Група калег пераводзіла дух у пакоі адпачынку пры лабараторыі. Зручныя канапы. Вялізны акварыум. Ненавязлівыя карціны. Заспакаяльны музычны фон. Спраўная кававая машына. Усё, каб кожны працаўнік у перапынках мог прыйсці сюды аднавіць сілы. Марына і Марку сядзелі на канапе перад акварыумам. Яна без цікавасці гартала адзін з часопісаў, што ляжалі на празрыстым століку. Муж пазіраў на рыбак, пасмейваючыся з іх выдрыгванняў вакол макета замкавых руін.
З навін жанчына даўно ведала пра бойку ў Юравічах. Па сваіх каналах даведалася пра нязначныя дэталі здарэння, а болей і яскравей – пра вяселле Ягора і Насты. У першым выпадку Марына ніяк не магла дабраць розуму, што гэта насамрэч было і з якой прычыны здарылася. Муж, пачуўшы пра юравіцкі інцыдэнт, зларадна парагатаў. Ён лічыў гэтую падзею лішнім пацверджаннем думкі, якая для яго асабіста выглядала аксіёмай: Руткоўскі –
Другая навіна выклікала ў Марыны паблажлівую крывульку на твары. Але нельга сказаць, што факт вяселля яе зусім не зачапіў. Ведаючы натуру Ягора, яна была ўпэўненая, што ажаніўся ён толькі з кахання. Не дзеля таго, каб заглушыць боль страты. Не з аглядкай на контрфорсы гадоў. І нават не з жадання мець сталую гавань для крэйсера. А толькі таму, што сапраўды пакахаў Насту. Абмовілася пра гэта Марку.
– А ты думала, ён будзе кахаць толькі цябе нават пасля тваёй смерці? – жончыны развагі яму, натуральна, не ўсмакавалі.
– Не здзівілася б, – спакойна мовіла яна, бачачы, як мужу мутарна. – Але ён так хутка пераключыўся на Ройтшванец, што мне не стае слоў, каб апісаць сваю ўражанасць. Цяпер мне здаецца, што ва ўсіх яго ўчынках было больш блазенскага балаганства, чым шчырасці. Гэта значыць, што і каханне да мяне, і ўсе наступныя пакуты, і нават п’янства былі блазнаваннем, не мелі для яго сэнсу, калі не ішлі напаказ. І я ўсё болей і болей пераконваюся, што ён фантастычны пазёр, які працуе на публіку. У тым ліку і на нас з табой. Мы – адзін з галоўных кампанентаў спектакля. А цяпер уяві, што гэты чортаў пазёр мусіць перажыць, даведаўшыся, што такога кампанента больш няма? Спектакль рассыпаецца. Прынамсі, на кароткі час. Рассыпаецца, каб потым аднавіцца, бо нельга пабораць уласную сутнасць. Таму
– Ты так шмат кажаш пра іх вяселле, быццам зайздросціш, – закінуў ёй муж, якога яе тырады цялі па балячках, бо іх уласная жаніцьба хоць і адбывалася з пэўным размахам, але да прыдумак Ягора Руткоўскага і блізка не дараўноўвалася.
– Пфф, няма чаго мне рабіць, – чмыхнула Марына.
Абодва замоўклі, занурыўшыся ва ўласныя думкі. У павіслай цішыні больш выразна пачулася музыка. Гучаў дужа цікавы біт, пад які міжволі хацелася рухацца. Жанчына паднялася з канапы, каб дадаць гучнасці. Захопленая трэкам, яна пачала прытанцоўваць, нібыта ў начным клубе. Для поўнай адпаведнасці не ставала толькі паўзмроку, мігцення каляровых агеньчыкаў і драгдылераў напагатове. Калегі з усмешкамі пазіралі на яе. Яна ж кідала зваблівыя позіркі на мужа, запрашаючы далучыцца да танца. Муж неахвотна адарваўся ад наседжанага месцейка. Доўгі інструментальны ўступ у трэку змяніўся вакальнай партыяй.
Не пазнаць голас выканаўцы беларусцы было цяжка.
– Што гэта такое?! – быццам варам апараная, дзіка закрычала яна, змусіўшы адскочыць ад сябе агаломшанага Марку.
– Песня з падборкі для абавязковага праслухоўвання, – пастаўлены ў тупік нечаканай рэакцыяй, тлумачыў адзін з калег. – «Coböl» разаслаў ва ўсе офісы і філіялы. Гукавы антыдэпрэсант, так бы мовіць.
– Нішто сабе антыдэпрэсант! – вар’явалася яна, а муж, уцяміўшы, што адбылося, вымкнуў рэпрадуктар.
– Можаш пакінуць водгук, – працягваў калега. – Але, згодна з правіламі, ты павінна пазначыць прычыны, чым менавіта цябе раздражняе гэтая песня.
– Не. Усё добра, – трошкі сцішыўшыся, сказала Марына і дадала па-руску: – Слишком много чести.
– Прабач, Жанна, але я не разумею польскай мовы, – сумеўся калега і выйшаў з памяшкання.
Дома пасля працы тэма немінуча ўсплыла зноў.