– Па-першае, трасца гэтая праяўляе сябе толькі ў чалавечых мурашніках офісаў сусветных карпарацый. Па-другое, у Нямеччыне гаворка пакуль толькі пра лакальныя непацверджаныя выпадкі. Так што ўсё будзе добра. У нас цяпер болей шанцаў патрапіць пад навальніцу, чым у мяне небяспекі заразіцца сінтатадзінам падчас выправы.

Пра навальніцу Руткоўскі сказаў не дзеля гожага слоўца – з боку Валатавы марудна насоўвалася вялізная свінцовая хмара. Ці пойдзе дождж, пытанне не стаяла. Пытанне стаяла пра тое, ці паспее сямейная пара апынуцца дома да яго пачатку. Вецер, пакуль яшчэ адчувальна цёплы, пачынаў трывожыць сваімі дотыкамі дрэвы. Апалае лісце з лесу выдзімалася на асфальтавую дарожку і далей, на пляж. Пляжны пясок, сухі ад доўгага бездажджоўя, уздымаўся ў паветра. Ісці праз гэтыя цуды даводзілася жвавай хадою, спадзеючыся, што вецер не зменіцца ўраганам, а нябесны свінец не нагоніць іх, каб накрыць дажджом.

Па пешаходным мосце ішлі подбегам, змяшаўшыся з дзясяткамі іншых людзей, якія спяшаліся перабрацца на правы бераг Сожа, ратуючыся ад, здавалася, наканаванай непагадзі. Прырода да часу літавала ўсіх, ажно ў некаторых узніклі сумневы, ці варта было паддавацца агульнаму хваляванню і пакідаць фенаменальна цёплы лістападаўскі пляж. У Ягора з Настай такіх думак і блізка не было. Ягор не мог дапусціць, каб яго цяжарная жонка нават на хвіліну апынулася пад дажджом. Каб не рызыкаваць ні яе здароўем, ні здароўем будучага дзіцяці, ён выклікаў таксі. Дарогай дадому Наста прыгадала, як яны ўлетку амаль такім самым маршрутам ляцелі на таксоўцы з парку, каб упершыню аддацца ўзаемнай пяшчоце. Згадка трохі развеяла напятасць мужа. Ён бусьнуў памятлівую маладзічку ў шчаку і асцярожна сціснуў яе прахалодную далонь.

Зайшоўшы ў кватэру, яна ўключыла тэлевізар, што часта рабіла адно дзеля фону. Памяркоўна папсовая праграма пра сучасны кінематограф цалкам для гэтага пасавала. За акном пачуліся грымоты.

– Сапраўды навальніца, – спрабуючы не баяцца, канстатавала гаспадынька.

– Вось такі ў нас лістапад, – развёў рукамі Ягор і расквеціў гэты жэст цытатай з Баркулабаўскага летапісу: – «З ласки божей осень была погодлива и вдячно глядети – было велми зелено».

«Сусветна вядомы рэжысёр Квенцін Таранціна плануе зняць фільм па матывах франшызы “Таксі” Люка Бесона», – сужэнцы, як па камандзе, павярнулі галовы да тэлевізара, пачуўшы згадку пра таксоўку.

– Адзін сюжэтны ход пра таксі я ім дакладна падказала б, – хітрай ліскай зірнула на мужа Наста.

Той высалапіў кончык языка і па-змоўніцку падміргнуў.

«Як стала вядома французскаму інтэрнэт-выданню “C’est La Vie 24/7”, абодва рэжысёры сустракаліся ў нефармальнай абстаноўцы аднаго з марсельскіх рэстаранаў, каб абмеркаваць канцэпцыю будучага фільма “Шалёныя таксісты”. Менавіта гэтую назву падае іншая…»

Увушшу ў Ягора зазвінела, а ў вачах, якія траха не выскачылі з арбіт, памутнела. Сэрца білася так, нібыта намагалася вырвацца са сваёй схованкі. Ногі адмовіліся слухацца. Закадравы тэкст суправаджаўся візуальным шэрагам, які складаўся з фотаздымкаў Таранціна і Бесона за рэстаранным столікам на балконе, а справа, перад балконным акном, прытулілася парачка, у якой лёгка пазнаваліся Марына і Марку.

– Што з табой? – захвалявалася жонка, падбягаючы да яго. – Можа, таблетку трэба?

– Ты гэта бачыла? Бачыла? – ігнаруючы яе пытанні, дабіваўся ён і ўсё паціраў далонямі счырванелы твар.

– Бачыла што? – шчыра не разумела яна, уздрыгваючы ад новых раскатаў грому.

Аслупянелы мужчына перамясціўся да камп’ютара, пакешкаўся з пошукавікам, знайшоў адпаведны відэаролік, наўздагад перавёў бегунок плэера, націснуў на патрэбным фрагменце «стоп», вывеў кадр на поўны экран і тыцнуў пальцам у правы ніжні кут.

– Пазнаеш? – павярнуўся ён да жонкі.

– Не можа быць, – збялеўшы, прамармытала тая.

– Відаць, што можа, – бомкнуў ён, а на яго твары зайграла ніякаватая ўсмешка-ашчэр.

Руткоўскі працягнуў пошукі ў сеціве. Здымкі знайшліся на многіх сайтах. Ён выбраў фотаздымак з найлепшым разрозненнем і вывеў на друк. Рэжысёры атрымаліся выдатна, а парачка справа выйшла злёгку зярністай, але ўсё адно пазнавальнай. Дробныя дажджынкі грукалі ў акно. Неўтаймоўная кроў пульсавала ў скронях. Наста з маўклівым жахам глядзела, як муж сноўдае з раздрукоўкай па кватэры і не можа знайсці сабе месца. Млявыя намаганні спыніць яго і супакоіць плёну не давалі. На дварэ шугалі маланкі, нібыта сам Пярун (з вялікай літары!) разгуляўся не на смешкі. Пасля чарговай успышкі адключылася электрычнасць. Руткоўскі падышоў да тэлефона і па памяці набраў хатні нумар Гваздовічаў. Нягледзячы на шэраг спроб, слухаўку на тым канцы так ніхто і не падняў. Сцямнелы пакой азарыўся пошугам бліскавіцы. Тэлефон перастаў працаваць. Мабільная сувязь таксама знікла. Вада з неба лілася, як з цэбра. Бясконцага агромністага цэбра. Ягор падышоў да акна і зірнуў у двор. Ніводнай машыны, акрамя старога аўтобуса «ПАЗ».

– Ты ведаеш, чый гэта аўтобус? – звярнуўся Ягор да сужэнкі.

– Здаецца, Вікторчыкаў, – хуценька, быццам хацела дагадзіць, знайшлася яна.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже