Ад мядовага месяца з падарожжам адмовіліся. Мядок шчодра ліўся дома. Разам з навінамі, пешымі і роварнымі шпацырамі, рознымі забаўкамі ад карт і «настолак» да відэагульняў і драматычных серыялаў. Калі Ягор прынёс дадому «Xbox», жоначка скакала ад радасці, як малая дзяўчынка. Яны не аднойчы потым прысвячалі колькі вечаровых гадзінак гульням на два джойстыкі. Ягору падабалася назіраць за азартам Насты, за тымі эмоцыямі, якія яна выплюхвала, кіруючы сваім гульнявым героем, што прабіраўся скрозь натоўп глуздажэрлівых зомбі. «Гэта ж расслабляе, а не выпрацоўвае агрэсіўнасць».

Зрэшты, была свая асалода і ў тым, калі вечарамі «Xbox» стаяў і пыліўся, а прагляд драматычнага серыяла пераносіўся на няпэўнае потым. Тады абодва складнікі асноўнай ячэйкі грамадства сядалі з розных бакоў пісьмовага стала і рыхтаваліся да працоўных будняў.

Ён даводзіў да ладу змест лекцый у святле новых адкрыццяў, зробленых ва Ўсходняй Еўропе цягам апошняга года, праз што некаторыя археалагічныя культуры, якія раней лічыліся славянскімі, цяпер прызнаваліся балцкімі, а ў тых, што лічыліся чыста балцкімі, знайшоўся істотны фіна-ўгорскі дамешак.

Яна рыхтавала чарговы ўрок, ломячы глузды над тым, каб вучням было прасцей засвоіць паняцце адноснай масы хімічных элементаў, з чым ніякіх змен за апошні год адбыцца папросту не магло, а калі і магло, то ўрок усё адно мусіў будавацца на падставе навучальнай праграмы – галоўнейшай і свяцейшай за якія хочаш найноўшыя адкрыцці.

Раз-пораз яны перакідваліся ўражаннямі, назіраннямі, асацыяцыямі, раптоўнымі ўспамінамі. Гэта хоць і замінала справе, але стварала неверагодную атмасферу спрычыненасці, а ўрэшце дадавала смаку шчодра праліванаму мёду.

Зборнік з навуковай публікацыяй мазырскага гісторыка зрабіўся для Ягора ледзьве не настольнай кнігай. Прыведзеныя ў артыкуле цытаты неадступна бянтэжылі. Хацелася ўбачыць і даследаваць крыніцу інфармацыі асабіста: а раптам Мікалай Лабановіч-Аскерка не на ўсё звярнуў увагу ці нешта наблытаў у цытаванні. Аднак слядоў дакумента, якія Руткоўскі шукаў праз сеціва і даступныя яму як навукоўцу электронныя каталогі бібліятэк і архіваў, знайсці ніяк не атрымлівалася. Усе пошукі вярталі яго да той жа публікацыі, якая ляжала перад ім на стале.

За верасень ён разоў колькі спрабаваў звязацца з мазыранінам. Аднак той увесь час быў у раз’ездах, і толкам адказаць на тэлефанаванні («Прабачце, цяпер не магу размаўляць. Я на канферэнцыі ў Коўне.») ці на «мэйлы» («Адпішу Вам з першай жа зручнай аказіяй.») у яго не выходзіла. Калі паміж чарговымі канферэнцыямі магчымасць адрэагаваць усё ж з’явілася, мазырскі гісторык адгукнуўся даволі сціслым лістом. Пасля новай порцыі выбачэнняў за недахоп часу ён паведаміў, што крыніца знаходзіцца ў Мюнхене ў бібліятэцы старадаўніх рукапісаў і кніг, нядаўна створанай фондам спрыяння захаванню і вывучэнню гістарычнай спадчыны пад эгідай «Coböl Engineering». Прызнаўся, што мае фотакопіі з арыгінала, але тут жа паскардзіўся, што пераслаць іх не можа: працуючы ў Мюнхене, падпісаў дамову, згодна з якой атрымаў права толькі на цытаванне, але не на поўную публікацыю ці перадачу дакумента трэцім асобам. Абяцаў, што пры такім раскладзе можа дапамагчы толькі па канкрэтных пытаннях, якія цікавяць шаноўнага спадара Ягора.

Шаноўны спадар не быў гатовы задаваць нейкія пытанні. Хацеў менавіта пабачыць дакумент. На ўласныя вочы пераканацца ў яго існаванні. Ад згадкі «Coböl Engineering» анічуць не сумеўся. Яшчэ да канферэнцыі ў Канстанцы і запісу песні ад адзіноты ведаў пра ўплывовасць гэтай карпарацыі, знанай таксама і сваім шчодрым фундатарствам у розных галінах навукі і культуры. Знаёмства ж з рэгіянальным каардынатарам, як здавалася, магло хутка вырашыць яго клопат – фінансаваць кароткачасовую камандзіроўку ў Мюнхен.

– Які Мюнхен, мая радасць? – чамусьці напружылася Наста, калі муж абмовіўся пра верагодную паездку.

– Не хвалюйся. Гэта пакуль пад пытаннем. А калі і паеду, то толькі на два-тры дні, – паспяшаўся ён супакоіць жонку.

– Бачыш, паездка пад пытаннем, – ледзь хавала ўсмешку яна. – А мая цяжарнасць без пытанняў.

– Што-кх-кх-кх? – асалапеўшы, закашляўся ад неспадзяванкі Ягор.

– Праз восем месяцаў ты станеш шчаслівым татам, – усцешана абвесціла Наста, а яркі румянец успыхнуў на яе шчоках.

– Божа мой! Якая цудоўная навіна, каханачка! – мужчына ўміг захмялеў ад шчасця, кінуўся да жонкі і, стаўшы перад ёй на калені, цалаваў яе рукі, пяшчотна абдымаў і няўклюдна туліўся вухам да жывата.

* * *
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже