Наступнымі днямі працавалі надзвычай асцярожна. Прыкметна збавілі абароты. Прасцей марсаходу было праехаць праз вушка іголкі, чым пасяленцам уплішчыцца ў межы нават двух умоўных дзён. Мусілі падгадваць сваю працу пад зручны прамежак нясцерпна любімых марсіянскіх сутак. Каб ні холадна, ні горача, як жартавалі рабоцькі, добра засвоіўшы розніцу між днём і ноччу на Марсе. За адзін падгаданы прамежак паспявалі пракласці ў лепшым разе каля дваццаці метраў труб. Часам так стамляліся, што моцы не ставала ні для кексу, ні для сексу. Літаральна падалі, як снапы і, хутчэй за ўсё, адразу б і засыналі, калі б не «цяпліцы», якія вымагалі цягнуць штодзённую паншчыну і не даравалі найменшай нядбаласці ў стаўленні да сябе.

За працай пазнаёміліся з яшчэ адной марсіянскай прыроднай з’явай. У тэорыі яны ведалі пра невідочныя віхры з падрыхтоўкі да палёту, але за ўсімі клопатамі добранька забыліся… Нагадаў метэаралагічны сканер. Адзін такі няўгледка прагарцаваў за пяць метраў ад цяжкавоза. Другі з нахабнай развальцай ператнуў траншэю каля Ягора. Ледзьве з ног не зваліў. Нічога фатальнага з гэтага не надарылася. Свае ўражанні ад блізкасці невідочнага віхру мужчына апісаў потым. Параўнаў з адчувальным парывам ветру. Апавядаючы, храбрыўся. Не сказаў каханай, што ў момант кароткага суседства з віхром паспеў пахаладзець і сэрцам, і душой, і аскепкамі колішніх мрой. Прызнаўся толькі на базе, калі з кунежаннямі ў спальным адсеку ўпершыню здарыўся паўнюткі швах.

На запісах з камеры зонда, што лунаў над месцам работ, пасяленцы заўважылі ўтвораныя абодвума віхрамі дарожкі. Іх лініі былі не суцэльнымі, а перарывістымі. Праз сол яны ўвогуле сталі нагадваць ланцужкі слядоў. Адкрыццё вельмі ўзрушыла. Муж і жонка параўноўвалі здымкі дарожак са здымкамі знойдзеных пасля пылавой буры слядоў. І хоць камп’ютар упарта адмаўляўся бачыць паміж імі нейкае падабенства, для людзей яно было відавочным. Столькі думак, перажыванняў, насцярожанасці – а ўвесь клопат крыўся ў прыроднай з’яве!

«Ану пачакай», – акрыленая праясненнем Марына ўселася за камп’ютарам ямчэй. Стала перабіраць новыя і старыя запісы. Праганяла праз праграму супастаўлення. Нешта круціла, вярцела, мадэлявала. Адганяла Ягора, які наравіў утачыць носа ў проса яе шчыраванняў.

– Ты па носіках асенніх клёнаў засумавала? – ухапіў ён вокам змадэляваную карцінку.

– Во ўжо дзе неўгамонне! – паўжартам шчуняла яго жонка. – Зараз усё пабачыш.

Марына вызваліла подступ да манітора. Разлікі руху невідочнага віхра параўноўваліся з апошнімі віхляннямі страчанага беспілотніка – куты, нахілы, выгіны, спіралі. Праграма наглядна паказвала тоеснасць рухаў. Выснова рашуча адсякала змеевы галовы неадназначнасці: апарату не пашанцавала апынуцца ў акрэсе праходжання аднаго з невідочных віхроў, а той спрытна яго ўмыкнуў і абяздоліў.

Два пытанні паслянцы для сябе закрылі. Можна было хоць з гэтым супакоіцца. Не думаць пра іншапланетнікаў. Нападу не чакаць. Пагатоў, сігнал, які не паддаваўся расшыфроўцы, плаўна перамяніўся на цалкам чытэльны. Нягледзячы на пэўныя тэхнічныя нюансы, ранейшая здагадка пра бартавы самапісец пацвярджалася. Заставалася толькі адправіцца да абломкаў. «Адразу ж пасля пуску водаправода», – пастанавілі сужэнцы. Даўно яны не адчувалі такога псіхалагічнага камфорту на Марсе. Што праўда, беларуская разважлівасць настойліва раіла зонд да канца работ не здымаць – хай павісіць.

<p>17</p>

Лістапад выдаўся незвычайна цёплым. Дваццаць градусаў удзень нагадвалі гамяльчанам, хутчэй, пра другое выданне бабінага лета, чым пра немінучасць набліжэння зімы. На апорах моста праз абмялелы Сож той незвычайна цёплай восенню з’явіліся графіці: «Грэта мела рацыю». Ягор і Наста напоўніцу карысталіся падарункам прыроды. Часта праходжваліся па цэнтры. Блукалі ў парку. Выбіраліся за Сож. Лес за ракой, нягледзячы на тэмпературную анамалію, жыў згодна са сваім прыродным рытмам – дрэвы, з іх прыроднай інтуіцыяй, катэгарычна не купляліся на дачасныя падманкі. Мноства зжаўцелага і счырванелага лісця паспела апасці яшчэ ў кастрычніку. І калі асфальтаваная дарожка ўздоўж пляжа, на якім яшчэ можна было бачыць радасных купальшчыкаў, падмяталася, то лясныя сцежкі разам з астатняй прасторай безнадзейна ўсцілаліся кілімамі з апалае лістоты, што, зрэшты, не замінала аматарам восеньскага шамацення пад нагамі выбіраць для шпацыру менавіта гэтыя, некранутыя мётламі, мясціны.

Ягор апавёў жонцы, што лес на гэтым узбярэжжы Сожа рос не заўсёды. Прыгадаў, а потым і паказаў на смартфоне старыя фотаздымкі, дзе замест лясоў і хмызнякоў тут разлягаўся луг, на якім шчасна пасвіліся «правільна, каровы», што сваім заўсёдным апетытам знішчалі любую спробу буйной расліннасці ўзняць галаву. Наста распытвала яго пра Кацярынінскія ліпы. Недзе чула ці чытала, што чародка ліп на поўнач ад пляжа лічылася рэшткамі колішніх прысад, што з’явіліся ажно за часамі расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ з нагоды яе прыезду ў Гомель.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже