– Ведаеш, у нас што ні гасцінец, то Кацярынінскі тракт, што ні ўзвышша, то Шведская гара ці Французская магіла, – з прафесійнай іроніяй зазначыў Руткоўскі. – А пачнеш разбірацца, высвятляецца, што ні Кацярына ІІ, ні шведы з французамі да гэтых дарог і ўзгоркаў ніякага дачынення не маюць. Так і з нашымі ліпамі. Сама зірні: найстарэйшай з іх ад сілы гадоў восемдзесят.
– Дык ранейшыя маглі загінуць, тады новыя пасадзілі, а назву старую захавалі, – бліснула Наста цалкам лагічнай версіяй.
– Загваздка ў тым, што няма ў гістарычных крыніцах такой назвы, – муж быў вымушаны расчараваць яе. – А вось дзесьці паблізу ад гэтых мясцін напрыканцы васямнаццатага стагоддзя было возера, якое на старой мапе пазначана як «Березовая гряда». Магчыма, што тады каровы за бярозкамі не ўпадалі і дрэвы стройненька раслі, нагадваючы прысады. Але ж бярозы, а не ліпы.
– Ат жа ўсё ў вас, гісторыкаў, не па-людску, – з удаванай крыўдай адгукнулася яна, пасля чаго спытала: – І што тады атрымліваецца? Калі ў цяперашніх прысад няма назвы, то нехта мае права іх назваць?
– Кожны чалавек мае права называць для сябе любы куточак горада, як захоча. Іншая рэч, ці падхопяць тую назву астатнія, – цярпліва разважаў мужчына, адчуваючы, што тэма сапраўды зацікавіла жонку. – Спуск з плошчы да Сожа не заўсёды Кіеўскім называўся. Быў ён і Саборным, і Параходным, а ў старажытнасці яшчэ неяк называўся, ды мы ўжо не памятаем. Спуск каля «Кватэрніка» адны завуць Баярскім, іншыя – Білецкім. Аглядную пляцоўку ў парку недалёка ад аранжарэі я, калі быў малы, называў Пірацкім абрывам, а следам за мной так рабілі і мае сябры. Але калі мы зараз паспрабуем спытаць у каго-небудзь у парку, як прайсці да Пірацкага абрыву, то нам ці не адкажуць, ці падумаюць, што мы маем на ўвазе нейкі атракцыён, ці адправяць на бухту Капітанаў каля Навабеліцы. Доўгі дзевяціпавярховік на Старым Аэрадроме ў народзе ад пачатку назвалі і працягваюць называць па сёння Кітайскай сцяной. Азярцо ў нізіне за Палацам лёгкай атлетыкі нехта празваў Бабровым, так яно і павялося. Кар’ер на станцыі Іпуць толькі некаторыя называюць возерам Радасці, а для большасці ён – ПМС, што значыць
–
– Так.
Вочы маладой жанчыны засвяціліся, яна памкнулася да мужа. Цёплае сонца, шапатлівыя дрэвы, стракатае лісце пад лёгкім павевам ветру акампанавалі людской пяшчоце.
– Я ведаю, як буду называць гэтыя ліпы для сябе, – выроўніваючы дыханне, прашаптала Наста і пасля працяглага выпрабавальнага позірку агучыла назву: – «Руткоўскія Цалуйкі».
– Таму што ліпавыя, несапраўдныя? – хаваючы расчуленасць за блазнаватай усмешкай, удакладніў Ягор.
– Таму што салодкія, як ліпавы мёд, – жоначка праменілася ласкавасцю.
– А ці не давядзецца мне чырванець, калі гэтая назва перастане быць нашым сакрэтам, пашырыцца, замацуецца, прыжывецца? Уяўляю, як новыя пакаленні студэнтаў будуць пытаць у мяне, пахілага старца: «Ці не ў гонар вашага продка ліпы за Сожам называюць?», – а я са старэчай какетлівасцю буду пасміхацца сабе ў сівыя вусы і не даваць адказу, рэкамендуючы ім самім разабрацца ў гэтай ці то гісторыі, ці то легендзе, – летуценна прамовіў навуковец, пяшчотна горнучы Насту.
– Нічога страшнага. Была адна легенда, стане іншая. Хоць адну мясціну ў
– Тое, што адны легенды змяняюцца іншымі, сапраўды нярэдкасць. Можа, і ад легенд пра Кацярыну ў нашым краі нічога не застанецца, акрамя занатаванага ў кнігах.
– А калі ў тым трактаце таксама легенда? – раптоўна пераключылася Наста, маючы на ўвазе «Обычай, анимуш а звыкливость балвохвалцев», які ўсё не даваў спакою мужу.
– Магчыма. Але мне трэба пераканацца, што сам дакумент не выдумка, – чарговым разам тлумачыў Ягор, выхопліваючы прыкметы тугі з бездані яе вачэй. – Гэта зойме ўсяго паўтыдня, мілая. Ты і міргнуць не паспееш, як твой даследчык старажытнасцей вернецца.
– Мы будзем сумаваць, – яна пагладзіла жывот.
– Сумаваць не трэба. Пастараюся рэгулярна выходзіць на сувязь. Абяцаю прывезці гасцінчык.
– Гасцінчык… – паўтарыла за ім Наста і потым на адным уздыху выдала: – Галоўны гасцінчык я ўжо атрымала ад лёсу.
Голас яе збіўся, а сама маладзіца сумелася, зразумеўшы, што выйшла неяк двухсэнсоўна і магло развярэдзіць мужу ранейшыя раны.
– Вось ты для мяне сапраўды гасцінчык, – коратка запярэчыў ён, не прыкмеціўшы выпадковай падвоенасці сэнсу ў сказаным жоначкай.
– Калі ласка, будзь там асцярожны. Кажуць, сінтатадзін і да немцаў дабраўся. Не хачу, каб ты падчапіў гэтую хваробу і перастаў жадаць ад жыцця чагосьці большага, акрамя самотнага існавання ў правінцыі каля мора ці ў маленькай горнай вёсачцы за тысячы кіламетраў ад усіх выгод цывілізацыі.