца, ні нешта вымавіць ён пэўны час не мог. Хутчэй інтуітыўна, чым з цвярозым разлікам, адрэгуляваў аксігенатар, павялічыўшы прыток кіслароду. Дапамагло. Мужчына асцярожна падняўся, выклікаючы па радыё жонку. Тая маўчала. Чулася толькі яе дыханне. Руткоўскі паспяшаўся да люка. Знайшоў там Марыну, якая нерухома ляжала і не рэагавала на мігценне жоўтай падсветкі, што нагадвала пра
Ужо на базе, у ізалятары медадсека, Марына ачуняла і змагла зноў загаварыць, але заставалася па-ранейшаму вельмі млявай. Комплекснае сканаванне не знайшло ні пераломаў, ні страсення мозгу, ні пашкоджанняў, звязаных з дыханнем. Адзіная зафіксаваная анамалія тычылася незразумелай хімічнай структуры, часцінкі якой трапілі ў арганізм жанчыны разам з кепска згенераваным кіслародам.
Ягор праверыў і сябе. Выявіў рэшткавыя сляды той самай структуры. Дастатковай колькасцю чыстага паветра, як па ўсім вынікала, яна разбуралася і хутка выводзілася з арганізма. «Нахапаўся гэтай непамыслоты, калі быў спалучаны з жонкай пупавінай дыхальнага рукава», – пераконваў сябе мужчына. Аднак сваёй раптоўнай непрытомнасці, праз якую Марына падалася да калодзежа, ён патлумачыць не мог. Не быў зразумелым і яе стан: чаму яна ўсё яшчэ заставалася пад уплывам невядомага наслання, хаця паветра ёй ніхто не шкадаваў?
Руткоўскі, стараючыся выглядаць бадзёрым, між тым вельмі хваляваўся. Баяўся, што нядужасць жонкі перарасце ў працяглую хваробу. Жонка, адольваючы млявасць і санлівасць, растлумачыла, як узяць кроў на аналіз і захаваць пробу. Спадзявалася, што зможа неўзабаве заняцца пільным даследаваннем. Зрэшты, яе аптымізм забаўляўся даганялкамі з песімізмам, даючы яму квача і ганаровае права запанаваць у настроі. Тады памяць Марыны выварочвалася, раскідваючы па базе дзіўнаватыя ўспаміны.
– Ведаеш, – казала яна, – калі мне было гадоў адзінаццаць, мне вельмі падабалася адна загадка. З чорнага дзіцячага фальклору, так бы мовіць. Хочаш, загадаю табе?
– Думаеш, цяпер гэта дарэчы?
– А што цяпер дарэчы?
– Добра. Загадвай.
Муж не хацеў яе крыўдзіць, хоць сам быў упэўнены ў недарэчнасці чорных дзіцячых загадак, калі і без іх з лішкам ставала дарослых таямніц чырвонай планеты.
– Пахаванне, – пачала Марына, змусіўшы Ягора страсянуцца ўжо ад першага слова. – Дзве сястры хаваюць сваю маці. Адна з сясцёр бачыць добра апранутага, прывабнага маладога чалавека. З яе боку ўспыхвае каханне. Закахаўшыся, яна ўвесь час думае толькі пра яго – жадам жадае, хаця толкам і не ведае, хто ён такі. І вось праз колькі дзён яна бярэ і ўпотайкі забівае сваю сястру. Пытанне – чаму?
– Вясёлае ў цябе дзяцінства было, – сумеўся Ягор, намагаючыся адшукаць моцы для жарту.