Паўсюдна сноўдалі турысты. Адусюль чуліся галасы – то захопленых цікавосткамі падарожнікаў, то гаманкіх зазывалаў, якія запрашалі на марскую прагулянку, то вулічных спевакоў пад акардэон. Шэрагі фактурных будынкаў розных часоў з трох бакоў атачалі затоку. Ці не за кожнымі дзвярыма тут магла чакаць прыгода. Так, прынамсі, думалася Марыне, чым яна не змарудзіла падзяліцца з мужам. Муж усміхаўся і казаў, што такой парою дня самай вялікай прыгодай можа стаць хіба непрытомнасць ад неверагодных пахаў прыгатаваных у тутэйшых рэстаранчыках страў з марскіх прадуктаў. Гэтая заўвага толькі падагрэла яе цікаўнасць і апетыт. Не адпускаючы мужаву руку, яна пацягнула яго за сабой скрозь натоўп па набярэжнай, хаця сама і не ведала пэўна, куды менавіта ідзе і вядзе. Кіравалася водарам, які казытаў ёй ноздры, выклікаючы дзіцячыя ўспаміны пра паездкі з бацькамі на Чорнае мора і, разам з тым, абяцаючы нешта зусім новае.
Марына спынілася каля
Узялі віна і фірмовую салату з памідораў, марынаванага васьмінога, крэветак, ласося і салодкага перцу. Сядзелі адно насупраць аднаго, з маўклівай радасцю абменьваючыся позіркамі. За акном ні на міг не сціхала гамана, перамяжоўваючыся з шумам аўтамабіляў. Па залах рэстарацыі разлівалася лёгкая музыка са спевамі пра далёкія марскія плаванні, каштоўныя заморскія скарбы і каханне, якога ніколі не бывае зашмат ні на родных, ні на чужых берагах.
– Давай вып’ем за нас з табою і за тое, каб на ўсіх берагах і ва ўсіх далячынях, дзе нам выпадзе апынуцца, мы заставаліся вернымі нашаму каханню, – уздымаючы келіх, прамовіў Марку.
– Як добра ты сказаў, – ухваліла яго словы Марына.
Яны чокнуліся і прыгубілі віно. Здавалася, што само шчасце лунала паміж імі. Што ўсе турботы і мітрэнгі зніклі. Што іх каханню і пяшчоце няма межаў. Яны адчувалі гэта і цешыліся маўчаннем.
– Удалае супадзенне часу і месца, – урэшце заўважыў ён.
– Нюх мой не падвёў, – занізіла рамантычны пафас яна, прыступаючы да салаты.
– Ён цябе ніколі не падводзіць. Ты геніяльная ў гэтым. І не толькі ў гэтым.
– Не прымушай мяне чырванець, кемлівы румынскі хлопчык, – яна перавяла ўсё ў жарт, хаця пачутае лашчыла ёй слых і гаючым бальзамам лілося на яе самалюбства. – А тут сапраўды смачна гатуюць гэтых марскіх пачварак.
– З тваіх рук я гатовы есці нават каменне, – прызнаўся муж.
– Пакаштуй для пачатку васьмінога, – супраціўлялася сур’ёзнасці Марына, падносячы да яго рота ласы кавалачак на відэльцы.
Сужэнец павольна перахапіў дарунак, заплюшчыў вочы і нейкі час смакаваў, знарочыста дэманструючы задавальненне, дарма што ў самога на талерцы ляжалі такія самыя шчупальцы.
Яны прымоўклі, занятыя прыемнай барацьбой з салатай. На балконе, акурат за столікам, які ім не дастаўся, уладкаваліся два прыкметна пажылыя, але надзіва жвавыя мужчыны. Не здымаючы смешнаватых кепак, яны пілі віно і ціха спрачаліся пра кіно. Даміно ім, відаць, не падвезлі.
– Смешныя пенсіянеры, – перахапіўшы жончын позірк, заўважыў Марку.
– Мы будзем смяшнейшымі ў свой час, – шкеліла Марына.
Яе спадарожнік толькі няпэўна пасміхнуўся, прыслухоўваючыся да галасоў з балкона. Як можна было зразумець з урыўкаў фраз, абмяркоўваўся не нейкі канкрэтны даўно зняты фільм, а сюжэт і сцэнар новага. Абмеркаванне поўнілася спецыфічнымі дэталямі і прафесійнай лексікай.
– Кіношнікі, – захоплена прашаптаў Марыне муж.
– Анягож? Пэўна, такія самыя, як мы з табой, – засумнявалася яна, пільна прыглядаючыся да старых, і неўзабаве вырачыла свае мілыя вочкі ад неспадзяванага адкрыцця.
– Што такое? – нецярпліва, але і без ахвоты прыцягваць да сябе ўвагу, адным варушэннем вуснаў пацікавіўся Марку, злавіўшы змены на твары каханай.
– Таранціна і Бесон, – гэтак жа бязгучна азвалася яна.
– Ты жартуеш! – вырвалася ў яго, а галава сама павярнулася да акна.