– Як? Ну як ён гэта зрабіў? Няўжо яму нешта вядома пра нас? – Марына заставалася пад моцным уражаннем ад саўндтрэка да дзённага адпачынку.

– Супакойся, – параіў Марку, ледзьве трымаючы раўнавагу не столькі з прычыны пачутай песні (яна яму акурат спадабалася, хоць і ведаў, хто спявак), колькі праз жончыны паводзіны, у якіх найбольш дапякала абвостранае ўспрыняцце ёю любых вестак пра Руткоўскага. – Нічога ён не ведае. Калі б ведаў, то даў бы ўжо пра сябе ведаць. Хутчэй за ўсё, ён проста трапіў у мэйнстрым цяперашняй палітыкі карпарацыі. А сёння кожны загуменны ёлуп і генія ўдае, і лаўраў прагне. Ягор хіба вынятак? Дзякуючы бліскучаму выступу на канферэнцыі быў цёпла прывітаны «Coböl», у чыіх праектах знаходзіць сабе лаўры. А які клопат цяпер у «Coböl» адзін з галоўных? Прафілактыка сінтатадзіну! Усімі магчымымі спосабамі. Так, хваля ўспышак хваробы прыгасла. Але ж сама хвароба не лічыцца пераможанай. Дый як можна перамагчы тое, прычыны ўзнікнення чаго застаюцца для навукоўцаў загадкай! Зрэшты, хто яго ведае, можа, і нам калі-небудзь пашчасціць удзельнічаць у распрацоўцы лекаў ад гэтае немачы. Таму расслабся і выкінь з галавы змрочныя думкі. Цябе не павінна хваляваць нейкая песня, пагатоў, мы ўжо праз такое праходзілі і паспяхова справіліся. Цябе павінна хваляваць наша цяперашняя праца. А з ёй у нас, дзякуй богу, усё добра. І мы тут з табой не проста статысты. Падумай толькі, які ладны кавалак працы па стварэнні прэпарата ты ўжо выканала! Цябе заўважылі і адзначылі. Адзначылі, не толькі паляпаўшы па плячы, маўляў, «добрая дзяўчынка», але і матэрыяльна. Дый на маёй дзялянцы таксама без збояў. Мы апраўдваем надзеі працадаўцаў. Паціху, але няўмольна падымаемся, расцём. І наш рост – гэта галоўнае, што павінна нас і цешыць, і хваляваць. А ідыёт гэты няхай хоць сто альбомаў запіша. Для нас гэта нічога не зменіць!

– Нічога, – выбіраючыся з імглы задуменнасці, пагадзілася яна і прытуліла Марку да сябе.

Мужавы аргументы быццам бы падзейнічалі. Марына зірнула на сітуацыю іншымі вачыма і зразумела, што нічога фатальнага ў ёй няма. Каб развеяцца ад нядаўніх перажыванняў і грунтоўна адпачыць ад працоўных высілкаў, сямейная пара зладзіла ў выхадны дзень вялікую прагулянку па Марселі. Аўтобус высадзіў іх у Ля Роз на станцыі пад мостам, адкуль яны пешшу скіраваліся на авеню Жана-Поля Сартра – аўтастраду, якую аж да млоснасці давялося абмінаць прылеглымі бульварамі, шыбуючы то ўздоўж невялікіх дамкоў, то каля шматпавярховых будынкаў.

Раёны, праз якія крочылі, былі не самымі прэзентабельнымі. Заўважаліся і смецце на ходніках, і неахайнасць афарбоўкі. Шмат графіці. Шмат паўзанядбанасці. Цэлыя кварталы задыхаліся ў празе рамонту. Шмыгнуўшы пад мураваны чыгуначны мост, Марына і Марку прымарудзілі. Скарыстаўшыся падказкай першага-лепшага мінака, яны сталі выбірацца больш вытанчанымі вулкамі да парку Ланшам, дзе спыніліся, каб разгледзець вялізную каланаду і проста пасядзець каля фантана. Адтуль пару кіламетраў прайшліся да музея гісторыі Марселя – комплексу мадэрновых будынкаў, дзе аддалі перавагу абеглай самастойнай экскурсіі.

Натхніўшыся адной з пабачаных экспазіцый, вырашылі наведаць кінатэатр «Cinéma Les Variétés» на Вэнсан Скато, дзе спачатку злёгку паснедалі ў чаканні сеанса нядаўняга фільма Крыстафера Нолана «Ландскнехты Кідоніі». Відовішча ўразіла неаднолькава. Марку спадабаліся і экшн, і напружанне, у якім цягам карціны аўтары трымалі гледача. Марына ж не бачыла ні ў сюжэце, ні ў гульні большасці акцёраў нічога адметнага. Выратоўваў жа стужку, на яе думку, толькі старэча Дзі Капрыа, дый то не гульнёй, а адсылкамі да сваіх ранейшых роляў. Ідучы да Старога порта, яна пераконвала мужа, што фільм прахадны, што скарбам сусветнага кінематографа яму не стаць ніколі. Той трошкі пярэчыў, абы толькі падражніць – любіў, калі яна спрачаецца і нешта даводзіць у тэмах, па сутнасці, далёкіх ад чагосьці практычнага і наўпрост звязанага з іх жыццём і ўзаемінамі.

Лапік мора, што ўкліньваўся ў горад амаль роўным прастакутнікам, быў спрэс застаўлены суднамі – лодкамі, катарамі, яхтамі. Лік іх ішоў няйнакш як на сотні. У Марыны гэта выклікала змяшаныя пачуцці. Ёй сапраўды цікава было зірнуць на падобнае нагрувашчанне караблёў. Беларусцы не вельмі падабалася, што праз гэта вада партовай затокі ледзьве праглядаецца. Аднак яе хутка паглынула агульная атмасфера месца, пра што загадзя папярэджваў муж, добра падрыхтаваны да шпацыру акурат па Старым порце.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже