– Заставайся дома. У спальні будзе не так страшна. Да ночы пастараюся вярнуцца, – запакоўваючы раздрукаваны здымак, сказаў ён, дастаў са сценнай шафы свой паходны дажджавік, накінуў на сябе і пашыбаваў з кватэры.

Наста як стаяла, так і асела на падлогу. Нема заліваючыся слязьмі бездапаможнасці, яна сціскала і расціскала ўзмакрэлыя ад хвалявання далоні. Ледзьве ўтрымае рука трэскі разбітай кармы.

Да просьбы Руткоўскага пазычыць аўтобус суседзі паставіліся са здзіўленнем інквізітара на жартаўлівыя скокі ерэтыка і ў думках нават пакруцілі пальцам каля скроні («А ўсё-ткі яна круціцца!»). Аднак просьбіт, спаслаўшыся на абрыў сувязі, наплёў гісторыю пра хворых сваякоў, якіх трэба тэрмінова праведаць, бо яны засталіся адны і вельмі баяцца навальніцы. Невядома, што суседзяў пераканала больш – маланкі і грымоты, якія спадарожнічалі аповеду «ерэтыка», ці пяцьдзясят еўра, якія ён зычліва ўсукаў ім у якасці перадаплаты за тэрміновую арэнду.

Атрымаўшы ключы, пан рандар выбег з пад’езда. Дождж ліў цяпер ужо, як з дзесяці бясконца агромністых цэбраў. Абрысы аўтобуса ледзьве ўгадваліся за сцяною вады. Ягор навобмацак адамкнуў дзверцы кіроўцы, ступіў на нязручную падножку і падняўся ў кабіну. За гэтыя імгненні дождж паспрабаваў уварвацца ў сярэдзіну аўтобуса, намачыўшы сядзенне. Не зважаючы на мокрадзь, мужчына завёў матор і стаў амаль навослеп манеўраваць, каб выехаць з цеснага дворыка. Наста стаяла каля акна і, доўжачы роспачны плач, намагалася разгледзець, што той робіць.

Ледзь не ўехаўшы задам у агароджу, Руткоўскі скіраваў «ПАЗ» у дарожны прагал між гаражамі і адміністрацыйным будынкам, адолеў рэзкі пад’ём, выехаў на невялікую пляцоўку ў двары за ваенным музеем, трохі памарудзіў, выглядваючы зеўру падваротні, якая выводзіла на Траецкую. Дакладна ўпісацца не атрымалася. Чыркаючы левым бортам аб сцяну, ён перасек ходнік і збочыў на Румянцаўскую. Святлафоры не працавалі. Бачнасць на дарозе была блізкай да нулявой. «Дворнікі» не давалі рады струменям, што абрыналіся на лабавое шкло. Ад вады, якая неймавернымі аб’ёмамі падала на аўтобус, у салоне стаяў безупынны шум, які адкрыта спаборнічаў з грукатам матора. Але ніякі шум не мог скласці канкурэнцыю крыклівым думкам, што віравалі ў галаве міжвольнага кіроўцы – кіроўцы, у якога ніколі не было правоў. Дзякуй богу, дождж загнаў людзей у схованкі – дамы, кавярні, крамы. Ніводнай постаці на ходніках. Аўтамабіляў амаль не было. «Бяспраўнік» мог адчуваць сябе каралём дарогі, але, атакаваны тысячамі пытанняў і сумневаў, не адчуваў.

Хацелася як мага хутчэй даведацца, што ж насамрэч адбылося. Няўжо яго так жорстка і, разам з тым, спрытна абхітрылі? Але без змовы гэта было б немагчыма. Хто тады ў змове ўдзельнічаў? Пытаннечка. Але ў тым, што бацькі Марыны ведалі ўсю праўду, Руткоўскі не сумняваўся. Таму імчаў праз гэты неміласэрны дождж да іх у Навабеліцу. Выруліў на галоўную плошчу. Парк і будынкі па яе перыметры цьмянелі за дажджавой заслонай. Праносячыся нават не па лужынах, а па ўтвораных залевай азярцах, аўтобус шчодра паліваў ходнік побач з сабою. Зрэшты, гэта нічога не азначала. Абдаць кагосьці пырскамі было немагчыма – ніякі шаляніца плошчу перасякаць не збіраўся. А калі б і збіраўся, то быў бы ўжо і без гэтых пырскаў мокрым з ног да галавы. Да апошняе ніткі. «Да апошняе думкі», – міжволі сарвалася з вуснаў Ягора, які параўноўваў пырскі з-пад колаў з паўсядзённай дробнай маной, якая не заўважаецца, зліваючыся з непралазнай грамадзінай вялікай хлусні.

Ён выруліў на Спасаўку, дзе дарога адчувальна брала ўніз, а потым падымалася зноў. Уявіць сябе ў гэтым жолабе капітанам Нэма можна было вельмі проста – вады між высокімі броўкамі ходнікаў назбіралася вышэй за колы. Калі б не суседства з Гамеюком і Кагальным ірвом, куды з дарогі абрыналася большая частка патокаў, аўтобус мог бы ці не цалкам схавацца пад бурлівым водным покрывам. Сваё становішча з моманту весткі пра гібель Марыны і да сённяшняга дня міжвольны кіроўца параўнаў са знаходжаннем у гэткім жолабе, даверху залітым хлуснёй. Гэты вобраз раз-пораз асвечваўся ўспышкамі маланак падазрэнняў. Руткоўскі хапаўся мацней за стырно і кіраваў далей, бо існавала вялікая небяспека памыліцца. Абвінаваціць не тых людзей. Выпусціць з сябе стоенага звера – таго самага дэмана ці нават сатану, пра якога калісьці трапна мудраваў сябар з універсітэта транспарту.

Кола агляду, абрысы якога невыразна праступалі за густой сеткай дажджышча, стаяла нерухома. Непагадзь і адключэнне электрычнасці, хутчэй за ўсё, прыспелі шчасліўцаў, што акурат забаўляліся на шыкоўным атракцыёне. І вось цяпер, калі кола знерухомела, а з продухаў нябесных бесперастанна лілося – як пачуваліся гэтыя шчасліўцы? Можа, паміралі ад страху? Ці вар’яцелі, трапіўшы ў такую, па сутнасці, смешную пастку? Руткоўскі зноў прымяраў сітуацыю на сябе. Тое, што ён круціць баранку і цісне на газ, яго цешыла. Абы толькі ўсё гэта не абярнулася ілюзіяй руху ў пастцы застылага на дажджах і вятрах чортавага кола з ускраіны старога парку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже